У ходзе праведзенага ў панядзелак брыфінгу прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст пракамэнтаваў сытуацыю ў Сырыі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«З боку рэжыму Асада і Расеі мы бачым скаардынаваную кампанію ўдараў па цывільных аб’ектах, закліканую сілай падпарадкаваць сабе мірнае насельніцтва», — канстатаваў ён.
Гэтая кампанія прымае розныя формы, адзначыў Эрнэст. «У мінулыя выходныя, — падкрэсьліў ён, — мы бачылі, як наносіліся мэтанакіраваныя ўдары па штаб-кватэрах і базах „Белых шаломаў“ — гуманітарнай арганізацыі, якая аказвае першую дапамогу пацярпелым і проста спрабуе забясьпечыць дабрабыт і бясьпеку людзей, якія апынуліся на лініі агню».
Па словах прадстаўніка Белага дома, відавочна, што дзеяньні Масквы ў Сырыі пацягнуць за сабой наступствы і для самой Расеі. «Яна, — растлумачыў Эрнэст, — яшчэ глыбей уцягваецца ў канфлікт унутры Сырыі. Яна становіцца ўсё больш ізаляванай ад сусьветнай супольнасьці. Ёй давядзецца ўкласьці нямала дадатковых рэсурсаў, каб падмацаваць свае намаганьні. І гаворка ідзе пра рэсурсы, якіх у Расеі ня так шмат. Мы ведаем, што яе эканоміка аслаблена, а валютныя рэзэрвы рэзка скараціліся ўсяго за некалькі гадоў».
«Думаю, што наступіў момант, калі мы ацэньваем падыход Расеі да сытуацыі не па заявах яе пасла, але па дзеяньнях яе вайскоўцаў», — падкрэсьліў Джош Эрнэст.