Цыганкоў: Белстат апублікаваў сьвежыя дадзеныя аб разьвіцьці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў краіне. Галоўны вынік такі — удзельная вага малога бізнэсу ў ВУП скарацілася на адзін працэнтны пункт, з 25% да 24%. Мяркуючы па дынаміцы, нават даволі сьціплыя плянавыя паказчыкі нядаўна прынятай Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016 — 2020 гады наўрад ці ўдасца выканаць.
Парадокс у тым, што ня толькі незалежныя эканамісты, але і дзяржаўныя чыноўнікі часта кажуць пра тое, што менавіта малы бізнэс павінен выцягнуць беларускую эканоміку. «Перад намі цяпер стаіць прыярытэтная задача — нарасьціць малое і сярэдняе прадпрымальніцтва. Усе нацэлена на тое, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу», — заяўляла, напрыклад, у ліпені, намесьніца міністра эканомікі Ірына Касьцевіч.
Але словы — адно, а рэальнасьць — зусім іншае.
Сумарная колькасьць работнікаў мікра-, малых і сярэдніх арганізацыяў у 2015 годзе зьменшылася (у параўнаньні з 2010 годам) на 109 тысяч чалавек, да 1 млн 136 тысяч чалавек. Мы ведаем хваляваньні ІП наконт вядомага указу № 222, які, на іх думку, абмяжоўваў іхныя магчымасьці.
Бачым такія «нажніцы» паміж рэальнасьцю і заявамі. У заявах нават прадстаўнікоў эканамічнага блёку ўраду неаднаразова падкрэсьліваецца неабходнасьць разьвіцьця малога прадпрымальніцтва, а на самой справе адбываецца яго скарачэньне. І як у колькасьці асобаў, якія бяруць у ім удзел, так і ва ўдзельнай вазе ў ВУП.
Рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва летась склала ўсяго 8%. Некаторыя проста сыходзяць у нуль.
Зьменшылася, напрыклад, рэнтабэльнасьць у будаўнічай сфэры, сельская гаспадарка сыходзіць у нуль і г. д. Адзіны пробліск аптымізму ў тым, што ІП усё больш актыўна адкрываюць розныя кафэ. Калі 5 гадоў таму ІП кіравалі 90 такімі аб’ектамі грамадзкага харчаваньня ў краіне, то на канец мінулага году — больш за 300, асабліва ў Берасьцейскай вобласьці.
Статыстыка паказвае, што фаварытызм на карысьць дзяржаўнага сэктару пакуль непераможны.
Але гэта паглынулася тым, што вялікія гандлёвыя сеткі, якія ўсё больш ахопліваюць пакупнікоў, відавочна зьнішчаюць маленькія гандлёвыя кропкі. Супернічаць у сфэры продажу харчовых тавараў зь вялікімі гандлёвымі сеткамі малому бізнэсу ўсё складаней, што паказвае статыстыка гандлёвай дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў.
Калі на канец 2010 году ў краіне было 923 харчовыя крамы, якія належаць ІП, то да пачатку 2016 году — 566. 70% саміх прадпрымальнікаў заяўляюць, што ўмовы вядзеньня іх бізнэсу пагоршыліся за апошні час.
Такім чынам, статыстыка паказвае, што фаварытызм на карысьць дзяржаўнага сэктару пакуль непераможны. Дзяржава пакуль не павярнулася тварам да прадпрымальніцтва, а менавіта гэта, на думку незалежных экспэртаў і міжнародных эканамічных дарадцаў, МВФ, — тое, што здольнае вывесьці краіну на больш пасьлядоўнае і стабільнае разьвіцьцё. Менавіта дзяржаўны сэктар паказвае найгоршыя вынікі гаспадараньня.
Дракахруст: Тлумачыцца тое, што адбываецца, старой прымаўкай: пакуль тоўсты сохне — худы здохне. Прыкладна так адлюстроўваецца крызіс у беларускай эканоміцы. І справа ня толькі ў тым, што для вялікага прадпрыемства страты ня так небясьпечныя, як для малога, але і ў мяккай крэдытнай і фінансавай палітыцы дзяржавы адносна вялікіх дзяржаўных прадпрыемстваў.
Калі апынаецца ў мінусе, скажам, МАЗ — што будзе? На ўзроўні ўраду можа будзе прынятае нейкае рашэньне пра адтэрміноўку выплаты падаткаў, націснуць на нейкі банк, прымусяць яго даць крэдыт. Іншымі словамі, будзе ўжыты велізарны набор інструмэнтаў, каб гэтае прадпрыемства засталося «на плыву».
Тлумачыцца тое, што адбываецца, старой прымаўкай: пакуль тоўсты сохне — худы здохне
Ну а калі праблемы ў мікрапрадпрыемства, у якім, скажам, 10 чалавек працуе, хто ім будзе дапамагаць? Ніхто. Хочаце крэдыт — калі ласка, ведаеце адсотак, і ні на ёту вам ніхто яго не скароціць.
Ну і самы моцны ўдар адбываецца па малых і сярэдніх прадпрыемствах. Акрамя таго, можа быць прадпрымальнікі і перабольшвалі ўдарную сілу ўказу № 222, хтосьці можа і адаптаваўся да новых умоваў, але ў цэлым гэта ўдар. І гэта прынесла адпаведныя страты гэтай сфэры беларускай эканомікі.
Хоць, зь іншага боку, гэта фактычна падзеньне на 1 адсоткавы пункт. Сказаць, што гэта катастрофа, што гэта поўная зьмена структуры эканомікі, нельга. Яна як была кепскай, большую частку яе вытвараў дзяржаўны сэктар, у адрозьненьне ад заходніх краін, такой яна і засталася.
Цыганкоў: Але адметнасьць у тым, што гэта адбываецца на фоне падзеньня вытворчасьці буйных прадпрыемстваў. І было б лягічна, што раз буйныя настолькі істотна зьніжаюць, то на іх фоне вырастуць малыя. Не: і там, і там падзеньне.
Глод: Пытаньне Віталя Цыганкова фактычна складаецца зь дзьвюх частак. Першую, вы, калегі, ужо разабралі. Таму я хачу засяродзіцца на другой частцы — чаму расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў?
Мне падаецца, уся праблема тут у тым, што ўлады так і ня вырашылі, што рабіць са стратнымі прадпрыемствамі. Гучаць нейкія агульныя заявы, напрыклад ад міністра эканомікі Ўладзімера Зіноўскага: «У Беларусі ня будуць падтрымліваць абсалютна стратныя прадпрыемствы. Іх чакае рэструктурызацыя альбо нейкія іншыя „эканамічныя дзеяньні“».
Вось фармулёўка — нейкія іншыя эканамічныя дзеяньні. Што стаіць за гэтымі агульнымі словамі?
Уся праблема тут у тым, што ўлады так і ня вырашылі, што рабіць са стратнымі прадпрыемствамі.
Той самы Зіноўскі казаў сёлета, што падтрымку атрымаюць дзяржаўныя высокарэнтабэльныя прадпрыемствы, якія даюць добрую дададзеную вартасьць. На яе могуць спадзявацца і іншыя заводы, фабрыкі, якія знаходзяцца ў горшым становішчы. Праўда, падтрымка будзе меншая, не такая, як раней.
Канечне, можна паспрабаваць прадаць хоць частку прадпрыемстваў, якія ўжо даўно працуюць дрэнна. Але ці знойдуцца ахвочыя іх купіць? Беларусь — не найлепшая краіна для інвэстыцый, бо тут не гарантаванае самае галоўнае — права ўласнасьці. Таму інвэстар разумее, што можна сюды прыйсьці, загразнуць і застацца ні з чым.
Пакуль ня бачна, што беларускія фабрыкі і заводы хтосьці сьпяшаецца набыць. А ў варунках крызісу канфлікт інтарэсаў пакупніка і прадаўца толькі ўзрастае. Інвэстар спадзяецца, што заўтра яму прададуць яшчэ таньней, а дзяржава разьлічвае неадкладна атрымаць як мага больш грошай і наўрад ці зьнізіць кошт.
Да таго ж апошнімі гадамі экспэрты кажуць пра новую тэндэнцыю — усё больш інвэстараў аддаюць перавагу стварэньню з нуля прамысловай вытворчасьці ў Беларусі. Ніхто ня хоча плаціць грошы за састарэлае абсталяваньне і цагляныя сьцены. Паставіць новы будынак, нашпігаваць сучасным абсталяваньнем значна таньней. І гэта ўскладняе задачу пазбаўленьня ад стратных прадпрыемстваў. Гэты баляст зьяўляецца сыстэмаўтваральным чыньнікам. Да прыкладу, шмат якія калгасы стратныя, але для сельскага насельніцтва яны зьяўляюцца арганізацыйнай структурай. Каму іх перадаць, дзяржава ня ведае. А страціць кіраваньне народам баіцца. Вось улада і вымушана падтрымлівае «на плыву» стратныя прадпрыемствы і стварае нейкія, няхай, невялікія сацыяльныя гарантыі.