Хамэнэі ў паведамленьні на сваім вэбсайце, пашыраным іранскімі дзяржаўнымі мас-мэдыямі, усклаў на Савудаўскую Арабію адказнасьць за цісканіну падчас Хаджу 2015 году, ахвярамі якой сталі тысячы паломнікаў. Значная частка загінулых прыбыла ў Мэку з Ірану.
«Тыя, хто ператварыў Хадж у турыстычную паездку, тыя, хто не хавае варожасьці да рэвалюцыйнага і дбайнага ў веры народу Ірану, займаючыся палітызацыяй рэлігіі — ня больш, чым баязьлівыя дэманы, якія пачынаюць дрыжаць пры любой няўдачы Вялікага шайтана — ЗША», — заявіў ён .
«Трагедыя 2015 году не дарма супала з наладжваньнем сяброўскіх адносін паміж Эр-Рыядам і сіяністамі. Савудыты забыліся пра жахлівыя пакуты палестынцаў, пра іх імкненьне да свабоды і незалежнасьці», — дадаў аятала.
Ён выказаў абурэньне тым, што Ірану не былі вылучаныя квоты на Хадж 2016 году, і дадаў, што адзінае выйсьце з узьніклай сытуацыі — пазбавіць «прагных, разбэшчаных тыранаў» статусу захавальнікаў сьвятыняў і ўскласьці гэтую сьвяты абавязак на ўсіх мусульманаў сьвету.