Чаму надзвычай пасьпяховая некалі для Беларусі алімпійская дысцыпліна — спартовая гімнастыка — за некалькі пакаленьняў ператварылася ў правальную? Як сталася, што таленавітыя атлеты нечакана «скончыліся» і іх даводзіцца купляць за мяжой?
Алена Валчэцкая, Вольга Корбут, Тамара Лазаковіч, Антаніна Кошаль, Нэлі Кім, Сьвятлана Багінская, Віталь Шчэрба, Іван Іванкоў — толькі некаторыя прозьвішчы, якія ўславілі беларускую школу спартовай гімнастыкі. Аднак вось ужо колькі гадоў беларусам на міжнародных спаборніцтвах адпачатку адводзіцца роля статыстаў.
На Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра ў камандных спаборніцтвах Беларусь не прадстаўленая зусім — ні ў жаночую, ні ў мужчынскую сеткі «праціснуцца» не ўдалося. Мінімальны склад беларускіх удзельнікаў і ў індывідуальных спаборніцтвах — і тое «беларускімі» іх назваць можна хіба з нацяжкай.
У Беларусі найгоршы старт за ўсю гісторыю выступаў на Алімпіядзе
Незадоўга перад Гульнямі ў распалажэньні зборнай зьявіліся 16-гадовая Кэйлі Дыксан і 17-гадовая Алаіна Кван. Спартовую грамадзкасьць паставілі перад фактам: амэрыканкі атрымалі беларускія пашпарты і ў Бразыліі будуць змагацца за высокія месцы. У выніку Кван на Алімпіяду не паехала ўвогуле, а Дыксан фінішавала 58-й з 59 удзельніц. Што адметна, абедзьве ніводнага разу не наведаліся ў Беларусь, каб хоць дзеля праформы пацікавіцца, што за краіна ўзяла іх пад свае сьцягі.
Стаўка на легіянэраў і ў мужчынскай камандзе — найперш на расейцаў Андрэя Ліхавіцкага і Дзьмітрыя Баркалава. Аднак барнаулец Баркалаў ня здолеў адабрацца ў канчатковы сьпіс на тэставых зборах; самарац Ліхавіцкі ў кваліфікацыі шматбор’я паказаў 16-ты вынік, а ў вырашальнай стадыі скончыў выступ на 18-й пазыцыі.
Куды падзелася былая слава беларускіх гімнастаў? Чаму прыйшоў у заняпад від спорту, дзякуючы якому замежнікі даведваліся пра існаваньне Беларусі? Сытуацыю ў некалі мэдалёвай дысцыпліне аналізуе Рэнальд Кныш — заслужаны трэнэр СССР і БССР, заслужаны дзеяч фізычнай культуры Беларусі, настаўнік алімпійскіх чэмпіёнак Алены Валчэцкай і Вольгі Корбут. Аўтар шэрагу практычных кніг, прысьвечаных праблемам спартовай гімнастыкі, шмат гадоў вядзе ліставаньне зь ведамствамі, прапануючы рэцэпт аздараўленьня свайго ж дзецішча. Аднак выглядае, што багаты досьвед адмыслоўца не запатрабаваны.
— Рэнальд Іванавіч, як Вы ўспрынялі вынікі прадстаўнікоў беларускай спартовай гімнастыкі?
— Ну, па вялікім рахунку, праблемы ня толькі ў нашым відзе, наагул Беларусь нічога ўцямнага на Алімпіядзе пакуль не паказвае. А пра купленых гімнастаў зусім маўчу: амэрыканка тут нават дзеля выгляду не зьявілася, расеец, наколькі ведаю, больш жыве ў Нямеччыне. Вось вам і ўся беларуская гімнастыка на сёньняшні дзень. Таму сытуацыя нікуды ня вартая, прыкрая...
— Як здарылася, што раптоўна зьніклі ўласныя чэмпіёны і кадры шукаюць за мяжой? Ці ёсьць тут нейкая змова, элемэнт адмываньня грошай, карупцыя?
— У нас спартовай гімнастыкай ужо шмат гадоў загадвае Антаніна Кошаль, яна старшы трэнэр зборнай. Асацыяцыяй гімнастыкі кіруюць дзьве камэрсанткі (Алена Скрыпель і Рыта Брыцікава, кіраўніцы сеткі крамаў Duty Free «Хелена Валеры». — РС). Нэлі Кім — намесьніца старшыні па міжнародных сувязях. Што там паміж сабой круцяць — можна толькі здагадвацца. Але гэта яны прыдумалі зрабіць амэрыканак беларускамі, ніхто іншы. Наагул не зьдзіўлюся, што, магчыма, алімпійская чэмпіёнка Кошаль прыкладае намаганьні, каб выбітных спартоўцаў зьяўлялася як мага меней, каб яе славу ніхто не пераўзышоў. Гэта сутнасьць чалавечага эгаізму. Як ні горка казаць, чым горш — тым лепш.
— Зноў жа, а дзе трэнэры? Спартовец сам па сабе ніадкуль ня ўзьнікне, яго трэба ўзгадаваць...
— Самая вялікая праблема — гэта прыніжэньне трэнэраў, якія могуць і ўмеюць рыхтаваць чэмпіёнаў. У спартовую гімнастыку, як і ў іншыя віды, трэнэры, якія сябе паважаюць, не ідуць — няма разуменьня іхняй місіі. А калі ідуць, дык толькі так, каб плюнуць на ўсё, набраць вялікую групу, атрымліваць грошы і больш нічога. Прыйшоў, пакамандаваў «крокам руш» — і дадому. Бо каб паставіць мэту — падрыхтаваць алімпійскага прызэра — трэба загадзя адмовіцца ад усіх жыцьцёвых дабротаў і цалкам прысьвяціць сябе гэтай справе. Абдумваць кожную трэніроўку, глядзець, якія памылкі дапускаюць іншыя, каб іх пазьбегнуць самому, экспэрымэнтаваць і пераносіць на свайго вучня толькі лепшае, падносіць яму ўсё на сподачку. Вось у чым сутнасьць. А гэтага няма. Я пра ўсё гэта пісаў, гаварыў на ўсіх узроўнях, але, апроч непрыемнасьцяў, нічога ня меў...
— Іншымі словамі, палітыка ў сучасным беларускім спорце ўсё больш схіляецца ў бок таго, каб не рыхтаваць сваіх чэмпіёнаў, а аднекуль прыцягнуць гатовых?
— На жаль, гэта ўласьціва ўжо шмат якім відам, калі купляюць іншаземных атлетаў у спадзяваньні, што яны ўздымуць наш спорт. Мільёны даляраў на іх трацяць, а потым аказваецца, што некаторыя да той Беларусі нават ні разу і не даехалі. Але, паўтараю, гэта ня толькі ў гімнастыцы такія тэндэнцыі, у іншых дысцыплінах таксама: ой, зараз купім, на аднаго патрацім столькі грошай, колькі на дзесяць сваіх, а потым той абавязкова стрэліць. І я не сумняюся, што гэта якраз вынік лабісцкай палітыкі асобных нашых алімпійскіх чэмпіёнаў — для выгляду прывязём, а там хоць трава не расьці. Таму на выхадзе і атрымліваецца пшык.
— Вы ўсё ж перакананыя, што стаўку трэба рабіць на мясцовыя кадры?
— Трэба сваіх рыхтаваць, толькі так. А для гэтага павінна быць зусім іншае стаўленьне да трэнэра. Неабходна, каб трэнэр сам захацеў рыхтаваць алімпійскіх чэмпіёнаў, каб чалавек без прымусу ішоў дзеля гэтага ў вялікі спорт. На жаль, нікога няма, ніхто не ідзе. Бо моладзь таксама бачыць абы-якое стаўленьне да трэнэрскай працы — адпаведна, прытоку новай крыві няма. А тое, што нібыта знайшлі выйсьце — маўляў, недзе купім і яны праславяць Беларусь — дык гэта лухта поўная. Так, грошай траціцца чорт ведае колькі, а эфэктыўнасьць практычна нулявая.
— Вы аўтар кнігі «Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў». Чаму вашы рэцэпты — пэдагога, трэнэра, практыка — да гэтага часу не задзейнічаныя ў падрыхтоўцы спартоўцаў?
— Таму што мае прапановы ідуць уразрэз з палітыкай тых адказных асобаў, якія да спорту маюць у лепшым выпадку ўскоснае дачыненьне. І сёньня яны на чале спорту — іншая справа, што кіруюць як могуць. Але калі трэнэр ставіць перад сабой выразную мэту — найвялікшую, самую высокую — то ён ёю жыве без астатку. Нават грошы адступаюць на дальні плян. Граюць, вядома, нейкую ролю, бо дапамагаюць выжыць, але ніяк не галоўную.
— Якія нюансы ў працэсе падрыхтоўкі патэнцыйнага чэмпіёна трэба ўлічваць найперш?
— Я, напрыклад, калі пачаў рыхтаваць Вольгу Корбут, узьнікла мноства спадарожных момантаў. І самы галоўны зь іх — праца толькі з адной вучаніцай. А трэнэру, каб атрымліваць заробак, навязваюць як мінімум дзьве групы. Разумееце, у чым праблема? Масавасьць у спорце — гэта забойца майстэрства. Толькі індывідуальны падыход; як мінімум два разы на дзень займацца, каб ён ці яна не адчувалі сябе аднароднай масай з астатнімі. Пры гэтым нічым лішнім не загружаць, выключна тое, што патрэбна для выніку. Гэтага, на жаль, няма, увесь час далдоняць — масавасьць, масавасьць. Набяры, кажуць, болей, і лепшы, здольны сябе праявіць. Ды нічога падобнага — загубіцца нават самы здольны, загіне ў гэтым «калгасе».
— Пры канцы застаецца толькі згадаць, што ледзь не ад паваеннага часу беларусы цэмэнтавалі зборную СССР. А цяпер вось нацыянальная каманда Беларусі вымушана ўмацоўвацца легіянэрамі...
— Тое, што цяпер адбываецца, ня ўкладваецца ў галаве. Купілі, увалілі столькі грошай — а на фінішы лухта поўная. Так рабіць нельга, з такім падыходам наш від проста загіне. Я для прыкладу наглядна праілюструю. Спартовая гімнастыка, 1972 год. У зборнай СССР з шасьці гімнастак — тры прадстаўніцы Беларусі: адна з Горадні, адна зь Віцебску і адна зь Менску. Каманда ў тым складзе стала чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў. Тады ўсё павыйгравалі савецкія гімнасткі, нашы ў тым ліку. А цяпер як пачнуць дзе выступаць, глядзі, каб не было 40-е, а то і 140-е месца. Нам патрэбная праўда пра рэальны стан рэчаў, а яна ўпарта хаваецца — як ні парадаксальна, колішнімі алімпійскімі чэмпіёнамі. А так нічога ня будзе, ніякага прагрэсу. Таму трэба прабіваць гэтую сьцяну супольнымі намаганьнямі...
***
Рэнальд Кныш нарадзіўся ў 1931 годзе ў Капылі на Меншчыне. Падчас вайны сям’я ў эвакуацыі ў Лапазе тагачаснай Чкалаўскай вобласьці. У 1944-м бацьку накіравалі загадваць аддзелам адукацыі ў Горадні. У 1950-м паступіў на фізыка-матэматычны факультэт мясцовага пэдынстытуту, праз год перавёўся ў Менскі інстытут фізкультуры.
Ад 1953-га — трэнэр па спартовай гімнастыцы ў гарадзенскай ДСШ № 3. Яго вучаніцы заваявалі 5 залатых мэдалёў Алімпіядаў: Алена Ваўчэцкая стала першай гарадзенскай алімпійскай чэмпіёнкай, Вольга Корбут — першай жанчынай СССР з тытулам «Лепшая спартоўка сьвету». Заслужаны трэнэр БССР і СССР.
Выдаў шэраг паэтычных зборнікаў і вершаваных раманаў, аўтар дапаможнікаў «Як рабіць алімпійскіх чэмпіёнаў», «У цені спорту» і г. д.