Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўвяло абмежаваньні на продаж настоек глогу, кіпцікаў, валяр’яны, сардэчніку, мурашынага сьпірту.
Цяпер адпускаць іх будуць толькі па адным фляконе ў адны рукі. Прадаваць настойкі ўначы забаронена. У начны час аптэкам рэкамэндуюць прапаноўваць аналягі настоек у выглядзе таблетак, капсулаў, мазяў і геляў, якія ня ўтрымліваюць сьпірту.
Абмежаваньне ўведзенае пасьля сэрыі атручваньняў лясьёнам для ваннаў «Глог» у Іркуцку, у складзе якога быў знойдзены мэтылявы сьпірт. Ахвярамі атручваньня там сталі 54 чалавекі.
Яшчэ да іркуцкай трагедыі праблему з такімі сурагатамі алькаголю агучыў намесьнік дырэктара па мэдычнай частцы РНПЦ псыхічнага здароўя Сяргей Осіпчык:
«У нас алькаголік разьлічвае, колькі сьпірту за рубель ён купіць. І настойка глогу аказваецца дастаткова эканамічнай у параўнаньні з іншым алькаголем у крамах».
16 сьнежня ён распавядаў, што абмяркоўваецца пытаньне продажу такіх настоек толькі па рэцэпту.