У Міністэрстве абароны ЗША пацьвердзілі, што ў Курскай вобласьці Расеі знаходзіцца ад 10 да 12 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, і калі яны ўступяць у бой, то стануць законнымі мішэнямі для ўкраінскага войска.
«Гэтыя лічбы могуць павялічыцца ў пераліку на агульную колькасьць войскаў КНДР у Расеі. Мы бачылі паведамленьні прэсы пра нібыта баявыя дзеяньні. Мы разглядаем іх, але на цяперашні момант ня можам пацьвердзіць гэтых паведамленьняў», — сказаў прэсавы сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр.
У той жа час ён ня змог пацьвердзіць паведамленьні аб абмежаванай колькасьці паўночнакарэйскіх войскаў на акупаваных тэрыторыях на ўсходзе Ўкраіны.
Пэт Райдер адзначыў, што ў першыя дні курскай апэрацыі Ўкраіны расейцы намагаліся выціснуць украінцаў назад, але пераважна ім гэтага не ўдалося — украінскае войска адваявала некаторыя дадатковыя тэрыторыі, хоць гэта і нельга назваць значным.
«Таму разьмяшчэньне гэтых дадатковых 10-12 тысяч вайскоўцаў у Курску, безумоўна, зьяўляецца нечым, з пункту гледжаньня баяздольнасьці, што можа мець вялікае значэньне, але шмат што будзе залежаць ад таго, як гэтыя сілы будуць выкарыстаныя, як яны будуць інтэграваныя ў расейскае камандаваньне», — дадаў ён.
Паводле яго, усё паказвае на тое, што паўночнакарэйскія вайскоўцы будуць забясьпечваць нейкі тып вядзеньня бою або баявой падтрымкі. Расейцы перадалі паўночнакарэйскім войскам расейскую форму і рыштунак.
Кіраўніца МЗС КНДР знаходзіцца зь візытам у Маскве
На тле паведамленьняў аб перакіданьні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расею ў Маскву зь візытам прыбыла міністарка замежных спраў КНДР Сон Хі.
Увечары 4 лістапада ў Крамлі паведамілі, што яе прыняў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. У той жа час у афіцыйным паведамленьні адсутнічае стэнаграма пачатку іхнай сустрэчы, як гэта традыцыйна робіць прэсавая служба Крамля ў выпадку сустрэч Уладзіміра Пуціна з замежнымі прадстаўнікамі.
Перад гэтым Цэнтар супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны з спасылкай на выданьне Паўднёвай Карэі паведаміў, што Паўночная Карэя перакінула сваіх вайскоўцаў у Расею ў абмен на яе дапамогу ў вырашэньні фінансавага і харчовага крызысу ў КНДР. Выданьні паведамлялі, што Расея будзе выплочваць кожнаму паўночнакарэйскаму вайскоўцу прыблізна 2 тысячы даляраў, а таксама перадасьць Пхэньяну касьмічныя тэхналёгіі і кампэнсуе дэфіцыт рысу.
Форум