Памылкі часам дазваляюць пабачыць тое, што ня так моцна кідаецца ў вочы, калі ўсё ідзе паводле пляну.
Да трэцяй гадавіны пачатку пратэстаў ва Ўкраіне, якія прывялі да зьмены ўлады, мы папрасілі кіеўскага журналіста Юрыя Сьвірка напісаць блог — пяць дасягненьняў ды пяць расчараваньняў пасьля Майдану. Але напачатку мы з калегам памылкова тэлефанавалі на стары мабільны нумар Юрыя, па якім адказаў іншы чалавек.
Той не зьдзівіўся ні беларускай мове, ні просьбе — толькі папрасіў крыху часу падумаць, а потым ўсё расказаў. Цяперашнім уладальнікам нумару аказаўся Сяргей Гарбачоў, дырэктар школы № 148 Кіева.
І тады мы папрасілі журналістку з украінскай службы зрабіць такі самы званок дырэктарцы менскай школы № 148. Нашая калега гаварыла па-расейску і нават не пыталася пра нэгатывы і расчараваньні. Яна проста прадставілася і папрасіла назваць пяць самых станоўчых рэчаў у Беларусі, прычым адказаць можна было ў любы зручны час.
«Я не адказваю па тэлефоне. Я ж ня ведаю хто вы, што вы — можна ж назвацца кім заўгодна,» — хуценька прагучала ў адказ.
Усе ведаюць ваенную таямніцу беларускага шчасьця, але ніхто пра яе не раскажа.
Адразу ўявілася, як замежная шпіёнка пад выглядам украінскай журналісткі Радыё Свабода спрабуе даведацца пяць беларускіх пазытываў, каб потым скарыстаць гэтыя веды супраць Беларусі. Але юнакі, дзяўчаты, а таксама дарослыя жанчыны ды мужчыны «стойка трымаюцца» — усе ведаюць ваенную таямніцу беларускага шчасьця, але ніхто пра яе не раскажа.
А яшчэ прыгадалася, як 20 гадоў таму, напярэдадні рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыі, мы разам зь фінскай журналісткай размаўлялі зь людзьмі ў вёсцы непадалёк ад Менску. Тыя запрасілі нас дахаты, пачаставалі гарэлкай і нейкі час расказвалі, як добра жывецца пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады і як квітнее мясцовы саўгас. Але праз пару чарак гаспадар раптам уздыхнуў і сказаў, што калі па праўдзе, дык жывецца ня надта — «калі б ня кралі, дык і есьці не было б чаго».
Таму калі мы цяпер чытаем пра расчараваньні ўкраінцаў, наўрад ці мае сэнс цьвяліцца, як робяць некаторыя. Лепей запытацца ў сябе пра беларускія расчараваньні і дасягненьні. І задумацца ці гатовыя мы хаця б пра добрае расказаць бяз страху.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Сяргей Гарбачоў, дырэктар школы № 148 Кіева, пра пазытыўнае і нэгатыўнае ва Ўкраіне пасьля Эўрамайдану.
Расчараваньні:
1. Судовая сыстэма засталася карумпаванай і неэфэктыўнай.
2. Улада па-ранейшаму сыстэмна ня чуе грамадзтва, і нават велізарныя карупцыйныя скандалы не ўплываюць на назначэньні пэрсонаў, якія сябе дыскрэдытавалі.
3. Высокія пасады па-ранейшаму займаюць людзі не паводле прафэсійных якасьцяў, а паводле прынцыпу асабістай адданасьці.
4. Чыноўнікі-карупцыянэры застаюцца непакаранымі нават тады, калі іх віна даказана.
5. Грамадзянская супольнасьць фармуецца вельмі павольна, і пасьля пасіянарнага ўзьлёту Майдану адбываецца пануры адкат да патэрналісцкіх і карупцыйных мадэляў на бытавым узроўні.
Дасягненьні:
1. У нас зьявілася баяздольная армія, якая здатная даваць адпор агрэсіі.
2. Украіна адмовілася ад залежнасьці ад расейскага газу.
3. Электронныя сэрвісы адміністрацыйных паслугаў значна паменшылі залежнасьць ад дробных чыноўніках на месцах.
4. Прынята канцэпцыя новай школы, якая ставіць заданьне пабудаваць ва Ўкраіне сучасную сыстэму адукацыі.
5. Новая паліцыя, пры ўсіх яе недахопах, у шмат чым аднавіла давер да праваахоўных органаў.