Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане «Ўсходняе партнэрства» адзінай эканамічнай зонай?


Наколькі рэалістычнае стварэньне адзінай эканамічнай зоны краінаў «Усходняга партнэрства», якую прапануе Кіеў? Абмяркоўваюць Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Ўладзімер Глод.

Цыганкоў: Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін заявіў, што ягоная краіна ініцыюе абмеркаваньне пытаньня стварэньня адзінай эканамічнай прасторы краінамі Ўсходняга партнэрства — Украінай, Грузіяй, Малдовай, Армэніяй, Азэрбайджанам і Беларусьсю. Пра гэта міністар паведаміў у панядзелак на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.

«Краіны „Ўсходняга партнэрства“ маюць намер правесьці кансультацыі па гэтым пытаньні і сустрэцца восеньню для абмеркаваньня», цытуе Клімкіна Belsat. Міністар дадаў, што неабходна прааналізаваць, у якіх сфэрах магчыма ўвядзеньне адзінай эканамічнай прасторы на прыкладзе падобных пагадненьняў у Эўразьвязе.

Заява ўкраінскага міністра выглядае на дадзены момант як добрае пажаданьне, дастаткова далёкае ад рэальнасьці. Я адмыслова параіўся з эканамістамі, і яны адназначна кажуць, што пакуль Беларусь уваходзіць у розныя эканамічныя аб’яднаньні з Расеяй, то бок у мытны зьвяз і Эўразійскі эканамічны саюз, яна ня можа адначасова ўваходзіць туды і туды. Больш за тое, Беларусь нават у Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА) не ўваходзіць, а многія законы вольнага гандлю працуюць менавіта на прынцыпах гэтай сусьветнай арганізацыі.

Калі нас не чакаюць у Эўразьвязе, то суседнія краіны нас чакаюць.

Таму заява ўкраінскага міністра пакуль успрымаецца больш як нейкі намёк на будучыню. На тое, што Беларусь, калі б вырашыла памяняць сваю геапалітычную арыентацыю, мела б на каго абаперціся — на найбліжэйшых суседзяў.

То бок украінскі міністар кажа, што калі раптам Беларусь пажадае ўваходзіць у зону вольнага гандлю з краінамі «Ўсходняга партнэрства», а яны складаюць своеасаблівую інтэрпрэтацыю Балта-чарнаморскай садружнасьці, то гэта будзе магчымасьць, што іншыя краіны рэгіёну падставяць Беларусі плячо, прапануюць Беларусі палітычна-эканамічную альтэрнатыву.

Гэтая заява мае значэньне для Ўкраіны і тых дзяржаў «Усходняга партнэрства», якія не ўваходзяць у ЭўрАзЭс, і для Беларусі. Калі нас не чакаюць у Эўразьвязе, то суседнія краіны нас чакаюць.

Дракахруст: Мне гэтая прапанова падаецца ня надта прапрацаванай і зь нявызначанай формай. Яна мае больш палітычнае значэньне, гэта заклік а-ля Акуджава «возьмемся за руки, друзья» — давайце прадэманструем нашае адзінства і ўзаемадзеяньне. Якраз менавіта гэтым аспэктам гэтая прапанова хутчэй спалохае афіцыйны Менск, бо Масква глядзіць скрозь пальцы на стасункі Беларусі з Украінай, з Эўразьвязам, пакуль яны ня маюць інстытуцыйнага характару.

Беларусь сабе гандлюе з Эўразьвязам, з Украінай, ну ладна, Бог з вамі. Але як толькі гэта набывае формы нейкага саюзу, зоны, асацыяцыі, аб’яднаньня — адразу ў Крамлі загараецца «чырвоная лямпачка». Менску калі ісьці на гэта, то трэба сто разоў падумаць і ўзважыць, наколькі перавагі большыя за рызыкі.

Масква глядзіць скрозь пальцы на стасункі Беларусі з Украінай, з Эўразьвязам, пакуль яны ня маюць інстытуцыйнага характару.

Пра якую форму эканамічнага ўзаемадзеяньня ідзе гаворка? Вызначаецца нейкая няпэўная эканоміка-юрыдычная формула — адзіная эканамічная прастора ці зона. Ёсьць такая форма, як мытны саюз. Напрыклад, Эўразьвяз ці ЭАЭС. Быць у двух саюзах адначасна немагчыма. Гэта пярэчыць правілам любога мытнага саюзу. Калі ў прапанове Клімкіна размова ідзе пра мытны саюз, Беларусь, каб уступіць у яго, павінная будзе выйсьці з мытнага саюзу з Расеяй. Я мяркую, што яна пакуль да гэтага не гатовая.

Калі мелася на ўвазе зона вольнага гандлю, дык яна ўжо ёсьць, і Беларусь з Украінай у яе ўваходзяць. У 2011 годзе была падпісаная, а ў 2012 годзе ратыфікаваная дамова пра зону вольнага гандлю краінаў СНД. Яе падпісалі і Расея, і Беларусь, і Ўкраіна.

Расея адпаведны пункт гэтай дамовы з Украінай з пачатку гэтага году скасавала, іншымі словамі, рэжым вольнага гандлю паміж Украінай і РФ ня дзейнічае. А Беларусь гэтую дамову з Украінай не скасоўвала, так што Беларусь і Ўкраіна з 2012 году па сёньняшні дзень гандлююць паміж сабой паводле правілаў зоны вольнага гандлю.

Паколькі адна форма — мытны саюз — немагчымая без кардынальнай зьмены Менскам яго геапалітычнай арыентацыі, а іншая — зона вольнага гандлю — існуе і цяпер, то незразумела, што ж прапануе Кіеў.

Глод: Мне падаецца, што ідэю міністра замежных спраў Украіны рэалізаваць на практыцы будзе надзвычай цяжка, а можа нават і немагчыма наагул.

Усё ж вельмі розныя дзяржавы ўваходзяць ва «Ўсходняе партнэрства». Грузія, Малдова, Украіна адназначна скіраваныя на Захад. Армэнія і Беларусь ужо ўваходзяць у Эўразійскі эканамічны саюз. Азэрбайджан наагул стаіць неяк у баку і больш скіраваны на Турэччыну ды іншыя блізкія да яго краіны.

З-за рознавэктарнасьці яе ўдзельнікаў, праграма «Ўсходняе партнэрства» і пацярпела фіяска.

Я думаю, менавіта з-за гэтага, з-за рознавэктарнасьці яе ўдзельнікаў, праграма «Ўсходняе партнэрства» і пацярпела фіяска. Я памятаю прэсавую канфэрэнцыю ў Менскім прадстаўніцтве Эўразьвязу, калі «Ўсходняе партнэрства» толькі фармавалася. Тады я казаў прадстаўніку ЭЗ спадару Гольцапфэлю, што «вагоны ў гэтым цягніку (мелася на ўвазе „Ўсходняе партнэрства“) вельмі розныя». Але дыплямат на гэта адказаў так: «Вагоны сапраўды розныя. Але лякаматыў адзін. Ён усіх вывезе».

Як высьветлілася пазьней, ня вывез.

Магчыма, хтосьці запярэчыць: параза на палітычным полі не падстава, каб не паспрабаваць інтэграцыю на эканамічным полі. Але, я думаю, гэта немагчыма.

А чаму тады спадар Клімкін ініцыюе гэты працэс? Гэта пытаньне да яго. Магчыма, Украіна як найбольшая сярод шасьці краінаў партнэрства прэтэндуе на ролю інтэгратара гэтай прасторы. І тады атрымаецца нейкае, няхай і ўскоснае, падабенства ролі Ўкраіны ва «Ўсходнім партнэрстве», параўнальнае з роляй Нямеччыны ў Эўразьвязе.

Пакуль тая самая Армэнія ня толькі не атрымала дывідэндаў ад уваходжаньня ў Эўразійскі эканамічны саюз, а нясе адны страты. Нядаўна ў Менску праходзіла міжнародная канфэрэнцыя, і экспэрт з Ерэвану казаў, што амаль 70% прадукцыі ягонай краіны падпадае пад выключэньні, якія дзейнічаюць ў ЭАЭС. А ў Ерэване ўсё мацней гучаць галасы аб выхадзе з ЭАЭС. Асабліва пасьля таго, як гэтая структура не падтрымала Армэнію ў яе канфлікце з Азэрбайджанам.

Тут слушна казалася, што адной краіне немагчыма знаходзіцца адразу ў дзьвюх міжнародных арганізацыях, якія маюць супярэчлівыя мэты. А ёсьць жа яшчэ і Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя. І тут у краін «Усходняга партнэрства» ня ўсё проста. Дзьве з шасьці, а менавіта Азэрбайджан і Беларусь дагэтуль не ўступілі ў СГА.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG