Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі заўсёды знойдуцца людзі, гатовыя забясьпечваць расейскія інтарэсы»


Ці сапраўды Расея імкнецца да поўнага вайскова-палітычнага кантролю над Беларусьсю і што яна гатовая зрабіць дзеля гэтага? Як ва ўмовах пагрозы сувэрэнітэту павінна ставіцца да ўлады апазыцыя і грамадзянская супольнасьць? Ці ёсьць у Беларусі палітыкі, больш прарасейскія за Аляксандра Лукашэнку? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць аналітык Арсень Сівіцкі і публіцыст Ігар Драко. Зь імі гаварыў Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Цэнтар палітычных і замежнапалітычных дасьледаваньняў (Юры Царык, Арсень Сівіцкі) у пачатку гэтага году апублікаваў новы даклад аб беларуска-расейскіх дачыненьнях. Ён мае назву «Аднабаковыя дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі ў адносінах Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе» Папярэдні іх даклад «Беларусь у кантэксьце супрацьстаяньня Расея—НАТО» нарабіў шмат шуму ў расейскай мэдыяпрасторы, а аўтараў пачалі абвінавачваць у русафобіі і пагражаць турмой. У новым дакладзе экспэрты заяўляюць, што цягам першых дзесяці месяцаў 2017 году Расея паспрабуе забясьпечыць поўны вайскова-палітычны кантроль над Беларусьсю.

Арсень, якая ў вас доказная база рабіць такія высновы?

Сівіцкі: Мы назіраем апошнія 2 гады мэтадычнае ўзмацненьне ціску на РБ, яе кіраўніцтва — у эканамічнай, вайскова-палітычнай і нават у інфармацыйнай сфэрах. На жаль, мы вымушаныя разглядаць нэгатыўны, канфліктны сцэнар — у выпадку, калі гэтая напружанасьць будзе ўзрастаць.

Расея на сёньня плянуе ператварыць Беларусь у свой вайскова-палітычны пляцдарм, каб далей рэалізоўваць стратэгію эскаляцыйнага дамінаваньня ў адносінах з Захадам дзеля пэўных геапалітычных мэтаў. Альбо гэта падрыў салідарнасьці ўнутры Эўразьвязу і НАТО, альбо гэта заключэньне так званай вялікай геапалітычнай угоды з новым кіраўніцтвам ЗША.

Дзеля гэтага Беларусь і патрэбна Крамлю. Відавочна, аднак, што Менск працівіцца гэтаму, не жадае, каб на нашай тэрыторыі зьявілася расейская вайсковая прысутнасьць. І гэта стварае напружаны фон у адносінах паміж Менскам і Масквой, але разам з тым падштурхоўвае Крэмль разглядаць магчымасьць жорсткіх сцэнароў, якія разглядаюць нават магчымасьць зьмены ўлады ў Беларусі.

Цыганкоў: Вы заяўлялі, што Расея будзе спрабаваць дэстабілізаваць становішча ў Беларусі яшчэ падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Вы ўвесь час выступаеце зь нейкімі алярмісцкімі папярэджаньнямі, а яны ня спраўджваюцца. Вобразна кажучы, вы крычыце «воўк, воўк», а воўк усё не прыходзіць.

Сівіцкі: Але ж мы ж бачым, што ціск узмацняецца. Калі мінулы год мы пачыналі толькі зь некаторых эканамічных праблем, то цяпер маем некалькі крызісаў — гандлёвыя войны, нафтагазавы крызіс, транзытны і памежны крызіс. Існуе вялікі ўзровень недаверу паміж Менскам і Крамлём, і гэта зрабілася яшчэ больш відавочна пасьля дэмаршу Аляксандра Лукашэнкі, які не паехаў на саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Але трэба адзначыць, што Менск тут — не пасіўны назіральнік. Калі казаць, што робіць Беларусь у процістаяньні гэтаму ціску — то за апошнія два гады зроблена шмат.

Цыганкоў: Ігар Драко, вы таксама лічыце, што Расея ўзмацняе свой ціск і вымушае беларускае кіраўніцтва гэтаму супраціўляцца?

Драко: Паміж Беларусьсю і Расеяй ужо было столькі крызісаў — усе яны неяк вырашаліся. Мне цяжка заўважыць нейкі палітычны і вайсковы ціск. Шмат казалі пра імавернасьць разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Беларусь уперлася, Расея кажа — ня хочаце, ну і ня будзем разьмяшчаць.

Потым Расея ўмяшалася ў сырыйскі канфлікт. І што, яна прымусіла Беларусь ваяваць разам, «пайшлі мачыць разам джыгадыстаў»? Нічога гэтага няма. Па-ранейшаму Расея закупляе ў нас гэтыя плятформы Менскага заводу колавых цягачоў. Палітычна Масква супрацоўнічае з тымі ўладамі, якія тут ёсьць.

Эканамічна Масква проста пачала дзейнічаць іначай. Раней яны лічылі, што гэты саюзьнік ім вельмі моцна патрэбны. А цяпер проста кажуць — «падпісалі, пагадненьні — выконвайце». Калі не выконваеце, то і мы будзем прымаць нейкія захады. Ня хочаце плаціць — абмяжуем вам пастаўкі нафты. Лукашэнку гэта абразіла — як так, я ж заўсёды ў гэтых спрэчках пераможца. Але цяпер Масква пераходзіць на больш прагматычны стыль адносінаў.

Таму калі Масква затрымлівае чарговы транш або злавіла беларускія крэвэткі ці мяса з Польшчы пад беларускім сьцягам — гэта не азначае, што Пуцін вырашыў зьмяніць Лукашэнку. Гэта проста азначае, што саюзьнік Масквы паводзіць сябе ня вельмі прыстойна.

Цыганкоў: Вось, дарэчы, наконт «зьмяніць Лукашэнку». Гэты тэзіс у тым ліку таксама прагучаў у дакладзе Сівіцкага-Царыка. Здаецца, дыскусія на гэтую тэму ўжо адгучала ў пачатку гэтага году, у тым ліку на хвалях Свабоды, і большасьць аргумэнтаў прагучала. Арсень, няўжо яны вас не пераканалі?

Сівіцкі: Мы разглядаем дзьве опцыі. Першая зьвязаная з тым, што Расея будзе арганізоўваюць стратэгію ціску на Беларусь, і гэта вымусіць Менск пайсьці на тыя ўмовы, якія Расея агучвае даволі ультыматыўна. Яны найперш зьвязаныя з расейскай вайсковай прысутнасьцю на тэрыторыі Беларусі.

Пра памеры гэтай прысутнасьці можна ўскосна меркаваць па лічбе вагонаў, якую заплянавала Міністэрства абароны Расеі для паставак на тэрыторыю Беларусі у 2017 годзе. Гэта 4162 вагоны. У параўнаньні з вучэньнямі «Захад-2013» гэта ў 20 разоў болей.

Беларусь цяпер не зацікаўленая ў правядзеньні такіх маштабных вучэньняў на сваёй тэрыторыі. Да таго ж вайскова-палітычная сытуацыя ў рэгіёне не адпавядае таму, каб праводзіць такія акцыі.

Ёсьць і другі сцэнар. Правесьці зьмену ўлады і прывесьці тую палітычную сілу або асобу, якая забясьпечыць поўны вайскова-палітычны кантроль з боку Крамля над тэрыторыяй Беларусі.

Цыганкоў: А што — ёсьць у Беларусі такія сілы, якія гатовыя на гэта пайсьці?

Сівіцкі: Вядома, ёсьць, але мы тут ня будзем усе карты выкладаць.

Цыганкоў: Можа, калі б вы іх назвалі — іх заўтра ўжо б арыштавалі?

Сівіцкі: У нас ёсьць яшчэ закрытая вэрсія дакладу. Але ўзгадайце дыскусію вакол стварэньня расейскай авіябазы. Паглядзіце, хто як казаў, якія меркаваньні выказваў. Я маю на ўвазе розных аналітыкаў, дзяржаўных перш за ўсё. На самой справе заўсёды знойдуцца людзі, гатовыя забясьпечваць расейскія інтарэсы, асабліва калі гэтую групу будуць рэсурсна падтрымліваць з Крамля.

Цыганкоў: Ігар, вы займаецеся палітыкай. Уваходзіце ў кампанію «Гавары праўду». Аляксандар Лукашэнка для вас палітычны апанэнт, і вы хочаце замест яго прыйсьці да ўлады. Але што павінен рабіць беларускі апазыцыянэр, калі паўстае пагроза сувэрэнітэту?

Драко: Можна, вядома, прыдумляць шмат сцэнароў, і што зараз расейскія танкі будуць пад Менскам ці пад маім роўным Іўем. І адказ апазыцыянэра тут загадзя вядомы — «так, на той час, калі сувэрэнітэт пад пагрозай, мы павінны забыцца на рознагалосьсі і разам супрацьстаяць замежнаму агрэсару».

Але такога адказу ня можа быць. Бо пагрозы сувэрэнітэту цяпер няма. А калі яна і будзе, то вінаватыя ў гэтым будуць вінаватыя цяперашнія беларускія ўлады.

Лукашэнка ў выступе перад Калядамі пачынае казаць, што «нехта там хоча нас прынізіць». Хто гэты «нехта»? Гэта як Арсень казаў, што ёсьць яшчэ больш прарасейскія за Лукашэнку людзі, якія гатовыя ўзяць уладу, але я вам не скажу, хто гэта такія. Няма такой праблемы?

Цыганкоў: Ігар, ну чаму няма? Паводле сацыялёгіі, у нас больш за палову беларусаў падтрымлівае «крымнаш» і дзеяньні Расеі ў Данбасе. Чаму б не дапусьціць, што сярод іх могуць зьявіцца палітыкі, якія будуць яшчэ больш прарасейскія за Лукашэнку?

Драко: Гэта яны падтрымліваюць дзеяньні Расеі недзе там, ва Ўкраіне. Але калі спытаць у іх, ці згодныя вы з тым. каб расейскія войскі прыйшлі ў Беларусь і забралі частку нашай тэрыторыі? Вядома, яны кажуць, што яны супраць. Уявіць сабе палітыка ў Беларусі, які скажа, што «давайце, прыходзьце, забірайце нас, часткай ці цалкам?» Чым ён зьбіраецца кіраваць, гэты палітык, калі ён заявіць, што Беларусь павінна ўваходзіць у Расею? Куды ён будзе выбірацца з такой праграмай? Гэта проста немагчыма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG