Загадчык лябараторыі Менскага наркалягічнага дыспансэру лічыць, што іркуцкая трагедыя ў Беларусі немагчымая.
На газоне ўздоўж дома раз-пораз бачу флякончыкі з-пад настойкі глогу. Не падобна, каб іх выкідвалі пад вокны людзі, якія хварэюць на арытмію сэрца. Ці магчымае ў Беларусі масавае атручваньне гэтым сродкам, як адбылося ў Іркуцку, дзе за некалькі дзён ужо загінула больш за 70 чалавек?
Заходжу ў аптэку фірмы «Бераліна», што на праспэкце Незалежнасьці, 95. Пытаюся пра настойку глогу. Адказваюць: «Так, ёсьць у продажы» і дастаюць стракатую каробачку з назвай «Боярышника настойка», пад якой на ўпакоўцы пазначана: «Настойка прызначана для ўнутранага ужываньня». Зьмяшчае 65% этанолу, абʼём 50 мл, каштуе 96 капеек. Ці бяруць?
У аптэцы прызнаюць, што настойку глогу купляюць рэгулярна, але ня кажуць пра абʼём продажу і запэўніваюць, што нецьвярозым людзям сродак не адпускаюць. «Мы такіх проста ў аптэку не пускаем, у нас ахова», — кажа супрацоўніца аптэкі. І дадае: «Што вы ў нас пытаецеся? Трэба зьвяртацца ў дзяржаўную аптэку, вось каля вакзалу настойкай можна затаварыцца зусім без праблем».
Колькі настойкі глогу спажываюць у Беларусі? Ці растуць памеры ўжываньня гэтага сродку?
За абарот настойкі глогу адказвае прадпрыемства «Белфармацыя», якое падпарадкуецца Міністэрству аховы здароўя. У аддзеле лекавага забесьпячэньня «Белфармацыі» адмовіліся паведаміць зьвесткі пра гадавы абʼём продажу настойкі глогу, спаслаўшыся на забарону Мінздароўя.
Увага да настойкі нагадвае надворʼе ў сьнежні: то завея, то адліга. У лістападзе продаж «Глогу настойкі» абмежавалі дзьвюма ўпакоўкамі ў рукі, у Мінздароўя пасыпаліся прапановы прадаваць гэты сродак толькі па рэцэптах.
19 сьнежня Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўвяло абмежаваньні на продаж настоек глогу, календулы, валярʼяны, сардэчніку, мурашынага сьпірту.
Цяпер адпускаць іх будуць толькі па адным фляконе ў рукі. Прадаваць іх уначы забаронена. У начны час аптэкам рэкамэндуюць прапаноўваць аналягі настоек у выглядзе таблетак, капсулаў, мазяў і геляў, якія не зьмяшчаюць сьпірту.
Абмежаваньне ўведзенае пасьля сэрыі атручваньняў лясьёнам для ваннаў «Глог» у Іркуцку, у саставе якога быў мэтылявы сьпірт.
У Беларусі гучней за іншых білі ў званы гарадзенскія лекары, якія падлічылі, што за першыя паўгода настойкі глогу прадалі ў вобласьці каля 150 тысяч фляконаў — нашмат болей за паказчыкі мінулых галоў. Таксама ўзрасьлі, паводле гарадзенцаў, продажы бальзаму «Масковія», раствору для прыёму ўнутр «Ламівіт», настоек на корані валярʼяны і півоні. У выніку лекары зрабілі высновы, пра якія падазравалі і неспэцыялісты: што пітушчыя беларусы з малым прыбыткам пачалі пераходзіць на ўжываньне настоек на сьпірце, таньнейшых за алькаголь, набыты ў краме. Але ці паскарае гэта алькагалізацыю насельніцтва, думкі падзяліліся. Некаторыя спэцыялісты заявілі, што, паколькі беларускія настойкі добрай якасьці, а народ усё роўна будзе піць, дык хай пʼе лепей настойку глогу, чым труціцца шклоачышчальнікамі, як было ў канцы мінулага стагодзьдзя.
У выніку Мінздароўя ня стала пераводзіць настойку глогу ў разрад лекавых сродкаў, на якія патрэбен рэцэпт, але адносна бальзаму «Масковія» такое абмежаваньне было ўведзенае. Ці стане цяпер пазыцыя міністэрства ў дачыненьні настоек на сьпірце больш жорсткай, пакуль невядома. Новых заяў не было..
Тое, што якасьць беларускай настойкі глогу гарантуе ад трагедыі кшталту той, што здарылася ў Іркуцку, запэўніў карэспандэнта Свабоды загадчык спэцыялізаванай хіміка-таксікалягічнай лябараторыі Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Аляксандар Чубукоў.
Наша настойка глогу бясшкодная, а падпольнай вытворчасьці прэпаратаў у нас няма
«У нас настойка глогу — гэта фармацэўтычны прэпарат, а ўсе фармацэўтычныя прэпараты праходзяць абавязковую праверку. Кожная партыя прэпарату падпадае пад кантроль праз адмысловыя лябараторыі, падпарадкаваныя Мінздароўя. Кантроль вельмі жорсткі. А продажу такіх касмэтычных сродкаў, як адбылося ў Іркуцку, у нашай сыстэме няма. У іх гэта ня лекавы сродак, а канцэнтрат для ванны. Ён і завецца не настойка, а проста „Глог“, ня блытайце. У ім мусіць быць 70% этылявага сьпірту, але зь нейкай прычыны трапіў сьпірт мэтылявы, які ёсьць атрутай. У Беларусі бывалі адзінкавыя выпадкі атручваньня мэтылявым сьпіртам, было такое, напрыклад, у Барысаве, неяк у Менску, але гэта ўсё было зьвязана зь нейкімі крадзяжамі. Сьпіртавозы вязуць тэхнічны і мэтылявы сьпірт, цыстэрны прамываюць, нехта нешта скраў, ужыў і атруціўся. Такое бывае. Але ў той глог, які ў нас прадаюць у аптэках, пападаньне мэтылявага сьпірту немагчымае, яго адразу выявяць, таму наша настойка глогу бясшкодная. А падпольнай вытворчасьці прэпаратаў у нас няма. Бывае часам, што на рынак трапляе кантрафакт — калі нешта зрабілі пад вядомай маркай і завезьлі да нас. Але пры паступленьні ў аптэчную сетку гэты кантрафакт выяўляюць і утылізуюць. Вось зусім нядаўна, ведаю, амаль цэлую фуру кантрафакту выявілі — сродак ад хваробы горла. Дык зьнішчылі».
Пры гэтым Аляксандар Чубукоў прызнаў, што ў Беларусі людзі, якія злоўжываюць алькаголем, часта ўжываюць і настойку глогу. У тым ліку таму, што гэта выгадна, мяркуе спэцыяліст.
«Вось лічыце, што таньней: у фляконе глогу 50 мл. Сьпірту там 65%, то бок маем з флякону 30 грамаў сьпірту, а каштуе ён меней за рубель. Тыя ж 30 грамаў сьпірту ў гарэлцы з крамы каштуюць амаль паўтара рублі. Таму і бяруць. Раней пілі трайны адэкалён, цяпер адэкалёны дарагія, а вось настойкі і розныя растворы на сьпірце танныя. Бо на лекавыя сродкі, якія зьмяшчаюць сьпірт, акцызы вельмі нізкія, не параўнаць з алькаголем», — лічыць загадчык лябараторыі.
Аляксандар Чубукоў таксама зазначыў, што тэндэнцыяй апошніх гадоў стала і большае ўжываньне пітушчымі людзьмі карвалолу, які таксама прадаецца без рэцэпту. Але ў людзей, якія ўжываюць карвалол у якасьці сьпіртовага напою фармуецца комплексная залежнасьць, бо гэты сродак ад сэрца зьмяшчае фенабарбітал, які мае ўсыпляльны эфэкт, зазначыў адмыслоўца. «Цяпер таксама ўздымаецца пытаньне аб продажы карвалолу па рэцэптах. Гэты захад нацэлены супроць алькаголікаў, але адначасова ён ударыць па старых людзях, якія ў большасьці ўжываюць карвалол. Гэта трэба ўлічваць», — заўважыў Аляксандр Чубукоў.