Юры Сьвірко, Кіеў
Што пазытыўнага й нэгатыўнага адбылося ва Ўкраіне за тыя тры гады, што мінулі пасьля пачатку Эўрамайдану 21 лістапада 2013 году? Калі сьцісла, дык гэта:
ПЯЦЬ ПЛЮСАЎ
1. Украіна захавалася як дзяржава. Гэтая дзяржава ёсьць фармальна ды фактычна незалежнай ад Расеі, можа сабе дазволіць не набываць расейскі газ ці іншыя зробленыя ў РФ тавары, можа праводзіць самастойную палітыку без рэвэрансаў у бок Масквы, чаго раней, з 1991 да 2013 году, не было. Нягледзячы на ўсе маскоўскія варыяцыі пра «кіеўскую хунту» або незаконнае пазбаўленьне Януковіча пасады прэзыдэнта, гэтую дзяржаву прызнаюць усе іншыя краіны сьвету (і нават сама РФ), тут пасьля Эўрамайдану прайшлі свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія ды парлямэнцкія выбары.
2. Сфармавалася ўкраінская палітычная нацыя. Шмат хто паўжартам кажа, што Пуцін аб’яднаў украінскае грамадзтва ў нянавісьці да Масквы ды ў любові да сваёй Бацькаўшчыны. Напрыклад, шматлікія расейцы ды крымскія татары з украінскім грамадзянствам усё часьцей ідэнтыфікуюць сябе як украінцы — вядома ж, не этнічныя, а палітычныя, і якраз гэты кампанэнт перамагае. Таму ўмацаваліся пазыцыі ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай — галасы з заклікам пра другую фактычна перасталі гучаць.
3. Узмацніўся ўплыў грамадзтва й грамадзкай думкі на палітыкаў і іх рашэньні. Кожны сур’ёзны крок публічна аналізуецца, крытыкуецца, абмяркоўваецца. На тле таго, што адбываецца ў Расеі ці Беларусі, гэта выглядае як неверагоднае дасягненьне. Чыноўнікі мусяць улічваць настроі грамадзтва.
4. Рэформы. Хай сабе вельмі павольна для некаторых, але рэформы адбываюцца. Рэформай нумар адзін урад Украіны называе дэцэнтралізацыю, і сапраўды паўнамоцтвы і бюджэты перадаюцца на месцы. Ствараюцца сыстэмы электроннага кіраваньня й забясьпечваньня паслуг, грамадзяне могуць даволі лёгка атрымаць патрэбныя дакумэнты ў новых цэнтрах адмінпаслуг, запачаткаваныя новая паліцыя і антыкарупцыйныя органы, электроннае дэкляраваньне ня толькі даходаў, але і асабістых выдаткаў чыноўнікаў, дзяржаўныя кошты разьмяркоўваюцца на досыць празрыстых тэндэрах сыстэмы Prozorro, ёсьць шмат іншых малых, але адчувальных дасягненьняў.
5. Аднаўленьне арміі ды падтрымка яе грамадзтвам. Калі з 1991 году ўкраінская армія ўвесь час скарачалася, а прэстыж вайсковай службы няўхільна падаў, дык цяпер яна пераўзброеная, мае вялікую падтрымку ў народзе, які на практыцы ўцяміў, што калі ня хочаш гадаваць чужую армію, дык трэба гэта рабіць са сваёй.
ПЯЦЬ МІНУСАЎ
1. Вайна. Велічэзны мінус — гэта вайна і зьвязаныя зь ёю ахвяры сярод як украінскіх вайскоўцаў, гэтак і мірнага насельніцтва. Безумоўна, ніхто на Майдане не чакаў, што Расея акупуе Крым і зашле ў Данбас процьму зброі разам з «матароламі», якія будуць забіваць украінцаў пад сьцягамі так званых ДНР-ЛНР. Украіна страціла шмат жыцьцяў, значную частку тэрыторыі й жывога насельніцтва, хаця ДНР-ЛНР дагэтуль не прызнала нават Масква, а анэксію Крыму не прызнае ўвесь цывілізаваны сьвет. Аднак дэ-факта гэта ўжо не Ўкраіна, і з кожным годам аднавіць даваенны статус будзе ўсё цяжэй. Галоўнае расчараваньне ўкраінцаў зьвязанае зь невыкананьнем Пятром Парашэнкам ягонай перадвыбарчай абяцанкі наконт таго, што «антытэрарыстычная апэрацыя павінна працягвацца ня тыдні, а гадзіны» — АТА доўжыцца ўжо гады.
2. Эканамічныя цяжкасьці. За тры гады курс грыўні ўпаў з 8 да 26 за адзін даляр, адпаведна вырасьлі цэны, а зарплаты ў грыўневым эквіваленце фактычна былі замарожаныя. Таксама Ўкраіна пазбавілася вялікага расейскага рынку для сваіх тавараў, што адбілася на эканоміцы. Сёлетнія тарыфы на ацяпленьне сталі для шмат каго шокам якраз напярэдадні трэцяй гадавіны Эўрамайдану.
3. Адсутнасьць справядлівасьці. За амаль тры гады фактычна ніхто не пакараны за забойствы на Майдане, судовая сыстэма Ўкраіны з прадажнымі судзьдзямі збольшага не зьмянілася й працягвае функцыянаваць, нягледзячы на абяцанкі судовай рэформы (адпаведныя пакеты законаў прымаліся ўжо двойчы, а вынікаў усё няма). Шмат якія старыя міліцыянты раптам зрабіліся новымі паліцыянтамі, што зьменшыла давер да нібыта рэфармаванай паліцыі.
4. Карупцыя, нягледзячы на ўсе дэкляраваныя захады барацьбы, нікуды ня зьнікла, а некаторыя ўкраінцы сьцьвярджаюць, што нават узмацнілася, бо прадажныя чыноўнікі цяпер бяруць больш грошай за рызыкі. Імпартаваныя чыноўнікі — шматлікія грузіны на чале з Саакаашвілі, міністар эканомікі літовец Абрамавічус, міністар фінансаў амэрыканка Ярэська — сышлі ў адстаўку, збольшага заяўляючы, што перамагчы карупцыянэраў ва ўкраінскай уладзе немагчыма.
5. Эўропа ўсё яшчэ далёка. Бязьвізавы рэжым паездак украінцаў у Шэнгенскую зону ўжо некалькі разоў адкладаўся, хаця прэзыдэнт Паарашэнка неаднаразова ўрачыста абвяшчаў яго пачатак (першай датай было 1 студзеня 2015 году, апошняй — 24 лістапада сёлета), а на рэфэрэндуме ў Нідэрляндах грамадзяне прагаласавалі супраць асацыяцыі Эўразьвязу ды Ўкраіны, за што тры гады таму й сабраўся Эўрамайдан. Шматлікія ўкраінцы расчараваныя згодніцкай палітыкай некаторых краін ЭЗ у дачыненьні да Расеі, бо адчуваюць, што Эўропа гатовая заплюшчыць вочы на акупацыю Крыму й Данбасу.
Самае папулярнае
1