Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі беларусаў давядуць да масавых пратэстаў, то мы даведаемся пра наш народ шмат новага»


Што ў стане раззлаваць беларуса, каб давесьці яго да адчайных крокаў?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч Віталь Цыганкоў

Гурневіч: Нагодай для гэтага пытаньня стаў выпадак, пра які ў аўторак паведамілі СМІ — выпадак трагікамічны: некалькі жанчын захапілі трамвай у Віцебску і прымусілі ехаць на патрэбны ім прыпынак. Здарэньне для Беларусі, дзе падчас апазыцыйных дэманстрацый людзі пераходзяць дарогу на зялёнае сьвятло, вельмі нетыповае. І хаця дэпо быццам бы абвяргае гэта, я ўсё ж у стане паверыць у яе праўдзівасьць, таму што неаднойчы назіраў у беларускай правінцыі, ці было гэта нейкім гвалтам ці не, зьмену маршруту грамадзкага транспарту. Я і сам некалькі разоў крычаў, каб зьмянілі.

Ды і ўвогуле пануе такая думка, нібы беларусы памяркоўныя, рахманыя. Тут ёсьць і іншая замалёўка, зноў жа нядаўняга часу: відэа з адной з крамаў, дзе рабаўнік са зброяй патрабуе грошай. Тут усе пакупнікі ціхенька мяняюць чаргу, а жанчына падпірае галаву рукой, маўляў, абрыдлі ўжо гэтыя бандзюкі.

Гэта не адзінае відэа — месяц альбо два таму было іншае, калі чалавек у абменьніку патрабаваў даць тыя грошы. Там такая цікавая дыскусія завязалася, думаю, псыхатэрапэўты маглі б выпусьціць які адмысловы часопіс пра гэтае здарэньне. Таму што людзі ў іншай краіне б вельмі зьдзівіліся, што чалавек са зброяй стаіць, а жанчына нармальна дыскутуе пра тое, як вам не сорамна, я таксама мала зарабляю.

Магчыма, гэта ня справа гонару ці годнасьці, таму што, мне падаецца, мы можам ахвяраваць імі, каб здабыць для сябе нейкія пункты.

Якая лепш з гэтых карцінак паказвае характар беларуса і што насамрэч можа яго раззлаваць, каб пайсьці на адчайны крок? Затрымаць трамвай ці нават напасьці з пісталетам? Беларусы, канешне, розныя, як і ўсе людзі ў сьвеце. Маё меркаваньне, што беларусы спакойныя да пэўнага моманту, а пазьней, калі праходзіць пэўная мяжа, мы робімся вельмі выбуховымі і тады ўжо трымайцеся ўсе. Магчыма, гэта ня справа гонару ці годнасьці, таму што, мне падаецца, мы можам ахвяраваць імі, каб здабыць для сябе нейкія пункты. Выпадак у Віцебску пра гэта сьведчыць.

У часы вайны велізарная колькасьць людзей па мерках Эўропы пайшла ў Беларусі ў лес. Дагэтуль невядома, сьведчыць гэта пра гераізм ці не. Але гэта, на маю думку, сьведчыць пра тое, што наш чалавек можа кінуць усё. Лепш канешне было б застацца ў вёсцы, ціхенька сядзець, апрацоўваць поле, а чалавек адмаўляецца ад стабільнасьці. У 90-х гадах 100 тысяч людзей на Плошчы, страйк рабочых, чыгуначнікі перакрывалі чыгунку. Хто б мог падумаць, што такое можа здарыцца ў Беларусі? Як Някрасаў апісваў беларуса — стаіць, пахіліў галаву...

Калі б адбыўся нейкі грамадзкі выбух незадаволенасьці, у Беларусі было б значна горш, чым на якім Майдане.

Насамрэч гэта ўсё ня так. Гэта стэрэатыпы, якія будаваліся вакол беларусаў. Сёньня на нашым сайце зьявілася цікавая публікацыя пра тое, што ў 60-я людзі ў Слуцку падпалілі суд, каб прымусіць пакараць забойцу. Я такіх выпадкаў ведаю дзясяткі з маіх родных мясьцін. І забівалі старшыню сельсавету пасьля вайны. Проста мы мала, відаць, яшчэ ведаем пра сябе, або трохі саромеемся нашага сапраўднага вобліку. Раззлаваць нас могуць, канешне, перш за ўсё экзыстэнцыйныя пытаньні, калі нам садзяцца на галаву. Тое, што беларусы ўсё яшчэ цягнуць гэтую лямку і ідуць, сьведчыць пра тое, што яшчэ ня моцна селі. Але я перакананы, калі б адбыўся нейкі грамадзкі выбух незадаволенасьці, у Беларусі было б значна горш, чым на якім Майдане, бо 20 гадоў гэта ўсё зьбіраецца ў чалавеку, і гэта можа вельмі кепска адбіцца пазьней, калі выйдзе ў адзін момант.

Цыганкоў: Ёсьць пэўныя магчымасьці для выпуску пары — гэта і тыя самыя сацыяльныя сеткі, і камэнтары на сайтах. Неаднаразова абмяркоўвалася, чаму ўлада не забараняе самыя вострыя апазыцыйныя сайты. Тут такая лёгіка: людзі замест таго, каб абмяркоўваць на інтэрнэт-старонках, пачнуць выходзіць на вуліцу. Мы ведаем статыстыку, калі кожная падзея ці акцыя зьбірае некалькі соцень чалавек, то онлайн-трансляцыю гэтай акцыі глядзяць дзясяткі тысяч. Іншая справа, калі казаць пра такія побытавыя сытуацыі. Сапраўды яны ўзьнікаюць дастаткова часта, канфлікты ў грамадзкім транспарце, канфлікты людзей з чыноўнікамі. Часам яны перарастаюць ва ўзаемную грубасьць. Пакуль няма яркіх выпадкаў, каб гэта стала гвалтоўнымі дзеяньнямі, але можа і за гэтым ня стане, паколькі пагаршэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі вядзе да гэтага. Людзі, калі ня бачаць самарэалізацыі паводле свайго прызначэньня ці адукацыі, якраз могуць выразіць сваё незадавальненьне ў грубай форме да нейкага чыноўніка ці да групы людзей, суседзяў і г. д.

Расьце адчуваньне, што справядлівасьць парушаная, што яе няма.

У Беларусі даволі высокі ўзровень злачыннасьці, калі глядзець у параўнаньні з нашымі заходнімі суседзямі. І дробных злачынстваў, і рабункаў, і забойстваў — усё гэта ў параўнаньні з Польшчай, ня кажучы пра Нямеччыну. Зь іншага боку, менш, чым у Расеі, прынамсі рабункаў і забойстваў. У беларусах жыве сваё разуменьне справядлівасьці. Некаторыя лічаць, што гэта вельмі левае, сацыялістычнае пачуцьце. Аляксандар Лукашэнка безумоўна ўлічвае гэты фактар, на гэта абапіраецца палітыка ўладаў. Тое, што ў Беларусі меншы падзел паміж багатымі і беднымі, няма такіх алігархаў як ва Ўкраіне ці ў Расеі, яго адгалосак і паказчык нацыянальнага характару, для якога роўнасьць і справядлівасьць зьяўляецца каштоўнасьцю. Зараз, калі па ўсіх прыкметах нарастае розьніца паміж багатымі і беднымі, па-другое, беспрацоўе, расьце адчуваньне, што гэтая справядлівасьць парушаная, што яе няма. У якіх формах гэта можа выйсьці, застаецца толькі здагадвацца.

Глод: Дзьмітры Гурневіч згадаў у сваім слове сёньняшні матэрыял з нашага сайту аб спаленьні суду ў Слуцку. Да гэтай гісторыі хачу зьвярнуцца і я.

У мяне быў аднакурсьнік, якому прапанавалі пайсьці працаваць у КДБ. Гэта ён расказваў нам ужо пасьля таго, калі пасьля запрашэньня прайшоў пэўны час. Але яго не ўзялі на працу ў органы, бо ён заваліў іспыт. А пракалоўся ён як раз на Слуцку. Яму распавялі пра гэтую гісторыю і спыталі: вось, уявіце, што вы — супрацоўнік КДБ, і апынуліся там падчас бунту? Што б вы там рабілі? Ён адказаў: я паспрабаваў бы зрабіць, каб суд не падпалілі і нічога страшнага не адбылося. Яму адказалі, што ў такім выпадку ён не падыходзіць для працы ў КДБ. Маўляў, у вас няма аналітычнага складу розуму: трэба было стаяць убаку і назіраць, хто найбольш актыўна крычаў і ўдзельнічаў у падзеях.

Дык вось, такія беларусы. Але чым горш будзе эканамічнае становішча ў краіне, тым больш новага мы дазнаемся пра характар беларусаў. Можна пагадзіцца, што мы і памяркоўныя, і рахманыя, але часам адбываецца нешта такое, што раптам даводзіць да выбуху. Прычым заўважце: усё ж абсалютная бальшыня выпадкаў, калі мы гаворым пра нейкую больш-менш істотную падзею, адбываецца тады, калі ў іх удзельнічае не адзін чалавек, а нейкая групка. Яна можа быць невялічкая, а можа і дзясяткі тысяч як падчас страйку ў Менску на пачатку 90-х.

Беларус амаль ніколі ня будзе выступаць адзін.

Але беларус амаль ніколі ня будзе выступаць адзін. Гэта вельмі рэдкі выпадак. Патрэбна зьнешняя падтрымка, каб у людзей было адчуваньне локця. І тады ўжо і весялей на душы, і прасьцей нешта рабіць, і нават на бунт ісьці.

Я не магу не пагадзіцца зь Віталём Цыганковым, што беларусы могуць і скрасьці, і падмануць. І гэты паказьнік, які, зразумела, не падвышае рэпутацыю народа, у нас вышэйшы, чым у нашых суседзяў. Для мяне гэта ня дзіўна. І не таму, што мы большыя падманшчыкі. А таму, што калі на роўні краіны такое падаецца, як добрая справа, калі, напрыклад, можна падмануць Расею на нафце ці газе, дык чаму ж тады ў калгасе мех бульбы ня скрасьці?! Гэта ж ужо ня грэх.

Сапраўды пакуль гэтая энэргія нечаканага выбуху праяўляецца пераважна ва ўчынках у нейкай ступені недарэчных, выпадковых. Але гэтая энэргія зьбіраецца і назапашваецца ўвесь час у інтэрнэце. І сапраўды, калі ў акцыях удзельнічаюць сотні людзей, то сочаць за акцыямі тысячы.

І я думаю, калісьці ўсё ж прыйдзе той час, калі агульная энэргія тых, хто сядзіць за кампутарам, выкіне гэтую масу людзей на вуліцу. Тады мы і даведаемся пра беларусаў тое, што мы яшчэ сёньня ня вельмі добра ведаем, і магчыма нават тое, пра што мы сёньня зусім не казалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG