Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто колькі зарабляе ў Беларусі


738 рублёў сярэдняга заробку ў чэрвені. А як гэтая «сярэдняя тэмпэратура» па шпіталі разьмяркоўваецца па асобных «палатах»?

Дракахруст: Белстат агучыў апошнія зьвесткі па заробках беларусаў. Паводле іх, сярэдні налічаны заробак у чэрвені склаў 738 дэнамінаваных рублёў, 369 даляраў у эквіваленце.

Вельмі часта можна пачуць — дык той сярэдні заробак, як сярэдняя тэмпэратура па шпіталі. Дадзеныя Белстата даюць адказ і на гэтае пытаньне праз вынікі абсьледаваньня прадпрыемстваў.

Група самых бедных беларусаў з заробкам менш за 200 рублёў складае 2.3%. Самая вялікая даходная група 29% — гэта амаль траціна — мае заробак ад 200 да 400 рублёў. Кожны пяты — 20% — мае заробак у раёне сярэдняга — ад 600 да 800 рублёў.

Ад тысячы да 1500 рублёў атрымліваюць прыкладна 9%. І нарэшце самыя высокадаходная група — 1500 рублёў і больш — каля 2% насельніцтва.

Лічбы сьведчаць пра тое, што беларусы жывуць бедна.

Гэтыя лічбы сьведчаць пра тое, што беларусы жывуць бедна. У самай галечы — менш чым па тры даляры на дзень — ня так і шмат, 2%. Прыкладна столькі ж, дарэчы, складае і іншы полюс — самых заможных. Хаця заможнасьць, зразумела, адносная — з заробкам у тую самую тысячу даляраў, які Лукашэнка абяцаў у 2010 годзе на 2015 год як сярэдні.

Даходы досыць нераўнамерна разьмеркаваныя ў залежнасьці ад рэгіёну. Зразумела, што чэмпіён у гэтым пытаньні — Менск, там сярэдні заробак больш за тысячу. На другім месцы па даходах — Меншчына, потым — Гомельшчына. Пры гэтым у чатырох абласьцях — Берасьцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай сярэдні заробак складае 630 рублёў, на 108 менш, чым па краіне, і на 400 менш, чым у сталіцы.

Самая высокааплатная спэцыяльнасьць у краіне — кампутаршчыка, у сярэднім беларус-айцішнік атрымлівае больш за паўтары тысячы даляраў.

Глод: Калі браць апошнія пару гадоў, то першы раз зьніжэньне заробкаў у Беларусі было зафіксаванае ў жніўні 2014 году. І затым гэтая тэндэнцыя толькі нарошчвалася. Антырэкорд быў усталяваны за першае паўгодзьдзе сёлета, калі рэальныя даходы беларусаў скараціліся на 7% у параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году. Хоць заробкі ў другім квартале падрасьлі. Белстат падлічыў, што ў чэрвені сярэднестатыстычнаму беларусу налічылі амаль на 300 тысяч «старых» рублёў болей, чым, напрыклад, у сакавіку. Аднак і пры гэтым, у 70% рэгіёнаў заробкі не перавышаюць 250 даляраў на месяц. А ў 8 рэгіёнах сярэдні заробак ніжэйшы за 200 даляраў.

Найбольш ад пачатку гэтага году пацярпелі тыя, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, ахове здароўя і гатэльным бізнэсе.

Я праглядаў статыстыку і заўважыў, што найбольш ад пачатку гэтага году пацярпелі тыя, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, ахове здароўя і гатэльным бізнэсе. Гэтыя віды дзейнасьці адносяцца да катэгорыі нізкааплатных. І гэта тэндэнцыя фіксуецца ўжо пару апошніх гадоў.

А з новых трэндаў — гэта зьніжэньне колькасьці грошай, якія атрымлівалі беларускія нафтаперапрацоўшчыкі і калійшчыкі. Тлумачыцца гэта падзеньнем коштаў на ўсясьветным рынку, што на нафту, што на калійныя ўгнаеньні. Пра што казаць, калі максымальны ровень рэгіянальных заробкаў — у Салігорскім раёне — з-за дэвальвацыі нацыянальнай валюты і пагаршэньня паказьнікаў «Беларуськалія» скараціўся да 445 даляраў.

І тут, як кажуць экспэрты, можа ўзьнікнуць рызыка адтоку высокакваліфікаваных спэцыялістаў зь Беларусі.

Я хачу згадаць, што раней беларусы часта езьдзілі на заробкі ў Расею. Быў час, калі гэта было вельмі выгадна. Але ў жніўні мінулага году заробкі ў Расеі ўпалі ніжэй за 500 даляраў і амаль зраўняліся з беларускімі.

Гэта зьява мае, як найменей, два наступствы: па-першае, беларуская прадукцыя губляе канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку. Па-другое, скарачаецца адток працоўных рэсурсаў з нашай краіны.

Пасьля гэтага, праўда, палучкі ў нашых суседзяў пачалі павялічвацца і паступова розьніца пачынае зноў узрастаць. Так што можна чакаць, што хутка беларусы зноў паедуць на заробкі ў Расейскую Фэдэрацыю.

Цыганкоў: Гэтыя лічбы нагадваюць адзін вядомы беларускі афарызм наконт таго, што калі няма грошай, пара мяняць даляры. Якраз статыстыка і жыцьцёвыя назіраньні пра гэта сьведчаць.

Беларускае насельніцтва па статыстыцы жыве не па сродках, спажывае нашмат больш, чым зарабляе, паколькі рэальныя даходы насельніцтва зьніжаюцца апошнія два гады, і яны зьнізіліся больш, чым выдаткі, прынамсі да такой высновы прыйшоў Нацыянальны банк. Беларусы дастаюць свае дэпазыты з банкаў ці з матрацаў і пачынаюць траціць іх.

Доля тых, каму грошай не хапае нават на ежу, паводле апытаньняў НІСЭПД, павялічылася зь 2013 году зь 9 да 19%.

Доля самых бедных, тых, каму грошай не хапае нават на ежу, паводле апытаньняў НІСЭПД, павялічылася зь 2013 году зь 9 да 19%. Паняцьце сярэдняга заробку, які цяпер складае каля 7 мільёнаў рублёў старымі грашыма, зусім не адпавядае беларускім рэаліям, бо яго атрымліваюць намнога менш, чым палова людзей. Большасьць атрымлівае менш за сярэдні — звыш 60%.

Калі амаль 30% атрымліваюць заробак да 4 мільёнаў, ці па-новаму 400 рублёў, а ўсяго 1,6% атрымліваюць заробак вышэйшы за 20 мільёнаў, то вось і атрымліваецца сярэдняя тэмпэратура па шпіталі.

Сыходзіць тая сацыяльная дзяржава, якая была гонарам беларускай улады апошнія 20 гадоў. Павялічваецца нераўнамернасьць даходаў і доля тых, хто не проста бедны, а ніжэй ўзроўню беднасьці нават паводле
самых сьціплых беларускіх стандартаў. Апошнія дзеяньні ўладаў па так званай лібэралізацыі эканомікі не даюць падставаў казаць, што гэты працэс можа спыніцца. Відавочна, ён будзе ісьці. Гэта тое, да чаго беларускае насельніцтва пачынае паступова прызвычайвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG