«Вам расказаць, навошта я гэта зрабіла? — сама пытаецца Натальля. — Гэта было натуральнае жаданьне. Ведаеце, я ўжо ў такіх гадах, калі не магу кожнаму тлумачыць, што я нязгодная зь іх меркаваньнем, што мне сумна з гэтымі „ватнікамі“ размаўляць. Мне лепш гэта паказаць. Яны гэта бачаць, і яны замаўкаюць. Для іх шок».
Зграбны малюнак на руцэ жанчыны зьявіўся дзякуючы мастаку Дзьмітрыю Траяновічу. Яго параіла дачка Натальлі — Анастасія. Натальля расказвае, што яе просьбай Дзьмітры быў «трохі зьдзіўлены». Сам працэс заняў каля гадзіны. Натальля кажа, што было балюча.
«Але я цярпела, нават ня пікнула!» — ганарыцца яна. Яшчэ некалькі дзён сыходзіла пачырваненьне. Цяпер рука выглядае так, нібыта «Пагоня» на ёй была заўжды.
Пытаньню, чаму абралі менавіта «Пагоню», а не, напрыклад, арнамэнт, Натальля нават зьдзіўляецца:
«Я ганаруся тым, што „Пагоня“ ў нас ёсьць. Ведаю, канечне, гісторыю. Ведаю, што ў розных краінах маюць „Пагоню“, — тлумачыць яна. — Але я памятаю тыя гады, калі яна была нашым дзяржаўным сымбалем, а пасьля была зрынутая. Я ўсё гэта назірала, і гэта было балюча».
Дзеці тату цалкам ухвалілі. «Мама, ты ўмееш зьдзіўляць», — напісала Натальлі дачка Анастасія, адрэагаваўшы на яе ўчынак. «Сын спачатку ня надта добра быў настроены, — кажа Натальля. — Але калі пабачыў, то сказаў: „Ну дааа, мёд!“.
Але яшчэ больш нэгатыўных рэакцый. Дзіўным чынам яны сканцэнтраваныя ў 53-м тралейбусе, на якім Натальля езьдзіць дахаты. Звычайныя пасажыры ўжо абзывалі яе „бандэраўкай“.
„А сёньня ўдарылі па руцэ. Я трымалася за парэнчы. Сядзеў малады мужчына, вельмі звычайны. І ён мяне проста ўдарыў па руцэ, калі я стала выходзіць“, — кажа Натальля і дадае. — Але я гэтага не баюся».
«Мне хочацца паказаць ім, што я не такая, як яны, — працягвае яна. — Я не хачу ім нічога казаць, але я хачу, каб яны гэта ведалі».
Натальлю Саматыя шмат хто ведае як нястомную ўдзельніцу акцый пратэсту. 21 ліпеня ў яе чарговае паседжаньне суду. Яна абскарджвае рашэньне аб прысуджэньні ёй штрафу ў 30 базавых велічынь за ўдзел у сёлетнім Дні Волі. Кажа, што пра сам суд нават ня ведала, а ён адбыўся ажно 5 траўня.
«Пратакол быў складзены не пры мне, з парушэньнямі, ані сьведкаў, анічога. Суд адбыўся безь мяне, мяне ніхто не апавясьціў», — распавядае Натальля, паказваючы стос лістоў зь перапіскі з судовымі інстанцыямі.
«Я ведаю, што шмат актывістаў ужо ня ходзіць на суды, — кажа яна. — Але я лічу, што важна хадзіць. Трэба даводзіць, што ты лічыш гэты суд несправядлівым. Трэба змагацца».
«Цяпер буду з радасьцю чытаць, як яны ў пратаколах напішуць «Была Саматыя з „Пагоняй“ на руцэ», — жартуе яна. Сябры-паплечнікі на тату Натальлі адрэагавалі пазытыўна. «Адзін зь іх, малады, пабачыў і кажа: «Натальля! Чаму ты зрабіла гэта першай?!»
«Я яе люблю, вельмі люблю. Была б маладзейшая гадоў на 30, зрабіла б большую», — Натальля з радасьцю яшчэ раз аглядае і гладзіць сваю «Пагоню».
Часам знаёмыя кажуць: «Ты звар’яцела?! Гэта ж на ўсё жыцьцё!», а я адказваю: «А колькі таго жыцьця!?» — сьмяецца жанчына.
Хутка ў яе юбілей. Сын і дачка ўжо купілі ёй квіток на канцэрт «Акіяну Эльзы».
«А я ў захапленьні, — кажа Натальля. — Я прачынаюся і радуюся, што яна ў мяне ёсьць. І я хачу сказаць: я нічога не баюся. Я свабодны чалавек. Я ня раб».