Украінская дэлегацыя ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы можа часова прыпыніць свой удзел у выпадку аднаўленьня паўнамоцтваў расейскай дэлегацыі пасьля правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Дзяржаўную думу Фэдэральнага Сходу на тэрыторыі анэксаванага Крыму.
«У нас ёсьць абсалютна дакладная ды аргумэнтаваныя пазыцыя, што палова новага складу парлямэнту Расеі абіраецца за кошт галасоў Крыму, таму што гэтае галасаваньне ў аднамандатнай выбарчай акрузе адбываецца паводле партыйных сьпісаў. У тым выпадку, калі адбудзецца такое галасаваньне, гэта будзе сусьветным прэцэдэнтам за апошнія шмат гадоў, калі на анэксаванай і акупаванай тэрыторыі праходзяць выбары ў парлямэнт краіны-акупанта», — сказаў кіраўнік украінскай дэлегацыі ў ПАРЭ Уладзімір Ар’еў.
Украінскі дэпутат нагадаў, што Армэнія не праводзіць парлямэнцкія выбары на тэрыторыі Нагорнага Карабаху, а таксама Турцыя — на тэрыторыі Паўночнага Кіпру. «Гэта будзе першы такі прэцэдэнт, і калі ПАРЭ прызнае такім чынам паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі, якая была абраная за кошт галасоў акупаванай тэрыторыі, то гэтая арганізацыя сама парушае міжнароднае заканадаўства і свае задэкляраваныя прынцыпы, паводле якіх ПАРЭ не прызнае расейскую юрысдыкцыю Крымскага паўвостраву», — патлумачыў ён.
Разам з тым, Уладзімір Ар’еў не ўдакладніў, на які тэрмін украінская дэлегацыя прыпыніць сваю дзейнасьць у складзе ПАРЭ. «Далей пабачым, бо мусім улічыць вялікую колькасьць абставінаў. Але калі будзе ўхвалена такое рашэньне, то Ўкраіна будзе адсутнічаць у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы да таго часу, пакуль Рада Эўропы не адновіць уласна свае прынцыпы. Але канчатковага рашэньня пакуль няма», — падкрэсьліў кіраўнік украінскай дэлегацыі.
10 верасьня стала вядома, што Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў Міністэрству замежных спраў паведаміць расейскім уладам аб недапушчальнасьці правядзеньня выбараў у Дзяржаўную думу Расеі на ўкраінскай тэрыторыі. У той самы дзень прадстаўнік украінскага МЗС Аляксей Макееў заявіў, што правядзеньне выбараў у Дзярждуму Расеі ў дыпляматычных консульствах і консульскіх службах на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны немагчыма з-за парушэньня Расеяй нормаў міжнароднага права.
8 верасьня намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Андрэй Магера выказаў меркаваньне пра неабходнасьць выхаду Ўкраіны са складу Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД у сувязі з плянамі Расеі правесьці парлямэнцкія выбары на тэрыторыі Крыму.
Раней Вярхоўная Рада Ўкраіны заклікала сусьветную супольнасьць не прызнаваць галасаваньне на тэрыторыі Крыму. У Крамлі заявілі, што ня будуць рэагаваць на заявы замежных парлямэнтаў, калі вынікі выбараў не прызнаюць.
Расея анэксавала Крым у сакавіку 2014 году пасьля рэфэрэндуму, арганізаванага прарасейскімі ўладамі. Масква абвяргае абвінавачаньні ў акупацыі паўвострава.