Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі спраўджваць пашпарты ў беларусаў, якія прылятаюць у Маскву зь Менску


У маскоўскіх аэрапортах «Шарамецьева», «Дамадзедава» і «Жукоўскі» пачалі спраўджваць пашпарты ва ўсіх пасажыраў авіярэйсаў Менск — Масква, у тым ліку і грамадзянаў Беларусі. У Памежнай службе ФСБ Расеі гэтую меру назвалі часовай і патлумачылі, што яна зьвязаная з павелічэньнем колькасьці парушэньняў пашпартнага кантролю, перадае БелаПАН.

Таксама ўвядзеньне праверак зьвязалі з тым, што з 18 лютага ў Беларусі касуюцца ўязныя візы для грамадзянаў 80 краін сьвету, якія прылятаюць у Беларусь на тэрмін да 5 дзён.

На які час разьлічана новаўвядзеньне са спраўджваньнем пашпартоў у пасажыраў «унутраных» рэйсаў зь Менску ў Маскву, расейскія памежнікі ня кажуць. Паводле іхніх слоў, гэта залежыць ад пагадненьняў, якія будуць дасягнутыя паміж зьнешнепалітычнымі ўстановамі Расеі і Беларусі.

Атрымаць камэнтар у МЗС Беларусі не ўдалося.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што ў нацыянальным аэрапорце «Мінск» беларускія памежнікі не праводзяць пашпартнага кантролю пасажыраў унутраных рэйсаў, якія прылятаюць у Менск з Масквы.

«Нас пра тое, што ў Маскве ў беларусаў пачалі правяраць пашпарты, ніхто не інфармаваў», — сказаў Свабодзе намесьнік прэсавага сакратара Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG