Трэць вязьняў Беларусі сёньня адбываюць пакараньне па артыкулах, зьвязаных са збытам наркотыкаў. Пры гэтым беларускія праваабаронцы лічаць, што буйных наркагандляроў ў калёніях практычна няма: сядзяць у асноўным дробныя прадаўцы «травы» і спайсу. Большасьці такіх асуджаных менш за 25 гадоў і ў турму яны выпраўляюцца ў літаральным сэнсе ў студэнцкія гады. Многія сьцьвярджаюць, што наогул не былі распаўсюднікамі: крымінальную справу ў Беларусі паводле «наркаартыкулу» могуць завесьці, нават калі проста зловяць на вуліцы ў стане наркатычнага ап’яненьня.
Маці і бацькі зьняволеных аб’ядноўваюцца і спрабуюць выцягнуць дзяцей з турмаў. Але беларускі прэзыдэнт пакуль няўмольны, а разам зь ім і сілавікі. А ўлады лічаць гэткія жорсткія захады ў дачыненьні да наркагандляроў апраўданымі і рапартуюць, што толькі зь іх дапамогай паток наркотыкаў у Беларусь удалося спыніць.
*****
Пэнсіянэр Уладзімер Міронаў перажыў 2 інсульты і цяпер ня можа ні гаварыць, ні хадзіць. Раней яго даглядаў сын Максім. Але цяпер Уладзімер Паўлавіч застаўся адзін: Максіма нядаўна асудзілі на 15 гадоў калёніі паводле артыкулу 328 «Незаконны абарот наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў».
Уладзімеру Паўлавічу дапамагае былая жонка Галіна, Максімава маці. Але яна і сама таксама цяжка хворая: анкалёгія. Галіна Ўладзімераўна пра сябе ня думае. Марыць пра адно: выцягнуць свайго сына з турмы. У яго невінаватасьці яна не сумняваецца.
«Хлопец ня меў ніякай крамолы, ён ня быў зьвязаны з парушэньнямі закону, — распавядае Галіна Макарава. — Яму абавязкова трэба было знайсьці адвакатаў, таму што ён не валодаў яшчэ гэтай сытуацыяй. Былі адвакаты, на сёньняшні дзень выдаткавана 11 тысяч даляраў».
Такіх маці, як Галіна, у Беларусі — тысячы. Сваякі асуджаных за наркагандаль маладых людзей аб’ядналіся ў арганізацыю і дамагаюцца хоць бы зьмякчэньня ўмоваў утрыманьня для сваіх дзяцей і зьмяншэньня тэрміну іх зьняволеньня.
Асуджаных за збыт наркотыкаў у Беларусі сёньня ўтрымліваюць у асобных папраўчых установах. Умовы там больш жорсткія, чым у тых, хто асуджаны паводле іншых крымінальных артыкулаў. Такое распараджэньне аддаў асабіста прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка.
«Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбыцьця гэтых тэрмінаў. Калі ў нас іх вельмі шмат — давайце адну іх калёній адшкадуем для гэтага. Створым ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калёніі, проста скажу: сьмерці прасілі», — заявіў Лукашэнка.
Прычына такіх заяваў — лявіна сынтэтычных наркотыкаў «спайсаў», якая хлынула ў Беларусь апошнімі гадамі. Гэта курыльныя сумесі з даданьнем хімічных злучэньняў.
Сын Алены ўжываў спайс два гады. І столькі ж адседзеў за гэта ў калёніі.
«Калі яго арыштавалі, я сказала: дзякуй вам вялікі! — распавядае жанчына. — Я разумею, што ён ужо гэта рабіў ня раз на тыдзень, ня два разы на тыдзень, а два-тры разы на дзень. Калі б яго не арыштавалі — я б яго ўжо проста пахавала».
Ужываньне спайсаў сапраўды нярэдка заканчваецца і сьмяротным зыходам.
«Гэта новы від наркотыкаў, які зьявіўся пад брэндам таго, што ён легальны, і таго, што яго можна ўжываць паводле спрошчанай схемы. Мы атрымалі вельмі вялікі ўсплёск спажываньня сярод непаўналетніх», — прызнае Васіль Лосіч, начальнік Галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі
Цяпер за продаж спайсаў гандлярам у Беларусі пагражае асабліва строгае пакараньне — да 25 гадоў пазбаўленьня волі. Тым, хто адбывае тэрмін за продаж наркотыкаў, у калёніі нашываюць асаблівыя нашыўкі на адзеньні. І шанцаў датэрмінова выйсьці з турмы, у адрозьненьне ад астатніх зьняволеных, у іх няма.
Праваабаронцы папярэджваюць, што масавыя арышты моладзі і адпраўка іх у калёніі на працяглыя тэрміны фактычна ломяць жыцьці юнакам і не прывядуць ні да чога добрага:
«Выйдзе гэтая моладзь у 32-34 гады на свабоду. Нават тыя, хто з адукацыяй, — яны ўжо нікуды не ўладкуюцца. І ўсё роўна пойдуць у злачыннасьць», — настойвае праваабаронца Алег Волчак.
Волчак перакананы: праблему распаўсюду наркотыкаў адным толькі узмацненьнем жорсткасьці пакараньня не адолець. І саджаць, паводле яго, трэба ня дробных прадаўцоў, а тых, хто рэальна кантралюе наркатрафік:
«На жаль, на лаве падсудных няма галоўных спонсараў, галоўных аптавікоў, якія завозяць наркотыкі ў Беларусь, — падкрэсьлівае Волчак. — Вырашылі рабіць статыстыку, простую статыстыку на простых працоўных, сялянах, студэнтах».
Сын Уладзімера Міронава Максім таксама ўваходзіць у гэтую статыстыку. Калі сваякі ня змогуць даглядаць хворага старога, ён адправіцца ў дом састарэлых. Але Уладзімер усё ж спадзяецца, што сын аднойчы выйдзе з турмы. І чакае. Кожны дзень.