Акцыю зладзілі актывісты «Маладога фронту» і аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Раніцай быў затрыманы міліцыянтамі адзін з арганізатараў збору подпісаў Зьміцер Дашкевіч, ён на акцыю гэтак і не зьявіўся.
Таксама актывісты не дачакаліся Сяргея Пальчэўскага, які мусіў прывезьці зьбіральнікам подпісаў адмысловую расьцяжку, якая б інфармавала пра акцыю. Сяргей Пальчэўскі, паводле зьвестак «Маладога фронту», быў затрыманы на ўваходзе ў мэтро. Іншых зьбіральнікаў подпісаў міліцыянты не затрымлівалі і не заміналі імі падчас акцыі.
У зборы подпісаў каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» ўзялі ўдзел вядомыя асобы: пісьменьнік Уладзімер Арлоў, паэт і палітык Уладзімер Някляеў, мастак Аляксей Марачкін.
У другой палове дня зьбіральнікі подпісаў перамясьціліся з ходнікаў у падземны пераход каля станцыі мэтро «Кастрычніцкая».
Паводле актывіста БХД Паўла Пракаповіча, за мінулыя 4 дні ў Менску было сабрана каля тысячы подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг.
«Гэтую лічбу мы плянуем у шмат разоў павялічыць, бо людзі падпісваюцца ахвотна і актыўна», — сказаў Свабодзе Павал Пракаповіч.
Далей актывісты маюць намер перадаць сабраныя подпісы гарадзкім уладам.