Дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» не ўдакладняе назвы гэтай кампаніі. Свабода правяла ўласнае расьсьледаваньне зьдзелкі.
19 кастрычніка ў порт Адэсы з Супсы (Грузія) прыбыў танкер ALHANI з 84,7 тысячы тонаў сырой азэрбайджанскай нафты, прызначанай для далейшага транспартаваньня па чыгунцы ў Беларусь, на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Пра гэта стала вядома з прэсавага рэлізу на сайце Адэскага порту. У той жа дзень украінскае выданьне OilNews паведаміла, што нафту паставіла кампанія Socar Trading — даччынае прадпрыемства Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджану (SOCAR) і фактычны манапаліст у пастаўках прыроднага рэсурсу з гэтай краіны. У сваёй публікацыі OilNews спасылаецца на крыніцу ва ўкраінскім прадстаўніцтве SOCAR.
Малады і пасьпяховы
У сьнежні 2013 году міжнародная некамэрцыйная арганізацыя Global Witness, якая спэцыялізуецца на дасьледаваньнях карупцыі ў сфэры гандлю прыроднымі рэсурсамі, выступіла з дакладам Azerbaijan Anonymous. У дакладзе раскрываліся непразрыстыя, «шэрыя» бізнэс-схемы SOCAR. Напрыклад, высьветлілася, што за мільённымі прыбыткамі кампаніі стаіць малады малавядомы прадпрымальнік Анар Аліеў. Паводле Global Witness, Аліеву нейкім чынам удалося атрымаць значную долю ўласнасьці ў SOCAR праз створаную ім жа разгалінаваную сетку даччыных фірмаў на Мальце, у Швэйцарыі, Сынгапуры і Дубаі, а таксама заключыць як мінімум 48 зьдзелак з удзелам дзяржаўнай нафтавай кампаніі, канчатковы бэнэфіцыяр якіх невядомы. Простымі словамі, імя і пасада чалавека альбо групы асобаў — атрымальнікаў выгады ад гэтых зьдзелак не фігуруе ні ў адной афіцыйнай справаздачы. Пра самога Анара Аліева (зьмяніў прозьвішча на Алізадэ) вядома, што ён нарадзіўся ў 1978 годзе ў Нахічэванскім раёне Азэрбайджану, адкуль паходзіць уся кіраўніцкая эліта краіны, аднак той пасьпяшаўся абвергнуць любыя роднасныя сувязі з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым. Маладому бізнэсоўцу належаць каля 10 кампаніяў, чый прыбытак ад трэйдынгу азэрбайджанскай нафтай разам складае 375 млн даляраў ЗША. У публічным доступе няма інфармацыі аб правядзеньні адпаведных тэндэраў на права кампаній Аліева гандляваць гэтай нафтай.
Пералічаныя факты сталі для Global Witness падставай падазраваць у карупцыі SOCAR і афіляваныя структуры, але адначасова арганізацыя прызнае: ад выплаты падаткаў на радзіме Аліеў не ўхіляўся. Пасьля скандалу ў прэсе бізнэсовец даў інтэрвію мясцоваму часопісу Business Time, дзе назваў расьсьледаваньне Global Witness «правакацыяй, замоўленай пэўнымі варожымі сіламі». Гэтыя словы падхапілі праўладныя СМІ. Праз тры гады грамадзкасьць так і не пабачыла афіцыйнай справаздачы пра дзейнасьць шматлікіх «дачок» SOCAR.
Аднак вернемся на дзесяцігодзьзе назад і паглядзім, якім чынам утварылася Socar Trading і хто дапамог Аліеву дасягнуць посьпеху.
Кампаніі-прывіды і «былы саслужывец Пуціна»
Стамбул. 2006 год. Учорашні камэрсант і студэнт завочнага аддзяленьня, які вазіў тэкстыль з Турцыі ў Баку, знаёміцца з Валерыем Галовушкіным, віцэ-прэзыдэнтам расейскага нафтавага гіганту «ЛУКОЙЛ». Галовушкін прапаноўвае Аліеву стварыць даччыную фірму Socar Trading SA. Паводле Аліева, з мэтай прыносіць выгаду непасрэдна дзяржаве, а не імпартным трэйдэрам. У 2007 годзе зьяўляецца фірма Heritage General Trading FZE, зарэгістраваная на імя Анара Аліева ў Дубаі і Renfrel Holding LTD, якая цалкам належыць Валерыю Галовушкіну і мае «прапіску» ў афшорнай зоне на Брытанскіх Віргінскіх астравах.
Неўзабаве яны аб’ядноўваюцца і ствараюць Supra Holding Ltd. У ёй ужо 50% акцыяў належаць азэрбайджанскай дзяржаве, а 40 і 10% адпаведна разьмеркаваныя паміж Аліевым і Галовушкіным. Літаральна празь некалькі дзён у Жэнэве партнэры рэгіструюць Socar Trading. У 2012 годзе Socar Trading пераходзіць у 100-працэнтную ўласнасьць дзяржаўнай SOCAR. Невядома, навошта фактычнаму манапалісту на рынку было задзейнічаць складаную схему з Галовушкіным і колькі грошай атрымалі Аліеў і Галовушкін ад продажу Socar Trading.
Рацыянальна патлумачыць партнэрства ключавой фігуры расейскага нафтапрамысловасьці і пачаткоўца Аліева не ўяўляецца магчымым.
Варта дадаць, што Валерый Галовушкін пачаў нафтавую кар’еру ў 1989 годзе ў сумесным савецка-нідэрляндзкім прадпрыемстве «Юралс», дзе наладзіў стасункі з будучым сузаснавальнікам магутнага нафтатрэйдэру Gunvor і сябрам Уладзіміра Пуціна Генадзем Цімчанкам. Шэраг публікацыяў у СМІ таксама сьведчаць пра тое, што Галовушкін і Пуцін — былыя калегі па спэцслужбе.
Непразрыстая альтэрнатыва для Беларусі
Партнэрства Беларусі і Азэрбайджану ў нафтавай галіне бярэ пачатак у 2010-2011 гадах, калі ў Беларусь было дастаўлена 156,3 тысячы тон сыравіны. Сёлета супрацоўніцтва ўзнавілася. «Беларусь распрацоўвае розныя варыянты ў сувязі зь недазагрузкай беларускіх перапрацоўчых заводаў расейскай сыравінай», — піша БелТА са спасылкай на прэсавую службу «Белнафтахіму», дзе пацьвердзілі факт выгрузкі ў Адэсе партыі азэрбайджанскай нафты для Мазырскага НПЗ.
Каб даведацца, якую стратэгічную значнасьць для Беларусі маюць прыродныя рэсурсы з Азэрбайджану, Свабода зьвярнулася да экспэрта ў нафтагазавай галіне Тацяны Манёнак.
— Я ўпэўненая: спэцыялісты аналізавалі сытуацыю, перш чым падпісаць гэтую дамову. Мяркую, SOCAR усё ж выканае свае абавязкі перад беларускім бокам. Больш цікава, наколькі рэнтабэльная такая зьдзелка. Не выключаю, што Баку мог пайсьці на пэўныя саступкі Менску ў пляне цаны. Праўда, сёньня нашы НПЗ загружаныя напалову і перапрацоўка ў любым выпадку наўрад ці прынясе вялікую выгаду. Але важна бачыць палітычны складнік і пазыцыю кіраўніцтва краіны. Беларусі трэба паказаць, што яна мае альтэрнатыву пастаўкам з Расеі, якія ў трэцім квартале 2016 году скараціліся на 2,25 млн тонаў. Хоць незразумела, чаму заўважаная ў карупцыйным скандале кампанія працягвае працаваць і не была прыцягнутая да адказнасьці, — гаворыць экспэрт.
Журналістка і экс-палітвязень Хадыджа Ісмаілава ў Баку дасьледавала карупцыю ў эшалёнах улады. Сярод іншага яна пісала пра дзейнасьць SOCAR і яе «дачкі». У артыкуле «Дзяржнафтакампанія прадае нафту самой сабе» Хадыджа акцэнтуе ўвагу: перад пераходам Socar Trading ва ўласнасьць дзяржавы ў Эміратах раптоўна ўзьнікае яшчэ адна фірма Socar International DMCC. Імёны акцыянэраў невядомыя. У 2012 годзе яна прадае нафту Supra Holding Ltd і атрымлівае амаль 6 мільярдаў даляраў.
— Socar Trading валодае практычна эксклюзіўным правам на продаж нафты, якую здабывае Азэрбайджан на сваіх радовішчах. У выпадку зь Беларусьсю цікавыя цэны зьдзелкі. Яны вышэйшыя ці ніжэйшыя за рынкавыя? Да таго ж паўстае пытаньне: нафту набылі наўпрост альбо праз пасярэднікаў? — сказала Хадыджа Ісмаілава беларускай Свабодзе.
Пра зьяўленьне танкера ў Адэсе журналісты даведаліся з сайту порту. Толькі калі танкер прыбыў у Адэсу, канцэрн «Белнафтахім» пацьвердзіў факт. Раней паведамленьняў пра заключэньне дамовы паміж дзьвюма дзяржавамі не было ані ў афіцыйнай прэсе, ані на сайтах «Белнафтахіму» і Мазырскага НПЗ.
На гэты момант журналістаў цікавіць: чый канкрэтна подпіс стаіць на дакумэнтах аб пастаўцы нафты SOCAR у Беларусь; наколькі рэнтабельная зьдзелка з SOCAR для Мазырскага НПЗ і «Белнафтахіму»; ці ведаў беларускі бок пра абвінавачваньні ў карупцыі кампаніі-партнэра і як гэта паўплывае на дзелавую рэпутацыю Беларусі на міжнароднай арэне.
У прыёмнай выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара Мазырскага НПЗ Сяргея Крата адмовіліся ад камэнтару Свабодзе.
«Такую інфармацыю ніхто па тэлефоне вам ня дасьць», — адрэагавала сакратарка і перанакіравала карэспандэнта Свабоды да намесьніка гендырэктара НПЗ Уладзімера Сізава. Спадар Сізаў патлумачыў, што «не дае ніякіх камэнтароў СМІ» і параіў зьвярнуцца ў «Белнафтахім». Прэс-сакратарка канцэрну Марына Касьцючэнка наогул адмовілася гаварыць пра азэрбайджанскую нафту, нават не даслухаўшы пытаньні. «Усё, што маглі, мы ўжо сказалі», — заявіла яна.