Сьвятлана Калінкіна — калега і сяброўка Паўла Шарамета яшчэ па «Белорусской деловой газете», суаўтарка нашумелай кнігі «Случайный президент», прысьвечанай Аляксандру Лукашэнку. Сьвятлана Калінкіна распавяла Свабодзе:
«Шчыра скажу, я ня ведаю апошніх раскладаў, але тое, што Павал не займаўся нейкім крымінальным бізнэсам ці меў пазыкі камусьці, каб дайшло да побытавых разборак, гэта абсалютна дакладна. Так што ў любым выпадку гэта, на мой погляд, зьвязана зь яго прафэсійнай дзейнасьцю — тут ужо ня важна дзе, ва Ўкраіне ці ў Расеі. Павал быў вельмі блізкі да Барыса Нямцова, на яго пахаваньні вёў усю жалобную цырымонію, яны сапраўды вельмі моцна сябравалі. Тут мы можам толькі пра нешта здагадвацца. Але тое, што гэта зьвязана з палітыкай, на маё перакананьне — сто працэнтаў».
Сьвятлана Калінкіна ня верыць, што прычынай здарэньня магла стаць тэхнічная няспраўнасьць аўтамабіля. Іншая справа, супраць каго мог быць арганізаваны выбух:
«Наколькі магу арыентавацца па здымках, то машыны самі па сабе так не ўзрываюцца. Хоць я, канечне, ня тэхнік, не мэханік, на месцы цяпер працуе паліцыя, яны павінны сказаць вынікі. Але падаецца, што гэта цалкам мэтанакіраваная акцыя. Іншая справа, на каго яна была накіраваная. Літаральна ня так даўно Алена Прытула казала, што ёй пагражаюць. І можа гэта было супраць кіраўніцтва „Ўкраінскай праўды“, а ў гэты момант у машыне аказаўся Павал Шарамет. Таму застаецца толькі здагадвацца, што і як, на яго ці не на яго гэта было скіравана. Але тое, што гэта не няшчасны выпадак, ужо цяпер можна казаць пэўна».
Як кажа Сьвятлана, асабістыя кантакты ў яе пасьля канчатковага пераезду Паўла Шарамета ў Маскву, а потым на працу ў Кіеў былі нячастымі, але ў апошні час яго турбавала будучыня шэрагу ягоных мэдыйных праектаў, скіраваных на Беларусь:
«З Паўлам мы ня бачыліся досыць даўно, але апошнім часам, літаральна ў апошнія месяцы стаў часта дасылаць праз Фэйсбук, праз Скайп асабістыя паведамленьні. Сярод іншага вельмі турбаваўся за лёс „Беларускага партызану“. І апошнія такія нашы зь ім завочныя размовы былі менавіта пра „Беларускі партызан“, пра тое, што зь ім рабіць, што сайту патрэбны галоўны рэдактар і г.д. Цяпер я ня ведаю, што будзе з гэтымі беларускімі праектамі „Беларускім партызанам“, „Гістарычнай праўдай“. Проста ня ведаю, як яно цяпер усё існуе, але мне падаецца, што ў кожным разе гэта былі праекты не асабіста Паўла, а праекты, скіраваныя на нашу краіну. Таму гэты клопат нашай мэдыя-супольнасьці, напэўна, трэба будзе браць на сябе».
Сям’я Паўла Шарамета жыве ў Маскве, у Менску засталася маці, бацька памёр. Сьвятлана прызнаецца, што пакуль ня можа набрацца сілы, каб затэлефанаваць ёй і выказаць словы спачуваньня і падтрымкі. І разьлічвае, што атрымае званок ад яе, калі тая адыдзе ад першага шоку.