Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэранаў працы таксама могуць залічваць у «дармаеды». Што яшчэ вядома пра самагубства ў Магілёўскай вобласьці?


На мінулым тыдні Свабода пісала пра самагубства ў Магілёўскай вобласьці. Першапачаткова сваякі казалі, што адной з прычынаў быў ліст з падатковай аб сплаце збору «на дармаедзтва». Але Сьледчы камітэт выступіў з абвяржэньнем.

Самагубства не зьвязанае са зборам наўпрост, заявіў Сьледчы камітэт. Як сказала Свабодзе Аксана Салянюк, афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці, у запісцы гаворка ішла пра сямейна-побытавыя праблемы.

«Таго факту, што ён канкрэтна зьдзейсьніў суіцыд праз тое, што ён дармаед, я не пацьвярджаю, — сказала Аксана Салянюк. — У запісцы сацыяльна-побытавыя пытаньні апісваліся».

Сьледчы камітэт правёў праверку па гэтым выпадку. Экспэртыза запіскі не дала падставаў меркаваць, што чалавека нехта давёў да самагубства. Пры гэтым СК не прыводзіць тэкст запіскі цалкам.

«Матэрыялы праверак — гэта тыя ж матэрыялы крымінальных спраў. Яны маюць грыф сакрэтнасьці. Тут таксама мы ня ўсё можам прадстаўляць грамадзкасьці», — сказала Аксана Салянюк.

Свабода зьвярнулася ў падатковую інспэкцыю, якая накіроўвала ліст аб сплаце збору паводле Дэкрэту № 3. Там, аднак, адмовіліся паведаміць, ці сапраўды 60-гадовы жыхар Магілёўшчыны быў прызнаны «дармаедам». Пры гэтым у інспэкцыі патлумачылі, што званьне вэтэрана працы, якое меў нябожчык, не вызваляе ад сплаты падатку.

«Дэкрэтам не прадугледжана, што вэтэран працы ад сплаты вызваляецца. Гаворка ідзе менавіта пра фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў у 2015 годзе і наяўнасьць іншых абставінаў», — сказалі Свабодзе ў падатковай інспэкцыі.

Званьне вэтэрана працы ў Беларусі ўвогуле фармальнае. У вэтэраны залічваюцца ўсе людзі, што выпрацавалі пэнсійны ўзрост і працягваюць працу. Але гэты статус не бароніць чалавека ні ад Дэкрэту № 29 аб тэрміновых кантрактах, ні ад Дэкрэту № 3 аб сацыяльным утрыманстве.

«Гэта ня выратуе яго ад дыскрымінацыйнага незаконнага дэкрэту (Дэкрэт № 3. — РС), які парушае правы чалавека, — сказала Свабодзе Алена Яськова, юрыст Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. — Гэта ўвогуле ні на што не ўплывае, я б сказала. Фармальна, пакуль дзейнічае гэты дэкрэт, вэтэраны працы пад яго падпадаюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG