Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пад экстрадыцыйным арыштам утрымліваюцца 11 расейскіх добраахвотнікаў, пра беларусаў — інфармацыі няма


Алег Пятрэнка, Яўген Камісар і расейскі добраахвотнік на канфэрэнцыі адносна прававога статусу замежнікаў
Алег Пятрэнка, Яўген Камісар і расейскі добраахвотнік на канфэрэнцыі адносна прававога статусу замежнікаў

Праваабаронца Харкаўскай праваабарончай групы Барыс Захараў заяўляе, што 11 расейскіх добраахвотнікаў, якія змагаліся на баку Ўкраіны на Данбасе ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў, утрымліваюцца пад арыштам у чаканьні экстрадыцыі ў Расею.

«Цяпер ёсьць 11 справаў супраць асобаў, грамадзян Расеі, частка зь іх утрымліваецца пад экстрадыцыйным арыштам, частка — або пад хатнім арыштам, альбо пад асабістымі абавязаньнямі, бо максымальны тэрмін экстрадыцыйнага арышту — 12 месяцаў — ужо закончыўся, і іх зьбіраюцца выдаваць у Расею», — сказаў Барыс Захараў сёньня ў часе канфэрэнцыі адносна прававога статусу замежнікаў, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе на баку Ўкраіны.

Праваабаронца Харкаўскай праваабарончай групы Барыс Захараў
Праваабаронца Харкаўскай праваабарончай групы Барыс Захараў

У прыватнасьці, праваабаронца ўдакладніў, што двое расейскіх валянцёраў з батальёну Ісы Мунаева цяпер у Запарожжы ў чаканьні суду. «Гэта абсалютна недапушчальна, таму ў заканадаўства трэба ўводзіць забарону на экстрадыцыю такіх асоб, і галоўнае — рэфармаваць сыстэму наданьня прытулку ва Ўкраіне», — мяркуе Барыс Захараў.

У сваю чаргу юрыст добрахвотніцкага батальёну «Азоў» Яўген Камісар паведаміў, што ня мае інфармацыі пра магчымыя факты ўтрыманьня беларусаў-добраахвотнікаў пад экстрадыцыйным арыштам ва Ўкраіне. «Што тычыцца добраахвотнікаў, якія ваявалі ў складзе батальёну „Азоў“, то такіх фактаў няма. Хаця ў нас было больш за 10 беларусаў», — удакладніў ён.

Народны дэпутат Украіны Алег Пятрэнка прызнаў наяўнасьць праблемы ва Ўкраіне зь легалізацыяй замежных грамадзян-добраахвотнікаў і паведаміў, што яшчэ ў лістападзе 2015 году ў Вярхоўнай Радзе зарэгістраваны законапраект пра спрошчаную сыстэму наданьня грамадзянства або права на пражываньне ва Ўкраіне замежнікам, якія бралі ўдзел у абароне тэрытарыяльнай цэласьці краіны. «Гэты дакумэнт ужо прайшоў абмеркаваньне ва ўсіх камітэтах парлямэнту, ёсьць экспэртнае заключэньне, то бок ён ужо падрыхтаваны для разгляду на сэсіі. Мы спадзяемся, што законапраект будзе ўнесены ў парадак дня парлямэнту», — дадаў дэпутат.

«Шмат хто трапіў у пастку, гэта тычыцца грамадзян Расеі, Грузіі і Беларусі — краін, зь якіх было найбольш тых, хто ваяваў за Ўкраіну. Цяпер яны ня маюць магчымасьці вярнуцца на радзіму, кожны ў сваю краіну, бо там іх чакае перасьлед, але разам з тым, знаходзячыся ва Ўкраіне, яны таксама ня маюць ніякіх правоў, ня маюць магчымасьці атрымаць грамадзянства і шмат іншых складанасьцяў. Грамадзянства Ўкраіны — гэта мара для кожнага з гэтых хлопцаў, хто ваяваў за Ўкраіну. Яны ня хочуць прэфэрэнцый... Яны проста хочуць пашпарт той краіны, за якую яны ваявалі і хавалі сваіх пабрацімаў», — перакананы Алег Пятрэнка.

Народны дэпутат Украіны Алег Пятрэнка
Народны дэпутат Украіны Алег Пятрэнка

Народны дэпутат таксама адзначыў, што генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка паабяцаў не выкарыстоўваць мэханізм экстрадыцыі ў дачыненьні да замежнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны. «Пакуль няма прыкладаў, каб на запыт Расеі ці Беларусі Ўкраіна выдавала тых, хто са зброяй у руках абараняў Украіну. Так, пакуль заканадаўствам гэта не ўрэгулявана. Але Юры Луцэнка мяне запэўніў, што такога ня будзе. Я разумею, што гэта ўсяго толькі вуснае абяцаньне, але пакуль не прыняты адпаведны закон, мы працуем у індывідуальным парадку, у нейкіх канкрэтных сытуацыях», — дадаў Алег Пятрэнка.

Як паведамляла Радыё Свабода, у ліпені 2016 году беларускія добраахвотнікі пачалі атрымліваць пасьведчаньні на часовае пражываньне ва Ўкраіне.

Ва Ўкраіне ўхвалены закон, які дазваляе ў спрошчаным парадку атрымліваць украінскае грамадзянства тым замежнікам, якія толькі зьбіраюцца ехаць ва Ўкраіну для службы ў войску. Але тыя, хто ўжо ваяваў у складзе добраахвотніцкіх батальёнаў, па-ранейшаму застаюцца па-за законам. У красавіку 2016 году замежнікі, якія ваявалі на Данбасе на ўкраінскім баку, зьвярнуліся да ўкраінскіх уладаў з просьбай або надаць ім грамадзянства Ўкраіны, або ўвесьці эмбарга на прымусовую дэпартацыю да заканадаўчага ўрэгуляваньня іхнага статусу ва Ўкраіне.

На цяперашні час украінскае грамадзянства атрымалі толькі двое беларусаў-добраахвотнікаў. Дакладная колькасьць беларусаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе, невядомая. Паводле розных ацэнак, у складзе добраахвотніцкіх батальёнаў на пачатку 2014 году змагаліся ад ста до адной тысячы беларусаў.

Паводле Крымінальнага кодэксу рэспублікі Беларусь, удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяньнях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл варожых бакоў і дзейнічае ў мэтах атрыманьня матэрыяльнага ўзнагароджаньня без ўпаўнаважаньня дзяржавы, грамадзянінам якой яна зьяўляецца або на тэрыторыі якога пастаянна пражывае (найміцтва), караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG