2 красавіка 2015 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомы як «падатак на дармаедзтва» або «дэкрэт аб дармаедзтве». Цяпер для тых, каго дзяржава палічыла «дармаедамі», надыходзіць час плаціць падатак: апошні тэрмін выплаты — 20 лютага 2017 году.
Свабода адказала на 11 найбольш важных пытаньняў, якія тычацца скандальнага дэкрэту.
Навошта Беларусі дэкрэт № 3?
Як заяўлялі ўлады, дэкрэт № 3 патрэбны, каб «стымуляваць працаздольных грамадзянаў да працоўнай дзейнасьці», а таксама каб «забясьпечыць іх удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў».
«Ня хочаш працаваць — заплаці сярэдні падатак», — казаў у красавіку 2015 году Лукашэнка.
Прычым ён заўсёды спасылаўся на тое, што абсалютная большасьць грамадзтва цалкам падтрымлівае дэкрэт.
«Таму што, напэўна, ня вельмі, калі ты працуеш з раніцы да вечара і глядзіш, каб сям’ю накарміць, апрануць і гэтак далей, а некаторыя, наогул не напружваючыся, на „Лексусах“, „БМВ“, „Мэрсэдэсах“ разьяжджаюць, не выплачваючы нават капейкі падаткаў у дзяржаўную казну. У паліклініку, школу, дзіцячы сад, яшчэ кудысьці — яны першымі. Дык там таксама грошы, гэта ж пабудавана за грошы людзей. Таму ўсе павінны несьці адпаведную нагрузку», — казаў Лукашэнка.
Як стаць дармаедам?
Каб вас прызналі дармаедам, трэба быць працаздольным грамадзянінам, які пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і ня мець пры гэтым афіцыйнага працаўладкаваньня ў каляндарным годзе на працягу як мінімум 183 дзён. У такім выпадку грамадзянін мусіць заплаціць падатак у памеры 20 базавых велічынь.
Дэкрэт пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2016 году.
Што такое «лісты шчасьця»?
«Лістамі шчасьця» ў народзе сталі называць лісты ад падатковай інспэкцыі з прапановай сплаціць «падатак на дармаедзтва» або патлумачыць, на падставе чаго вы маеце права не плаціць гэты збор. Дакумэнты, якія вызваляюць ад выплаты «падатку на дармаедзтва», трэба прадставіць у падатковую на працягу 40 дзён з моманту адпраўкі абвесткі (праз 10 дзён абвестка аўтаматычна лічыцца ўручанай, і яшчэ 30 дзён застаецца на тое, каб паразумецца з падатковай).
Калі такіх дакумэнтаў няма, то трэба плаціць збор. Апошні тэрмін выплаты — 20 лютага 2017 году.
Што пагражае тым, хто не сплаціў «падатак на дармаедзтва»?
За нявыплату «падатку на дармаедзтва» будуць штрафаваць і арыштоўваць (ч. 10 арт. 13.6 КаАП). Спачатку грамадзяніна абяцаюць выклікаць у падатковую, дзе складуць пратакол. Калі хто ня зьявіцца, яго будуць шукаць зь міліцыяй.
«Дармаеду» могуць даць штраф на суму ад 2 да 4 базавых, а могуць арыштаваць на тэрмін да 15 сутак. У выпадку арышту «дармаеда» будуць прыцягваць да грамадзка-карысных працаў (месьці вуліцы, прыбіраць сьмецьце або зьбіраць камяні на палях). Іх могуць прымушаць працаваць да 8 гадзін на дзень і да 40 гадзін на тыдзень, а плаціць за гэта не абавязаныя. Арышт і яго наступствы вызваляюць ад выплаты падатку.
Пры гэтым штраф ад выплаты падатку не вызваляе.
У красавіку 2015 году тагачасны міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна казала, што дармаедам могуць таксама абмежаваць выезд за мяжу, але як будзе дзейнічаць гэтая працэдура, не ўдакладнялася. На сёньняшні дзень ні пад адміністратыўны перасьлед, ні пад іншыя абмежаваньні за «дармаедзтва» ніхто яшчэ не падпаў.
Хто можа не плаціць збор?
Закон утрымлівае пералік выпадкаў, калі грамадзянін ня будзе лічыцца дармаедам. Сярод іх, у прыватнасьці:
— салдаты тэрміновай службы;
— творчыя супрацоўнікі (але толькі тыя, што афіцыйна зьяўляюцца сябрамі таго ці іншага творчага саюзу);
— найманыя работнікі, што працуюць на сэзонных працах, сьпіс якіх зацьвярджае Саўмін;
— студэнты, пэнсіянэры, часова непрацаздольныя і інваліды;
— адвакаты, натарыюсы і тыя, хто мае асабістую гаспадарку ў сельскай мясцовасьці (але пры ўмове выплаты падаходнага падатку);
— тыя, хто выконвае работы паводле грамадзянска-прававой дамовы;
— адзін з бацькоў у сям’і, дзе выхоўваецца дзіця да 7 гадоў або дзіця-інвалід да 18 гадоў, трое і больш непаўналетніх дзяцей.
Ці можна замест «дармаеда» стаць «афіцыйна беспрацоўным»?
Тыя, хто стаіць на ўліку па беспрацоўі, вызваляюцца ад выплаты падатку, але штучна ўхіляцца ад статусу «дармаеда» праз статус «афіцыйна беспрацоўнага» ня ўдасца.
Паводле заканадаўства, каб страціць афіцыйны статус беспрацоўнага, дастаткова двойчы адмовіцца ад прапанаванай працы ці перакваліфікацыі або проста не зьяўляцца ў службу занятасьці на працягу трох месяцаў (пры гэтым 3-месячны пэрыяд, на працягу якога чалавек лічыўся афіцыйна беспрацоўным, анулюецца).
Ці можна стаць «дармаедам», калі знаходзісься за мяжой?
Ад выплаты «падатку на дармаедзтва» вызваляюцца грамадзяне, якія звыш 183 дзён на год знаходзіліся за мяжой (жылі, вучыліся, працавалі), але трэба мець дакумэнтальныя пацьверджаньні гэтага факту.
Доказы свайго жыцьця за мяжой можна прадставіць як асабіста, так і праз электронны зварот на сайце Міністэрства па падатках і зборах.
Чым можа быць заменены падатак на дармаедаў?
Падатак на дармаедаў можа быць заменены звычайным падаткам зь фізычных асобаў.
Грамадзяне вызваляюцца ад выплаты збору, калі яны мелі даходы і заплацілі падаткі, напрыклад, падаходны падатак зь фізычных асобаў, у памеры 20 базавых велічынь і больш. Пры выплаце падаткаў у памеры менш за 20 базавых велічынь сума збору зьмяншаецца на суму выплачаных падаткаў.
Ці можна даказаць, што ты не «дармаед»?
Атрыманьне «ліста шчасьця» — яшчэ не прысуд. Грамадзянін мае права падаць у падатковую дакумэнты або тлумачэньні (асабіста або праз электроны зварот), якія сьведчаць пра адсутнасьць у яго абавязку па выплаце збору.
Шырока вядомыя выпадкі, калі падатковыя органы робяць абсурдныя памылкі — напрыклад, прызнаюць «дармаедамі» людзей, якія ўжо даўно памерлі.
Калі падатковы інспэктар праігнараваў аргумэнты грамадзяніна, можна падаваць скаргу ў электронным ці ў пісьмовым выглядзе на імя кіраўніка інспэкцыі, у вышэйшую падатковую інспэкцыю і, нарэшце, у суд у парадку закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» са скаргай на дзеяньні дзяржаўных органаў і службовых асоб.
На пачатку сьнежня 2016 году прадстаўніца Міністэрства падаткаў і збораў Марына Побаль заявіла, што падатковая накіравала апавяшчэньні пра неабходнасьць сплаціць «падатак на дармаедзтва» больш як 70 тысячам грамадзянаў Беларусі, але 15 тысяч грамадзян ужо даказалі сваё права не плаціць падатак. Калі верыць чыноўніцы, выходзіць, што падатковая памыляецца ў кожным пятым выпадку.
Колькі «дармаедаў» знайшла дзяржава?
У 2014 годзе Міністэрства эканомікі ацэньвала колькасьць «дармаедаў» у 404 тысячы чалавек, у 2015 годзе Белстат налічыў 413 тысяч.
21 сьнежня ў Міністэрстве падаткаў і збораў заявілі, што выслана было больш за 240 тысяч апавяшчэньняў пра неабходнасьць сплаціць «падатак на дармаедзтва». На пачатку 2017 году газэта «Советская Белоруссия» пісала пра 252 тысячы апавяшчэньняў. Колькі з гэтых 252 тысяч чалавек ужо даказалі ці яшчэ дакажуць, што маюць права не плаціць падатак, — невядома.
Паводле апошніх дадзеных, выплацілі падатак больш за 16 тысяч беларусаў. Бюджэт атрымаў амаль 4,9 мільёна дэнамінаваных рублёў.
Хто патрабаваў адмяніць дэкрэт № 3?
З заклікам адмяніць «падатак на дармаедаў» выступалі шматлікія палітычныя і грамадзкія арганізацыі як у Беларусі, так і за мяжой.
Праваабаронцы лічаць, што дэкрэт № 3 парушае Канстытуцыю Беларусі і міжнародныя дамовы краіны. Сярод парушэньняў — ня толькі новая форма прымусовай працы, але і замах на права і абавязак грамадзян выхоўваць дзяцей і клапаціцца аб састарэлых бацьках, сур’ёзныя абмежаваньні на абарону пэрсанальных дадзеных і прыватнага жыцьця і перавышэньне паўнамоцтваў з боку прэзыдэнта.
З моманту прыняцьця дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» некалькі разоў зьяўляліся ініцыятывы па зборы подпісаў за яго адмену. Так, жыхар Гомеля Віталь Юрчанка зьбіраў подпісы ў байнэце праз плятформу change.org і ўжо за першыя 10 дзён набраў амаль 23 тысячы подпісаў. 15 студзеня 2016 году актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) перадалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю 10 тысяч подпісаў за адмену «дэкрэту аб дармаедах».
Нарэшце, з заклікам да Лукашэнкі адмяніць дэкрэт зьвярнулася ўчора дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. «Дэкрэт аб дармаедах «павінен быць безумоўна адменены ў самы бліжэйшы час. Без усялякіх агаворак, дапрацовак і г.д. Адменены і кропка!», — патлумачыла яна сваю пазыцыю.