Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці апошняга вязьня Плошчы Кондруся чакае працягу суду над ім 26 сьнежня


Суд над Уладзімерам Кондрусем, 16 лістапада. Ад пачатку працэсу ён ляжаў на падлозе ў «клетцы», пасьля паспрабаваў парэзаць вены
Суд над Уладзімерам Кондрусем, 16 лістапада. Ад пачатку працэсу ён ляжаў на падлозе ў «клетцы», пасьля паспрабаваў парэзаць вены

«Пісалі, што сын вены на судзе парэзаў, але там больш драпіны, чым парэзы. Нават павязку не накладвалі. Доктар мне таксама паведаміў, што шыць рукі не давялося».

«Наколькі мне вядома, цяпер сын знаходзіцца ў турэмнай лякарні», — расказала сайту palitviazni.info Галіна Кондрусь, маці беларускага палітвязня.

Судовы працэс над палітвязнем Уладзімерам Кондрусем, якога амаль праз шэсьць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010, распачаўся 16 лістапада. Аднак пасьля таго, як у зале суду Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу.

Апошні вязень Плошчы-2010 Кондрусь рэзаў сабе вены на судзе

Кондруся затрымалі сёлета 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расьсьледваньня. Пасьля ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску, дзе трымаў галадоўку.

Праваабаронцы прызналі Уладзімера Кондруся палітычным зьняволеным.

Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года
Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года

«Суд над сынам можа прадоўжыцца на наступным тыдні — 26 сьнежня, — кажа маці Ўладзімера. — Судзьдзя, якая вядзе гэты судовы працэс, была ў адпачынку, але цяпер ужо выйшла на працу. Таму, думаю, суд сапраўды працягнецца ў найбліжэйшыя дні».

Уладзімер Кондрусь прайшоў комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу, але яе вынікі пакуль не паведамляюцца.

Што чакае Кондруся на экспэртызе ў «Навінках»? Расказвае былы палітвязень Аўтуховіч

«Калі перадавала ў ізалятары перадачу, запыталася пра вынікі экспэртызы, але мне сказалі, што ня маюць права даваць такую інфармацыю, — працягвае Галіна Васілеўна. — Сын працягвае знаходзіцца ў турэмнай лякарні. Там асобны пакой, свой ложак. У лякарні крыху прасьцей, бо ў агульнай камэры Валодзя вельмі пакутуе — ён не пераносіць цыгарэтнага смуроду. Дарэчы, пісалі, што сын вены на судзе парэзаў, але там больш драпіны, чым парэзы. Нават павязку не накладвалі. Доктар мне таксама паведаміў, што шыць рукі не давялося. А ўвогуле, са слоў адваката, адчувае сябе Валодзя нармальна, чакае працягу працэсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG