«Павал быў вельмі прыкметнай асобай у сёньняшняй украінскай журналістыцы і, як на маё меркаваньне, цалкам магчыма, што нешта можа быць зьвязана з прафэсійнай дзейнасьцю. Прынамсі рэзананс пайшоў вельмі вялікі, і цяпер разглядаюцца некалькі вэрсій. Найперш, зразумела, вэрсія замаху на самога Паўла. Другая — спроба забіць Алену Прытулу, рэдактарку інтэрнэт-сайту „Ўкраінская праўда“, у машыне якой ён зранку і ехаў. Трэцяя (пра што тут усе таксама гавораць) — набліжэньне хрэснага ходу, які ідзе на Кіеў. Магчыма, гэта спроба такім чынам дэстабілізаваць сытуацыю напярэдадні ўваходу натоўпу людзей ва ўкраінскую сталіцу. Так што вэрсіі ёсьць розныя. Адно магу сказаць, што гэта жудасна».
Ня так даўно Аляксандар Фядута сустракаўся ў Кіеве з Паўлам Шараметам, той быў у добрым настроі, аптымістычна глядзеў у будучыню. Страшна ўсьведамляць, што маштабным плянам ужо не наканавана ажыцьцявіцца, гаворыць Фядута:
«У нас былі зь ім кантактаваньні, апошні раз мы сустракаліся з Паўлам дзесьці менш за месяц таму. Якраз прыяжджала Вольга Чакулаева, зьбіраліся беларускія журналісты, якія жывуць у Кіеве. Павал быў вельмі вясёлы, вельмі аптымістычны, хоць, дзеля справядлівасьці, ён заўжды быў аптымістам. І тое, што здарылася, папросту не зьмяшчаецца ў галаве. Я вось гляджу ў запісную кніжку свайго тэлефона — ужо некалькі нумароў маіх кіеўскіх сяброў, знаёмых... не падымаецца рука, каб іх выкрасьліць. Разумееш, што з гэтага нумару больш да цябе ніколі на патэлефануюць, але для мяне яны ўсё роўна жывыя. Цяпер тая ж самая сытуацыя з Паўлам».
З улікам значнасьці пэрсоны Паўла Шарамета для ўкраінскай мэдыя-прасторы, ці ёсьць шанцы, што злачынства будзе раскрытае ў самыя сьціслыя тэрміны? Аляксандар Фядута на гэта прынамсі разьлічвае:
«Пра гэта, у прыватнасьці, сказала кіраўніца ўкраінскай паліцыі, спадарыня Дэканаідзэ ў жывым этэры „5 каналу“. Нагадваю, што „5 канал“ — гэта інфармацыйны рэсурс Пятра Парашэнкі, створаны яшчэ да таго, як ён стаў кіраўніком дзяржавы. Таму, з майго гледзішча, і словы спадарыні Дэканаідзэ, і тое, што цяпер ідзе проста інфармацыйны маратон, і ўсё трансьлюецца менавіта на „5 канале“ ў жывым этэры, таксама сьведчыць пра стаўленьне ўкраінскай улады да таго, што адбылося сёньня раніцай».
Старшыня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хація Дэканаідзэ на месцы здарэньня заявіла, што расьсьледаваньне сьмерці вядомага журналіста — для яе справа гонару. Яна ўдакладніла, што Павал Шарамет быў першым чалавекам, якому яна дала інтэрвію пасьля свайго прызначэньня. А таму зробіць усё, каб знайсьці і пакараць злачынцу.