Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гара нарадзіла мыш: дэкрэт аб дармаедах — малаэфэктыўны


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Глод: Дэкрэт прэзыдэнта Беларусі «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» захаваюць, але выяўленыя ў дакумэнце недахопы ліквідуюць. Так вырашылі на спэцыяльнай нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла 6 сьнежня.

Гэты дэкрэт, адразу ж пасьля яго зьяўленьня ў народзе, ахрысьцілі дэкрэтам супраць дармаедаў. Такая рэакцыя дайшла і да кіраўніка дзяржавы, які ўчора сам расказаў пра гэта. Прычым Лукашэнка нават пагадзіўся, што ў гэтым сапраўды нешта ёсьць. А паколькі ён надзвычай тонка адчувае настрой людзей, то і публічна заявіў: з народам спрачацца ня трэба.

Аднак ад самога дэкрэту прэзыдэнт пазбаўляцца ня будзе. Маўляў, праблема сацыяльнага ўтрыманства надзвычай складаная. І галоўную мэту дакумэнта — абавязковы ўдзел кожнага жыхара Беларусі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў — ніхто адмяняць ня будзе. Прычым Лукашэнка прызнаў: нават некаторыя чыноўнікі шмат крытыкавалі дакумэнт і прапаноўвалі «ледзьве не адмовіцца ад гэтага дэкрэту». Напрыклад, месяц таму першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч на Кастрычніцкім эканамічным форуме заявіў, што ўвядзеньне падатку на дармаедзтва было самым простым, але ня самым эфэктыўным крокам.

Намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч на Кастрычніцкім эканамічным форуме заявіў, што ўвядзеньне падатку на дармаедзтва было самым простым, але ня самым эфэктыўным крокам.

Згаданы дэкрэт зьявіўся 2 красавіка 2015 году. Ён абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (420 дэнамінаваных рублёў).

Зьяўленьню дэкрэта папярэднічала абмеркаваньне самой ідэі. Тады, калі актыўна абмяркоўвалася неабходнасьць увядзеньня такога падатку, прадстаўнікі ўлады заяўлялі, што ў краіне налічваецца амаль паўмільёна гультаёў. А што мы маем насамрэч? Высьветлілася, што Міністэрства па падатках і зборах, якое гэтым займаецца, накіравала ўсяго каля 70 тысяч паведамленьняў на выплату збору. А ў бюджэт дадзенага збору паступіла толькі крыху больш за 2,5 мільёна рублёў.

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук лічыць, што ўчора ўлады не знайшлі канструктыўнага рашэньня. На ягоную думку, адзінае правільнае рашэньне — ня ўносіць касмэтычныя праўкі, а адмяняць антыканстытуцыйны дэкрэт аб дармаедзтве. У адваротным выпадку, разам зь Міжнароднай арганізацыяй працы і Міжнароднай канфэдэрацыяй прафсаюзаў, незалежныя прафсаюзы Беларусі будуць шукаць новыя рычагі ціску на беларускія ўлады, каб прымусіць іх аднавіць правы працоўных у краіне. Дарэчы, тут самы раз дадаць, што сёлетняя чэрвеньская Міжнародная канфэрэнцыя працы разглядала пытаньне аб выкананьні Беларусьсю асноватворнай Канвэнцыі МАП № 29 «Аб недапушчэньні прымусовай працы». І ў сваім заключэньні запатрабавала прывесьці ўнутранае заканадаўства, у тым ліку і дэкрэт аб дармаедзтве, у адпаведнасьць з Канвэнцыяй. У чэрвені наступнага году МАП вернецца да гэтага пытаньня.

Замест абяцаных соцень мільёнаў даляраў бюджэт папоўніўся некалькімі сотнямі тысяч, якія відавочна значна менш за панесеныя дзяржавай выдаткі на авантуру з пошукам гультаёў.

Складаецца ўражаньне, што дэкрэт так і не запрацаваў. Атрымліваецца, што гара нарадзіла мыш. Замест паўмільёна дармаедаў фіскальныя органы адшукалі амаль у 10 разоў менш. Да таго ж і гэтая лічба можа скараціцца, паколькі пэўная частка людзей зможа даказаць, што яны не дармаеды. Замест абяцаных соцень мільёнаў даляраў бюджэт папоўніўся некалькімі сотнямі тысяч, якія відавочна значна менш за панесеныя дзяржавай выдаткі на авантуру з пошукам гультаёў. Дык чаму, калегі, ведаючы пра гэта, Лукашэнка не адмяніў дэкрэт, а толькі загадаў яго адкарэктаваць?

Гурневіч: Думаю, што любыя грошы ў дзяржаўным бюджэце — плюс, таму калі гэта будзе хоць нейкая лічба ў якой адзін-два нулі, то гэта ўжо для Беларусі важна рабіць. Насамрэч у правінцыі, бывае, вылічваюць з заробкаў людзей нязначныя грошы, капейкі на нейкія арганізацыйныя пытаньні, грошы невядома на што ідуць — напрыклад, на нейкія мерапрыемствы, якія ніколі не адбываюцца, але для дзяржавы — гэта зь мільёнаў людзей, можна нейкую дзірку залатаць.

Для Лукашэнкі абсалютна відавочна, што трэба не агулам сыстэму выпраўляць, а толькі «тушыць лясныя пажары» лапінкамі. Гэты закон, які б ён ні быў неэфэктыўны, гэтую функцыю выконвае. Ён таксама палохае людзей, што нельга расслабляцца, так хоча ад вас дзяржава. Тое, што закон будзе неэфэктыўным, было ад самага пачатку вядома. Наш народ увогуле вельмі кемлівы, і абысьці нейкі закон — гэта, як кажуць, раз плюнуць. Адмяніць — гэта было б як прызнаць уласную слабасьць, што для Лукашэнкі вельмі нехарактэрна. Таму нават калі будзе плаціць і тысяча людзей — закон усё роўна застанецца толькі таму, што імідж Лукашэнкі як tough guy, які не пахісьнецца ні перад чым, павінен захоўвацца, і гэты закон мае нават нейкае прапагандысцкае значэньне. Ягоны складнік грашовы ня будзе мець значэньня.

Улады разумеюць, што даходы насельніцтва падаюць, і людзям няма чым плаціць. І таму гэтыя папраўкі — у пэўным сэнсе кансэнсус, які дазваляе аднаго зрабіць сытым, а другога пакінуць жывым.

Канешне, можна будзе павысіць эфэктыўнасьць, калі прыдумаць чарговы закон альбо ўдакладненьне, што за неаплату гэтага падатку можа быць якое турэмнае зьняволеньне. Але, думаю, улады таксама разумеюць, што даходы насельніцтва падаюць, гэта ўжо адкрытая статыстыка, і людзям няма чым плаціць. І таму гэтыя папраўкі — у пэўным сэнсе кансэнсус, які дазваляе аднаго зрабіць сытым, а другога пакінуць жывым. Беспрацоўе будзе, канешне, павышацца далей. Людзі шукаюць працу ў замежжы, згаджаюцца нават на самую танную працу. Адзін мой знаёмы ня мае працы ў Беларусі, але ўладкаваўся проста качагарам на адно з прадпрыемстваў. Гэта такая праца, калі трэба прыйсьці раз на 15 хвілін раніцай і вечарам праверыць. Заробак ніжэйшы, чым у той даяркі. Але ёсьць праца, ёсьць паперка, і дармаедам ужо ня лічысься. Таму адказ на гэтае пытаньне просты: калі каэфіцыент карыснага дзеяньня чагосьці для ўлады большы, чым проста нуль, гэта ўжо мае права на існаваньне. А адрэгуляваць заўсёды можна.

Цыганкоў: Зь нейкага боку ўлада нават выклікае павагу за сваю настойлівасьць і пасьлядоўнасьць. Нягледзячы на тое, што гэты дэкрэт выклікаў нэгатыўную рэакцыю значнай часткі грамадзтва, яны вырашылі яго не адмяняць, а дапрацаваць.

Няма дакладных сацыялягічных дадзеных наконт незадавальненьня гэтым законам, тут усё таксама неадназначна. Мы жывем у сфэры незалежных СМІ і сацыяльных сетак — там, канешне, гэтую ідэю пляжаць і сьмяюцца зь яе. Але я сустракаў і такія думкі сярод так званых простых людзей, якія працуюць на заводах, чыноўнікамі, што значная частка народу гэты дэкрэт можа падтрымліваць. Чаму гэта мы працуем і атрымліваем няшмат, а людзі, якія нідзе не працуюць, купляюць сабе машыну ці езьдзяць у замежжа адпачываць? Натуральна, што размова ідзе пра шэрыя даходы альбо зусім чорныя, нелегальныя. І вось дзяржава паспрабавала накласьці лапу на гэтыя даходы.

На гэты момант загадка — дзе гэты мільён ходзіць, які не прымае ўдзел у беларускай гаспадарцы, але і не афіцыйна беспрацоўны?

Хачу ўдакладніць, бо часам у нас зьмешваюцца паняцьці «дармаед» і «беспрацоўны». Якраз дзяржава хоча, каб больш гэтых дармаедаў, людзей, якія нідзе не зафіксаваныя ў эканоміцы, зарэгістравалася на біржы працы. Каб яны трапілі ў дзяржаўныя праграмы, у статыстыку, бо на гэты момант загадка — дзе гэты мільён ходзіць, які не прымае ўдзел у беларускай гаспадарцы, але і не афіцыйна беспрацоўны? Безумоўна, гэты мільён альбо за мяжой, альбо знаходзіцца ў шэрым сэктары эканоміцы, то бок нейкім чынам зарабляе, магчыма, у гаражах чыніць машыны падпрацоўвае на нейкіх будоўлях.

Калі часам параўноўваюць з краінамі Захаду, дзе беспрацоўным даюць толькі дапамогу, то ня ўсё добра і на тым Захадзе. Гэта сапраўднае дармаедзтва, калі людзі прывыклі жыць на сацыяльную дапамогу і нічога не рабіць. Зараз пра гэта ідзе дыскусія, людзі супраць гэтага галасуюць.

Таму нязграбныя спробы беларускай дзяржавы ўсё-такі можна патлумачыць. Але гэта няправільна — трэба было рабіць эканамічныя рэформы, ствараць умовы для прадпрымальніцтва, каб людзі змаглі туды прыйсьці альбо легалізавацца і плаціць падаткі дзяржаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG