Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны памежны камітэт разгледзіць пэтыцыю за ўвядзеньне кантролю на мяжы з Расеяй


Жыхар Магілёва Антон Касцоў сабраў больш як 500 подпісаў за ўвядзеньне мытнага і памежнага кантролю на мяжы з Расеяй.

«Адсутнасьць мытнага і памежнага кантролю на мяжы нашай дзяржавы з Расейскай Фэдэрацыяй пагражае эканамічнай і грамадзкай бясьпецы нашай краіны. Паводле дадзеных МУС РБ, больш за 60% кантрабанднага тавару экспартуецца менавіта з Расейскай Фэдэрацыі. Ценевы рынак няякаснага алькаголю з Расеі складае ў сярэднім каля 200 мільёнаў даляраў ЗША штогод у грашовым эквіваленце. Найбольш небясьпечнай зьяўляецца бясконцая плынь нелегальных наркатычных і псыхатропных рэчываў з суседняй краіны», — гаворыцца ў пэтыцыі, якую стварыў Касцоў на сайце petitions.by 23 верасьня, паведамляе БелПАН.

У ёй таксама сьцьвярджаецца, што «нярэдкія выпадкі пранікненьня на беларускую тэрыторыю з боку ўсходняга суседа сутэнэраў і многіх іншых злачынных элемэнтаў».

«Усё гэта пагражае жыцьцю і здароўю нашых грамадзян і падрывае грамадзкі парадак. У сувязі з гэтым мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем распрацоўкі захадаў для ўвядзеньня і ажыцьцяўленьня пастаяннага мытнага і памежнага кантролю на мяжы нашай дзяржавы з Расейскай Фэдэрацыяй», — гаворыцца ў пэтыцыі, якую падпісаў ужо 551 чалавек.

Антон Касцоў
Антон Касцоў

Дакумэнт быў накіраваны ў Савет міністраў і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.

6 сьнежня Антон Касцоў разьмясьціў адказ з апарату Савету міністраў за подпісам начальніка аддзелу па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Людмілы Астроўскай. У адказе гаворыцца, што электронны зварот накіраваны для разгляду ў Дзяржаўны памежны камітэт і Дзяржаўны мытны камітэт з просьбай паведаміць пра вынікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG