Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта ППЦ! Заснавальнік «Партыі памяркоўных цэнтрыстаў» — пра трасянку, змагароў і дэмавэрсію дэмакратыі


Пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў Свабода правяла сярод падпісантаў сваёй старонкі на Facebook жартаўлівае «галасаваньне лайкамі» за палітычныя партыі. Найбольш галасоў атрымала «Народная грамада» Міколы Статкевіча, сьледам ішлі АГП Анатоля Лябедзькі і БНФ Аляксея Янукевіча. Калі ж падобнае галасаваньне зладзілі «УКантакце», на другое месца выйшла КХП БНФ Зянона Пазьняка, а на трэцяе — віртуальная «Партыя памяркоўных цэнтрыстаў», якая не заяўлялася сярод асноўных варыянтаў, а была прапанаваная ейнымі ўдзельнікамі. Свабода пагутарыла з заснавальнікам суполкі, які прасіў называць яго проста Алесем. Ён аказаўся зусім не падобным да стэрэатыпнага інтэрнэт-троля, а інтэрвію даваў не на трасянцы, на якой пішуць сябры ППЦ, а на чыстай беларускай мове.

Пра мэты

Суполка ППЦ была створаная ў канцы 2011 году. Алесь прыгадвае перадумовы: брутальны разгон «Плошчы», пасьля эканамічны крызіс, дэвальвацыя, выбух у мэтро, маўклівыя акцыі пратэсту, якія сышлі на нуль, рэпрэсіі, ператрусы...

«Была вельмі напружаная, трагічная атмасфэра. Хацелася зрабіць нешта пазытыўнае, але і злабадзённае, сатырычнае. Было нават уражаньне, што гэтая ідэя лётае ў паветры і нехта можа нас апярэдзіць...».

Таксама Алесь успамінае, што на той час апазыцыя, як і заўсёды, крытыкавала ўладу, а ўлада апазыцыю проста ігнаравала (за выключэньнем перадвыбарнай «дэманізацыі»). Пры гэтым крытыкаваць апазыцыю было за што, таму адной з мэтаў зьяўленьня ППЦ была канструктыўная крытыка апазыцыі — не для абразы, а для агульнай карысьці.

Апазыцыя на той момант ніяк не прадстаўляла сябе ў сацыяльных сетках, куды перабіраўся малады электарат. І сёньня, заўважае Алесь, каб даведацца пра дзейнасьць партыяў і рухаў, даводзіцца шукаць адмысловыя разьдзелы на спэцыяльных сайтах.

«Асобныя партыі ўжо мастадонты, існуюць даволі доўга, але пра іх насамрэч ніхто нічога ня ведае. Хочацца спытаць: чаму лідэры партыяў ня могуць напісаць абвестку, што ім патрабуецца піяр-мэнэджэр, спэцыяліст па рэкляме? Гэта нармальная практыка — браць піяршчыкаў, каб падтрымаць свой імідж».

Пра дзейнасьць

Пік актыўнасьці ў абмеркаваньнях і альбомах суполкі ППЦ «УКантакце» прыпаў на 2011–2013 гады. На момант публікацыі ў суполцы крыху больш за 1250 удзельнікаў, посты суполкі — у асноўным абмеркаваньне навінаў беларускіх і расейскіх СМІ.

Алесь кажа, што ня ўсе першапачатковая задумы рэалізавалася на практыцы, бо з новымі ўдзельнікамі суполка пачала разьвівацца аўтаномна, яе сябрам ужо нельга навязаць нейкія свае ідэі і прынцыпы. Ён заўважае, што памяркоўнасьць карыстальнікаў, якую спачатку прасоўвалі як сьцёб, недаацанілі: калі адміністратар прапануе зрабіць нейкі праект і паўдзельнічаць у працы, большасьць чакае, што гэта зробіць нехта іншы.

Але вынікі дзейнасьці ёсьць і за апошні час. На Youtube выйшла некалькі выпускаў «Памяркоўнай гісторыі». Запушчаны сайт «Памяркоўнай энцыкляпэдыі», які ППЦ хоча зрабіць беларускім аналягам «Луркмора», гэткай энцыкляпэдыяй беларускіх мэмаў.

Пра трасянку

Сымболікай суполкі сёньня зьяўляецца «чарка і скварка», часта выкарыстоўваецца мэм «OK face», які абазначае маўклівую згоду. Лёзунг ППЦ: «Абы не было вайны». Дэвіз: «Наша хата з краю». Крэда: «А мо так і трэба?». Абавязковы атрыбут — трасянка.

«Гэта ня проста кляўнада: трэба ўмець чытаць паміж радкоў, бачыць іронію і разумець сарказм. Трасянка ў нас выконвае таксама такую функцыю маскіроўкі, якая дазваляе працаваць адкрыта і не прыцягваць залішняй увагі. Хоць у гэтага ёсьць і свае мінусы. Некаторыя рэчы, якія пісаліся ў ППЦ, празь некаторы час друкаваліся ўжо на літаратурных мовах у іншых крыніцах. Я не кажу, што гэта плягіят, бо рэчы відавочныя. Але было крыўдна, калі на больш позьнюю публікацыю зьвярталі ўвагу, а на нашую — не, толькі таму, што яна была на трасянцы».

Дабраўшыся да пачатку гісторыі ППЦ, можна пабачыць, што неўзабаве пасьля стварэньня суполкі ў 2011 годзе ў якасьці яе сымболікі прапаноўвалі сярод іншага бела-чырвона-белы сьцяг, дзе чырвонай паласой быў арнамэнт зь цяперашняга дзяржаўнага сьцяга. Тады гэта ўспрымалася як сьцёб. Але калі празь пяць гадоў Фэдэрацыя футболу прэзэнтавала форму нацыянальнай зборнай, дзе асноўным камплектам быў белы з чырвонай паласой, на якой зьмешчаны арнамэнт, такое спалучэньне не палічылі жартам.

Пра выхад у рэальную палітыку

Мэты ўдзелу ў рэальнай палітыцы ППЦ перад сабой пакуль ня ставіць. Алесь кажа, што шмат хто пра гэта пытаў, але ніхто нічога для гэтага ня робіць.

«У той жа час ужо напрацаваныя ў нас ідэі можна ўзяць, каб запусьціць праект пад іншай, менш правакацыйнай назвай. Вядома, гэта мусіць быць асобны ад суполкі праект. Але пакуль мы гэтым не займаемся. Перад тым, як думаць, што б мы рабілі ў парлямэнце, трэба думаць, як дамагчыся такіх умоваў, каб партыя кшталту ППЦ магла туды трапіць».

Error rendering VK.

Такія ўмовы, на яго думку, — свабода СМІ (у першую чаргу ТБ) і адсутнасьць перашкодаў дзейнасьці партыяў і рухаў. Ён прыгадвае гісторыі спробаў зарэгістраваць новыя палітычныя партыі ў Беларусі: новыя партыі не рэгістраваліся з 2000 году, а аргкамітэт па стварэньні партыі БХД (які стваральнік ППЦ называе «непараўнальна больш сурʼёзнымі людзьмі») атрымліваў адмовы ў рэгістрацыі ўжо шэсьць разоў. Пару гадоў у названых умовах дадуць выбарцам магчымасьць ацаніць, хто ёсьць хто, што будзе, калі выбраць такі шлях, а што — калі іншы.

Пра дэмавэрсію дэмакратыі

Алесь згадвае, што неўзабаве ў школы пойдуць дзеці, чые бацькі нарадзіліся пры Лукашэнку. Больш за тое, кажа ён, і людзі, народжаныя ў 1980-х, атрымлівалі пашпарт ужо з сучасным гербам і ня маюць досьведу жыцьця ў дэмакратычнай краіне. Калі раптам на Беларусь «зь неба» зваліцца сапраўдная дэмакратыя, гэта можа быць небясьпечна.

«Краіне неабходны нейкі пераходны пэрыяд. Бо калі яна 20 гадоў ішла па адным шляху, нельга яе адразу павярнуць на 180 градусаў ці нават на 90, бо будзе вялікі рэзананс. Калі б заўтра дэмакраты перамаглі і вырашылі сваім указам скасаваць вынікі рэфэрэндумаў 1995-га і 1996 гадоў, гэта было б нелегітымна і шмат у каго зь людзей выклікала незадавальненьне. А трэба лічыцца зь думкай гэтых людзей, іх сапраўды шмат.

Спачатку трэба даць народу „дэмавэрсію“ дэмакратыі, каб ён зразумеў, што гэта такое. Нашая пазыцыя — першы прэзыдэнт пасьля Лукашэнкі павінен захоўваць паўнату ўлады і не дапускаць радыкальных зьменаў, але разам з тым забясьпечыць галоснасьць, палітычны плюралізм і ўсё для таго, каб наступны парлямэнт, якому можна вярнуць ранейшыя паўнамоцтвы, быў сапраўдным працаздольным. Далей дзейнічаць будзе гэты парлямэнт, але прэзыдэнт да канца свайго тэрміну захавае магчымасьць кантраляваць сытуацыю, бо сёньня дэмакратычныя выбары ў парлямэнт могуць прывесьці да ўлады лабістаў антыбеларускіх інтарэсаў».

Пра чатыры сцэнары для Беларусі

Пытаньне ня ў тым, каб зьявілася «трэцяя сіла», акрамя ўладаў і апазыцыі, кажа Алесь. «Трэцяй сілай» сябе пазыцыянаваў і цяперашні кіраўнік дзяржавы ў 1994-м, і рух «Гавары праўду», які цяпер залічваюць да апазыцыі.

«Трэба разумець, што гісторыя ведае некалькі варыянтаў разьвіцьця падобных падзеяў. Мы ў ППЦ вылучалі чатыры асноўныя: сцэнар Паўночнай Карэі, сцэнар Ярузэльскага, сцэнар Януковіча і сцэнар Кадафі. Нам здаецца, што для Беларусі аптымальным ёсьць пэўны аналяг сцэнару Ярузэльскага (які кіраваў Польшчай у 1980-х, але ў 1990-м даў згоду на дэмакратычныя выбары прэзыдэнта і перадаў уладу Леху Валэнсу), калі ўсе бакі засталіся задаволеныя, буйных узрушэньняў і інтэрвэнцыі не адбылося.

Але ў Польшчы быў рух „Салідарнасьць“, які склаў падрабязную праграму, пашыраў яе сярод працоўных масаў, нешта рабіў! Нашая апазыцыя нічога такога ня робіць. І гэта больш чым 20 гадоў».

Пра беларускага Валэнсу

Пры гэтым, кажа Алесь, улады загналі сябе ў тупік: Лукашэнка вымушаны лявіраваць паміж абяцаньнямі, якія падабаюцца электарату, і справамі, якіх вымагае рэчаіснасьць. Таму даводзіцца ладзіць пэўны спэктакль, каб захаваць твар і не супярэчыць самому сабе.

«У гэтым праблема нязьменнай улады. „Новы“ чалавек, які прыйшоў на пасаду, мае маральнае права нешта мяняць, і да яго ня будзе прэтэнзіяў. А калі чалавек дваццаць гадоў абяцаў адно, а цяпер вымушаны рабіць іншае — гэта выклікае незадавальненьне і псуе імідж».

Што да асобы магчымага новага лідэра, то Алесь заўважае, што беларусы любяць пэрсаніфікаваць усё вакол: улада — гэта Лукашэнка, выбары — гэта Ярмошына, апазыцыя — гэта Статкевіч ці Лябедзька. Але гэта не адпавядае рэчаіснасьці, таму ППЦ і выступае за тое, каб стварыць суполку, якая была б жыцьцяздольнай бяз пэўнага лідэра, як аўтаматычны мэханізм. Бо нэўтралізаваць аднаго лідэра проста, але нельга дапускаць, каб гэта прыводзіла да паралічу ўсёй сыстэмы.

«Можна згадаць гісторыю з Саньнікавым: калі яго вызвалілі, многія думалі, што ён зноў пачне нешта рабіць, змагацца, але такога не адбылося. У гэтым ня трэба вінаваціць самога Саньнікава, але людзі, якія чагосьці ад яго чакалі, проста наіўныя.

Ня трэба чакаць, што нехта звонку, Санта-Клаўс ці Ісус прыйдзе і ўсё зробіць. Беларускім Валэнсам павінна стаць ідэя, а не канкрэтная асоба. Але сёньня нашае грамадзтва не падрыхтаванае да такога. Яму прасьцей жыць кепска, але з думкай, што ў праблемах вінаваты нехта іншы, чым нешта рабіць, бо ў такім выпадку адказнасьць за наступствы прыйдзецца ўзяць на сябе».

Пра «змагароў»

Алесь заўважае, што суполку ППЦ шмат крытыкавалі за трасянку ці за назву тыя, каго ён называе «змагарамі», дадаючы «ў двукосьсі». Слова, кажа ён, зьмяніла сваю канатацыю з ранейшых часоў (хоць нават у СССР выдаваліся газэты кшталту «Калгасны змагар») і цяпер мае саркастычнае, а часта і нэгатыўнае значэньне.

«Калі людзі называюць сябе „змагарамі“, калі выступаюць пад нацыянальнай сымболікай, яны нясуць за гэта адказнасьць. У свой час такімі людзьмі была зробленая шкода і слову „змагар“, і сымболіцы, і нават крыху мове. Тое, што мова сёньня адмежавалася ад палітыкі, ужо добра. А сапраўдныя змагары не называюць сябе змагарамі. Як нельга назваць сябе героем ці проста малайчынам. Калі ты сапраўды герой, пра цябе так скажуць іншыя.

Калі ППЦ зробіць нешта ня тое, цень упадзе на слова „памяркоўны“, на слова „цэнтрызм“, на трасянку. Хто ад гэтага страціць? Мы выйграем у любым выпадку: калі мы зробім нешта добрае, хай нашую ідэю перахопяць іншыя; калі мы зробім нешта благое, хай лаюць носьбітаў трасянкі, памяркоўных, цэнтрыстаў».

У 2011 годзе, калі стваралася ППЦ, у грамадзтве яшчэ быў моцным падыход «свой ці чужы», кажа кіраўнік суполкі. Маўляў, калі чалавек крытыкуе ўладу — ён апазыцыянэр, а калі крытыкуе апазыцыю — ён лукашыст. Цяпер, кажа Алесь, падзел «свой-чужы» па сымболіцы і па мове паступова адыходзіць у мінулае: калі чалавек сёньня ідзе ў майцы з «Пагоняй», цалкам верагодна, што ён апалітычны, не належыць ні да якога руху, не зьяўляецца «змагаром». Але ў гэтым Алесь бачыць заслугу не апазыцыі, а бізнэсмэнаў, якія зразумелі, што на гэтым можна зарабіць.

Пра сьцяг і мову

«Змагары» надаюць зашмат увагі форме, а ня зьместу, кажа Алесь пра крытыку суполкі. Ды заўважае, што тое ж тычыцца і нацыянальнай сымболікі: ня варта цяпер казаць пра яе вяртаньне, трэба вырашаць больш сурʼёзныя пытаньні. Але збор подпісаў за бела-чырвона-белы сьцяг — справа карысная, бо, у адрозненьне ад шматлікіх «змагарскіх» пэрфомансаў, мае практычнае значэньне.

ППЦ выступае супраць маркіроўкі па вонкавых прыкметах і за разьмежаваньне сымболікі, мовы і палітычнай пазыцыі, кажа ён.

«У свой час мы прапаноўвалі прыносіць на акцыі апазыцыі дзяржаўныя сьцягі і ладзіць акцыі на дзяржаўныя сьвяты. Вось неўзабаве будзе дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. „Змагары“ ставяцца да яго строга нэгатыўна, але не разумеюць, што зь яго можна вынесьці нейкія плюсы: калі проста ўзяць тыя ж лёзунгі 1917 году, тыя ж патрабаваньні зямлі сялянам і заводаў рабочым, то гэта, вядома, будзе тролінг, але не бессэнсоўны.

Тое ж з сымболікай: было б цікава, калі б была створаная апазыцыйная партыя, сымболіка якой грунтавалася б на сучаснай дзяржаўнай. Гэта быў бы разрыў шаблёну ў ідэолягаў і прапагандыстаў дзяржавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG