«Замежныя інвэстары не павінны рабіцца памагатымі рэжыму і ўдзельнічаць у жорсткіх палітычных рэпрэсіях у Беларусі або атрымліваць ад іх выгаду», — заявіла МЗС Нямеччыны ў камэнтары інфармацыйнаму агенцтву «Позірк».
«Мы вельмі сур’ёзна ставімся да страшных паведамленьняў і правяраем іх», — адзначылі ў замежнапалітычным ведамстве.
У МЗС Нямеччыны падкрэсьлілі, што асуджаюць «усе формы прымусовай працы, катаваньняў і праўнай сваволі» і «зь вялікай занепакоенасьцю сочаць за пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».
У адказе гаворыцца, што разам з эўрапейскімі партнэрамі Нямеччына па-ранейшаму «цьвёрда прыхільная неадкладнаму вызваленьню ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьню сыстэматычных палітычных рэпрэсіяў у Беларусі».
«Адпаведна сваім міжнародным абавязаньням Беларусь нясе адказнасьць за забесьпячэньне гуманных умоваў утрыманьня і адэкватнай мэдычнай дапамогі ўсім затрыманым. Менавіта так краіна ацэньваецца ў тым ліку на міжнародным узроўні», — лічаць у МЗС Нямеччыны.
- 24 верасьня сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных паводле палітычных артыкулаў да працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначаецца, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
- Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
- «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзенская вобласьць). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў сёлета ў красавіку паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. 7 жніўня яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
- 25 верасьня нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.
Форум