Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Захарэвіч зладзіў пэрформанс на судзе за бела-чырвона-белы сьцяг


Падчас збору імі подпісаў за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Менск, 28 верасьня 2016 году
Падчас збору імі подпісаў за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Менск, 28 верасьня 2016 году

Судзьдзя Віталь Сямёнаў прызнаў актывістаў вінаватымі паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу аб паўторным парушэньні парадку правядзеньня масавых вулічных мерапрыемстваў. Адпаведны пратакол на Аляксандра Макаева і Зьмітра Захарэвіча быў складзены 28 верасьня, падчас збору імі подпісаў за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Супрацоўнік міліцыі Кастрычніцкага раёну маёр Колб, які складаў пратакол, а таксама міліцыянты Лаўрыновіч і Якуновіч, што фільмавалі падзеі, выступілі таксама ў судзе ў якасьці сьведкаў.

Паводле судовай працэдуры, беручы заключнае слова, Зьміцер Захарэвіч зладзіў пэрформанс: на паштоўцы з выявай бел-чырвона-белага сьцягу ён напісаў верш, які склаў напярэдадні, і зачытаў яго ў зале пасяджэньня:

Сьлёзы і пот, і халопства таўро,

Палотнішчы капітулянтаў

Дзёрзкім струменем закрэсьліла кроў,

Гарачая кроў камбатантаў.

Справа й прысуд ад падступных віжоў...

Аднак не адолець рэжыму

Чырвань на белым — гарачую кроў

Служэньня й Веры ў Радзіму!!!

Зьміцер Захарэвіч паведаміў Свабодзе, што ён і Аляксандар Макаеў лічаць пакараньне помстай сілавікоў за адкрыцьцё новых пляцовак грамадзкай актыўнасьці менчукоў: подпісы за бела-чырвона-белы сьцяг актывісты ўпершыню зьбіралі на станцыі мэтро «Інстытут культуры». Гэтаксама помстай актывісты называюць той факт, што на наступны дзень, 29 верасьня, судовыя выканаўцы без папярэджаньня зьявіліся на здымную кватэру Аляксандра Макаева і вынесьлі бытавую тэхніку.

Пакараньне штрафамі актывісты называюць незаконным і несправядлівым, але ня будуць яго абскарджваць, бо не спадзяюцца, што суд вышэйшай інстанцыі прыме справядлівае рашэньне. Адначасна яны намерваюцца і надалей удзельнічаць у акцыі прызнаньня бела-чырвона-белага сьцяга гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG