Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Таямнічасьць вакол указу Лукашэнкі прымушае насьцярожыцца»


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: На Нацыянальным прававым партале ў панядзелак зьявіўся ўказ Аляксандра Лукашэнкі, які прадугледжвае пагадненьне паміж Беларусьсю і Расеяй аб удзеле падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня ў антытэрарыстычных апэрацыях, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Расейскай Фэдэрацыі.

Кажучы простай мовай, калі дакумэнт будзе падпісаны КДБ, беларускія вайскоўцы змогуць удзельнічаць у антытэрарыстычных апэрацыях у Расеі, а расейскія — у Беларусі. То бок цяпер будзе існаваць рэальны юрыдычны дакумэнт, які рэгулюе пасыланьне грамадзян Беларусі ў гарачыя пункты ў Расеі. Гэта, канешне, было ўспрынята рэзка крытычна ў сацыяльных сетках, і незалежныя СМІ падкрэсьлівалі вось гэты аспэкт высылкі нашых спэцыялістаў у Расею. Зьявіліся нават галасы, што такое пагадненьне можа супярэчыць Канстытуцыі Беларусі.

Але ж, насамрэч, нешта падобнае ўжо існуе. Дамова ў рамках АДКБ прапісвае ўдзел контратэрарыстычных падразьдзяленьняў у апэрацыях у Беларусі і беларускіх спэцыялістаў за мяжой. І некалькі гадоў таму, калі яе падпісвалі, гучалі такія ж ацэнкі, як і сёньня. Але я гэта кажу не дзеля таго, каб спаліць сэнсацыю, маўляў, нічога новага. Гэта ўжо чарговая такая дамова і мне цікава, а што будзе далей?

Калі патанула падводная лодка «Курск» і нарвэжцы прапанавалі ім сваю найноўшую тэхніку, аб якой расейцы маглі толькі марыць, Масква адмовіла

Сёньня некаторыя экспэрты па вайсковай тэматыцы тлумачаць, што гэта чыста тэхнічнае пагадненьне, якое мае на мэце зрабіць барацьбу з тэрарызмам больш эфэктыўнай. Але тут ёсьць два бакі мэдаля. Першы — гэта рэальная барацьба з тэрарызмам, хаця мне цяжка ўявіць, што ФСБ дзеля вызваленьня закладнікаў гіпатэтычнага беларускага самалёту на тэрыторыі Расеі будзе выклікаць зь Менску сваіх калегаў. Там кожная сэкунда важная, ды і расейцы вялікія ізаляцыяністы ў гэтым сэнсе. Калі патанула падводная лодка «Курск» і нарвэжцы прапанавалі ім сваю найноўшую тэхніку, аб якой расейцы маглі толькі марыць, Масква адмовіла. Пры тым у падводцы маглі яшчэ быць жывыя людзі. Другі бок мэдаля — гэта выкарыстаньне дамовы не па прызначэньні, але ў рамках тых паўнамоцтваў, якія дае дакумэнт. Гэты бок мэдаля прымусіў загаварыць пра «зялёных чалавечкаў».

Дарэчы, у Крыме расейскія вайскоўцы, прысутнасьць якіх Масква спачатку абвяргала, займалі ўкраінскія вайсковыя абʼекты і без дамоваў. Зь іншага боку, і беларускія ўлады могуць выйсьці з такой дамовы. Дык у гэтым пляне пагадненьне, якое мы абмяркоўваем, яшчэ больш небясьпечнае. Яно пераводзіць нешта падобнае, што было ў Крыме, у законныя дзеяньні. Дастаткова арганізаваць правакацыю альбо штучны канфлікт. Мне цікава, як улады ў Беларусі забясьпечваюць сябе ад такіх сцэнараў. Наўрад ці мы пачуем адказ, бо ўлада ў Беларусі ня робіць такія тэмы тэмы прадметам шырокай нацыянальнай дыскусіі.

Глод: Указ № 446 выклікаў насьцярожанасьць зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, адсутнічае сам тэкст пагадненьня. З таго, што апублікавана вядома, што дапускаецца прысутнасьць спэцпадразьдзяленьняў расейскіх узброеных сіл на тэрыторыі Беларусі. Як некаторыя лічаць, фактычна, указ зьяўляецца дазволам на ўвядзеньне ў Беларусь узброеных сіл іншай краіны. Гэты факт прымушае насьцярожыцца.

Адчуваньне затоенасьці, таямніцы тут прысутнічае. А самае трывожнае ў тым, што на самым высокім роўні даецца дазвол на прысутнасьць спэцпадразьдзяленьняў расейскіх Узброеных сіл на тэрыторыі Беларусі

Як і тая акалічнасьць, што перагаворшчыкам выступае Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, а грамадзкасьць пазбаўленая магчымасьці кантраляваць зьмястоўную частку дамовы. Я праглядаў рэакцыю экспэртаў і зьвярнуў асаблівую ўвагу на камэнтар судзьдзі першага складу Канстытуцыйнага суду Беларусі прафэсара Міхаіла Пастухова. Ён заявіў, што ў пэўнай ступені дакумэнт нагадвае вядомы пакт «Молатава-Рыбэнтропа», дзе толькі некалькі радкоў прадстаўленыя грамадзкасьці, а сутнасьць схаваная ў сакрэтных пратаколах. Адчуваньне затоенасьці, таямніцы тут прысутнічае. А самае трывожнае ў тым, што на самым высокім роўні даецца дазвол на прысутнасьць спэцпадразьдзяленьняў расейскіх Узброеных сіл на тэрыторыі Беларусі. Усе названыя абставіны выклікае сурʼёзную заклапочанасьць і неабходнасьць патрабаваць ад уладаў тлумачэньняў: ці не супярэчыць пагадненьне Канстытуцыі і ці не пагражае яно сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь?

Думкі экспэртаў падзяліліся. Адны, як спадар Пастухоў, лічаць: ёсьць падстава задумацца: ці не зьяўляецца прысутнасьць расейскіх спэцпадразьдзяленьняў на тэрыторыі Беларусі схаванай формай анэксіі або дапушчэньнем легальнай агрэсіі з боку Расеі пад выглядам «контртэрарыстычнай барацьбы»?

Іншыя аналітыкі, напрыклад, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, не падзяляюць панічных настрояў інтэрнэт-супольнасьці. Ён адзначае, што такія дамовы — заведзеная міжнародная практыка. Яны звычайна прадугледжваюць некалькі пунктаў: альгарытм зьвяртаньня па дапамогу бакоў пагадненьня ў выпадку тэрарыстычнай агрэсіі, пералік ці вызначэньне сытуацый, калі такі зварот будзе разглядацца — ня кожны выпадак падпадае пад такое пагадненьне. Трэці момант — сыстэма кіраваньня апэрацыяй, звычайна гэта нацыянальны рэжым — замежныя сілы падпарадкоўваюцца тым структурам, якія ствараюцца згодна з унутраным антытэрарыстычным заканадаўствам (у Беларусі гэта КДБ).

Спадар Паротнікаў асабліва падкрэсьлівае: згодна з усясьветнай практыкай, любыя замежныя ўдзельнікі антытэрарыстычнай апэрацыі могуць прыбываць у краіну толькі на запрашэньне ўраду, любы іншы фармат зьяўленьня — гэта інтэрвэнцыя.

Цыганкоў: Зараз любая інфармацыя падобнага кшталту добра кладзецца ў напаленую атмасфэру грамадзкай думкі, у якой кожны нават рытуальны акт выклікае падвышаную ўвагу і панічныя настроі.

Сапраўды часам яркі загаловак можа прыцягнуць больш увагі, чым заслугоўвае, але безумоўна гэтую тэму трэба патлумачыць. Па сутнасьці, адбываецца руцінная рэалізацыя ўсіх пагадненьняў, заключаных паміж Беларусьсю і Расеяй. Так, гэтае пагадненьне дае магчымасьць у выпадку неабходнасьці накіроўваць беларускія сілы спэцыяльнага прызначэньня для ўдзелу ў контратэрарыстычных апэрацыях на тэрыторыі Расеі. Наўрад ці будзе такая неабходнасьць. На сёньня пакуль расейскія сілы самі даюць рады. Але ў вайсковых спэцыялістаў ёсьць свае рэзоны, у тым ліку для пэўнай трэніроўкі, праверкі боегатоўнасьці. Яны могуць, дзякуючы гэтаму пагадненьню, паўдзельнічаць ці паназіраць за контратэрарыстычнымі апэрацыямі, а яны ў Расеі адбываюцца ўвесь час на Паўночным Каўказе.

можна толькі канстатаваць, што гэтае пагадненьне дазволіць больш шчыльна каардынавацца беларускім і расейскіх спэцслужбам, што наўрад ці можа падабацца дэмакратычнай і заходнеарыентаванай частцы нашага грамадзтва

Такая магчымасьць ужо існавала ў межах пагадненьня ад АДКБ. Беларусь зьяўляецца сябрам гэтай, фактычна, вайсковай арганізацыі. І вось гэтае пагадненьне знаходзіцца ў рамках тых абавязкаў, якія краіна наклала на сябе ў гэтай структуры.

Зараз гэта наклалася на дыскусіі пра тое, што пачынаецца інфармацыйная вайна супраць Беларусі з боку расейскіх СМІ, бо Беларусь больш актыўна шукае сабе апірышча на Захадзе. Рэкамэндую пачытаць вельмі цікавае інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча з палітолягам Мельянцовым наконт геапалітычнай арыентацыі Беларусі. Так што можна толькі канстатаваць, што гэтае пагадненьне дазволіць больш шчыльна каардынавацца беларускім і расейскіх спэцслужбам, што наўрад ці можа падабацца дэмакратычнай і заходнеарыентаванай частцы нашага грамадзтва, але нельга сказаць, каб для нашага грамадзтва нешта зьмянялася. Галоўнае пытаньне ў тым, ці можа гэтае пагадненьне значыць, што нашы службы падпадаюць пад кантроль расейскіх? Наколькі патлумачылі спэцыялісты, на гэты момант спэцслужбы хоць і стануць больш залежнымі адна ад адной, але пра ніякае падпарадкаваньне размова ня йдзе. Галоўнае рашэньне застаецца за беларускімі спэцслужбамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG