Радыё Свабода выправілася на беларуска-расейскую мяжу, каб спраўдзіць, як трапляюць у Расею замежныя аўтамабілі.
Калі ў інтэрнэце пачалі зьяўляцца паведамленьні, што актуалізавалася забарона на ўезд у Расею празь Беларусь для грамадзянаў трэціх краін, паўстала пытаньне: як працаваць «дальнабойшчыкам» — грамадзянам краін Эўразьвязу?
Паводле зьвестак розных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў, расейская памежная служба не прапусьціла праз памежны пераход «Красная горка» легкавое аўто супрацоўніка польскай дыпляматычнай місіі, які вяртаўся з адпачынку на асабістым легкавіку. Памежнікі спаслаліся на пагадненьне паміж Расеяй і Польшчай ад 18 верасьня 2003 году, дзе гаварылася, што грамадзяне гэтых краін могуць перасякаць мяжу толькі праз пункты пропуску міждзяржаўнага злучэньня. А пераход «Рэдзькі» (Віцебская вобласьць) — «Красная горка» (Смаленская вобласьць), — гэта, маўляў, аўтапераход выключна для грамадзянаў Беларусі і Расеі.
Яшчэ адным верасьнёўскім скандалам была забарона ўезду на расейскую тэрыторыю для групы аўстрыйскіх турыстаў. Пераначаваўшы ў Менску, замежнікі ехалі ў Маскву, меўшы на мэце па дарозе наведаць Смаленск. Аўтобус з 30 пасажырамі спынілі тамсама ў «Краснай горцы», і турысты мусілі праехаць яшчэ 800 кілямэтраў, каб трапіць у Гомель, а адтуль — на міжнародны пункт пропуску «Новыя Юркавічы».
«Мы сябруем з Эўропай ці варагуем?»
На беларускай мяжы са Смаленшчынай і Пскоўшчынай міжнародных пунктаў пропуску няма ўвогуле. Найбліжэйшы — «Новыя Юркавічы» ў Бранскай вобласьці — месьціцца на сутыку беларускай, расейскай і ўкраінскай межаў. На Браншчыне ёсьць яшчэ два памежныя пераходы на ўкраінска-расейскім памежжы — «Погар» і «Траябортнае». Пры жаданьні кіроўцы і пасажыры могуць скарыстацца і міжнароднымі пунктамі пропуску на мяжы з краінамі Балтыі.
Менавіта пра гэта папярэджвае інтэрнэт-рэсурс bglogist.com — блог аб праблемах транспартнай лягістыкі, перавозках і мытных паслугах. Яшчэ ў студзені гэтага году прадстаўнік юрыдычнай фірмы «Юрвест» Раман Абразцоў праінфармаваў «дальнабойшчыкаў» з Эўразьвязу, што кіроўцаў грузавых транспартных сродкаў могуць не прапусьціць на расейскую тэрыторыю, калі яны не грамадзяне Расеі ці Беларусі. У сытуацыі ўзмацненьня кантролю на памежных пераходах Пскоўшчыны і Смаленшчыны, а таксама Браншчыны Абразцоў раіць выкарыстоўваць шматбаковыя пункты пропуску або наймаць для перавозак кіроўцаў — грамадзян Беларусі або Расейскай Фэдэрацыі. Бо за парушэньне патрабаваньняў памежнікаў кіроўцу могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 18.1 КаАП РФ (штраф от 2 да 5 тысяч рублёў) і вярнуць на тэрыторыю Беларусі разам з транспартнымі сродкамі.
Але на беларуска-расейскім пераходзе «Рэдзькі» — «Красная горка» пра інцыдэнты з затрыманьнем замежных кіроўцаў-«дальнабойшчыкаў» ня чулі. Прынамсі, такіх выпадкаў ня згадваюць ні працаўнікі страхавых кампаніяў, ні самі кіроўцы.
«Я паказаў пашпарт на беларускай мяжы, атрымаў пячатку ды паехаў. Заўжды, калі памежнік спытае пашпарт, дык яму паказваеш, і няма ніякіх праблемаў. І цяпер няма праблемаў. У любым разе, я ня чуў, каб кіроўцаў спынялі. Мы маем і расейскія візы, калі едзем у Расею, і беларускія. Ня ведаю такога, каб кагосьці змусілі збочыць з трасы М1», — кажа кіроўца польскай фуры.
Пан Аркадзі — грамадзянін Польшчы. Ён мяркуе, што праблемы на дарозе паўстаюць з палітычных прычын — стасункі паміж Расеяй і Польшчай пэрыядычна ўскладняюцца.
Ягоны калега, кіроўца фуры з Казахстану, дзівіцца таксама:
«Калі нейкія праблемы здараюцца на мяжы, то ў мяне заўжды пытаньне: дык ці сябруем мы з Эўропай, ці не? Бо мы то сябруем, то варагуем».
Увогуле ж «дальнабойшчыкі» кажуць, што сярод кіроўцаў, якія працуюць на замежныя кампаніі па аўтаперавозках, нямала беларусаў. І тады зь перасячэньнем мяжы ўвогуле ня можа паўстаць аніякіх праблемаў.
Што да легкавікоў, то супрацоўнік запраўкі недалёка ад пераходу «Красная горка» кажа, што пэрыядычна бачыць тут і латвійскія, і літоўскія, і польскія машыны.
Тое самае давялося пачуць і ад страхоўшчыкаў, якія працуюць на іншым памежным пераходзе — «Рудня» (Смаленская вобласьць) — «Завольша» (Віцебская вобласьць). Яны кажуць, што пэўна бачылі легкавікі з краін Эўразьвязу напрыканцы верасьня, але назваць пэўны дзень не бяруцца, бо дзяжураць пазьменна.
«Я бачыў легкавыя машыны зь Літвы, з Польшчы. Аднак іх тут заўжды было няшмат. Яшчэ заўважаў, што ўкраінскія машыны „заварочвалі“ з расейскай мяжы і адпраўлялі ў абʼезд, да міжнароднага пераходу. Але тут сыстэмы няма: то завернуць машыну, то прапусьцяць», — дзеліцца назіраньнямі прадстаўнік страхавой кампаніі на беларускай тэрыторыі каля Завольшы.
Не давялося сустрэць на мяжы турыстычных аўтобусаў з эўрапейскіх краін. Мабыць, замежныя турыстычныя кампаніі ўжо скарэктавалі маршруты, каб ня ехаць ані па цэнтральнай беларускай транзытнай магістралі М1 (Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі), ані па дарозе рэспубліканскага значэньня Р21, якая вядзе ў расейскую Рудню.
Эўрапейскія турысты не пабачаць Маскву і Пецярбург на Новы год
Тым, што расейскія памежнікі не прапускаюць грамадзянаў Эўразьвязу на пунктах пропуску на мяжы Беларусі і Расеі, вельмі занепакоеныя прадстаўнікі турыстычнага бізнэсу. Пакуль што вядзецца пра актуалізацыю дзеяньня артыкула № 4 дамовы паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь ад 1995 году наконт забароны на праезд грамадзянаў трэціх краін. Паводле прэсавага сакратара Расейскага саюзу турындустрыі Ірыны Цюрынай, у гэтай дамове ёсьць «усяго толькі радок, што Расея і Беларусь павінны ўзгадняць рэжым уезду, выезду і знаходжаньня грамадзян трэціх краін на сваёй тэрыторыі», і што ні пра якія забароны там няма ні слова.
Тым ня менш большасьць турапэратараў вымушаныя перагледзець свае праграмы. Бо ёсьць зьвесткі, што да пачатку наступнага, 2017 году рэглямэнт забароны будзе канчаткова дапрацаваны. І для замежных турыстаў праезд у Расею праз двухбаковыя беларуска-расейскія пункты пропуску закрыецца канчаткова.
Верагодна, што такія ўскладненьні не нададуць папулярнасьці турыстычным праграмам, якія прапануюць жыхарам Эўропы расейскія турагенцтвы. І без таго расейскія турапэратары канстатуюць зьмяншэньне турыстычнай плыні з эўрапейскіх краінаў. Таму надзеі атрымаць вялікія прыбыткі ад арганізацыі навагодніх тураў у Маскву ды Санкт-Пецярбург для эўрапейцаў могуць не апраўдацца.
Адмову прапускаць турыстаў з трэціх краінаў расейскія памежнікі тлумачаць адсутнасьцю абсталяваньня для праверкі пашпартоў і немагчымасьцю рабіць адзнакі аб перасячэньні мяжы. Гэта натуральна: паміж Расеяй і Беларусьсю мяжы фактычна няма, і на двухбаковых пунктах пропуску можна сустрэць хіба толькі мабільныя брыгады мытнікаў або транспартнай інспэкцыі.
Але ніводная расейская афіцыйная структура пакуль не дала адказу на пытаньне, чаму да верасьня гэтага году перамяшчэньне грамадзянаў трэціх краін праз двухбаковыя пункты пропуску не прыпынялася. Актуалізацыя дамовы 1995 году адбылася явачным парадкам.
Нявырашанымі застаюцца і пытаньні, што рабіць замежнікам, калі тыя, прыкладам, прыехалі да сваякоў у Беларусь цягніком, а потым вырашылі зрабіць ваяж у Расею. На беларускай мяжы яны атрымліваюць пячатку ў пашпарце, аднак незразумела, дзе атрымаць адзнаку наконт перасячэньня расейскай мяжы. Выглядае, што для гэтага трэба ехаць ці ў Гомельскую вобласьць, ці на мяжу з краінамі Балтыі.
Пасьля інцыдэнту з прадстаўніком дыпляматычнай місіі Міністэрства замежных спраў Польшчы назвала вяртаньне расейскага боку да дамовы 1995 году часовым.
Што да Беларусі, то гэткія абмежаваньні нясуць нам толькі страты. Найвідавочней — эканамічныя: прыкладам, менш стане карыстальнікаў платных аўтадарог (у ліку якіх і траса М1, якая з 2 студзеня 2012 году стала бясплатнай для грамадзянаў Эўразійскага эканамічнага саюзу, але па-ранейшаму платная для грамадзянаў краін Эўразьвязу), менш кліентаў на абʼектах прыдарожнага сэрвісу. Дый увогуле Беларусь рызыкуе страціць турыстычную прывабнасьць, што адабʼецца на даходах абʼектаў мясцовай інфраструктуры. Ёсьць і палітычны момант — паглыбленьне ізаляцыі Беларусі ад Эўразьвязу.