Як паведаміў Свабодзе Зьміцер Захарэвіч, яны зьбіралі подпісы ў падземным пераходзе станцыі мэтро Інстытут культуры. На іх зьвярнуў увагу дзяжурны міліцыянт менскага мэтрапалітэну, не зрабіўшы заўвагаў. Але праз некалькі хвілінаў зьявіўся маёр міліцыі Кастрычніцкага РУУС і склаў на абодвух актывістаў пратаколы ў частцы Адміністрацыйнага кодэксу аб паўторным парушэньні парадку правядзеньня масавага вулічнага мерапрыемства. Два сілавікі ў цывільным, якія яго суправаджалі, зафіксавалі інцэдэнт на відэакамэру.
Паводле Зьмітра Захарэвіча, падчас працэдуры складаньня пратаколу міліцыянты прасілі стаць сьведкам работніка бліжэйшага шапіка, але ён адмовіўся. Актывіст паведаміў, што мінакі, за некаторым выключэньнем, таксама пазытыўна ставяцца да акцыі і падпісваюцца пад зваротам. Так, за дзьве гадзіны было сабрана больш двухсот подпісаў.
Як паведамілі актывісты, рух «Разам» далучыўся да акцыі лідэра Маладога фронту Зьміра Дашкевіча і зьбірае подпісы цягам двух дзён. Напярэдадні адміністрацыйны пратакол быў таксама складзены на яшчэ адну актывістку руху Алену Талстую.