Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгоды брытанскага прафэсара


«Беларусы куды больш прыемныя, чым рускія, хаця ў мяне руская жонушка»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:29 0:00
Наўпроставы лінк

Да 75-годзьдзя Арнольда Макміліна.

Вера Бурлак

Гэта было пры канцы траўня. Мы меліся сустрэцца з шаноўным прафэсарам зь Вялікабрытаніі, якога бачым рэдка, і калі ёсьць магчымасьць спаткацца, яе трэба скарыстаць абавязкова. Дамовіліся пра час і месца, усе акуратна прыйшлі туды... і не пабачылі адно аднаго. Чаму? Гэтая таямніца так і засталася не раскрытай.

Што ж было далей? Мы не пабачылі прафэсара — і сышлі пасьля гадзіны чаканьня, прафэсар не пабачыў нас — і выправіўся на пошукі. Пошукі ў іншаземным горадзе сямейства, якое не сядзіць на месцы. Прафэсару дапамаглі: паведамілі адрас — але ня той, прычым нумару кватэры, якую яму ў выніку давялося шукаць, увогуле не было ва ўказаным доме.

Становішча выратаваў таксіст. У нас ёсьць цудоўныя таксісты (і ўвогуле шмат цудоўных людзей, як бы яны ні хаваліся). Дзякуючы яму прафэсар зьвязаўся з намі па тэлефоне, і мы нарэшце змаглі пабачыцца.

Сустрэча: чаканьне сустрэчы, дзівоснае парушэньне бачнасьці — і тут трывожная падтэма нябачнасьці — уяўная немагчымасьць і пошук сустрэчы — і зноў утульная радасная пачатковая тэма. З гэтага мог бы атрымацца неблагі музычны твор.

Гэтая прыватная, але цалкам рэальная гісторыя зусім нядаўна адбылася з прафэсарам Макмілінам — дробязь, але падобная да вадзяной кроплі: калі ў частцы — цэлае.

Прафэсар Арнольд Макмілін — адзін з тых, дзякуючы каму доўжыцца і, нягледзячы на магчымыя перашкоды, адбываецца сустрэча культур. Ангельскі філёляг, філёляг-русіст, які захапіўся беларусістыкай, сябра Англа-беларускага таварыства, аўтар некалькіх грунтоўных дасьледаваньняў, якія ахопліваюць ці ня ўсю гісторыю беларускай літаратуры.

Падобна, што працы прафэсара Макміліна забясьпечваюць паліфанію ў беларускім літаратуразнаўстве, дзе суладна і эпічна гучаць важкія акадэмічныя дасьледаваньні вялікіх тэмаў, меней гучна і часам з перапынкамі — нечаканыя навуковыя падыходы і галасы творчых тэарэтыкаў і крытыкаў.

І вось тут уступаюць працы Арнольда Макміліна, якія даюць адрозны ад звыклага позірк на беларускі літаратурны працэс, прычым адразу ахопліваюць яго немалыя часткі — ці то часавыя, ці то культурныя. «Беларуская літаратура ў 50-я — 60-я гады ХХ стагодзьдзя» (2001) і яе храналягічны/лягічны працяг — «Пісьменства ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 70-х гг. XX ст. да нашых дзён» (2010), і яшчэ адна значная вобласьць — «Беларуская літаратура дыяспары» (2004). Тыя, хто жыве «ўнутры» беларускай культуры, з чымсьці спрачаюцца, чамусьці зьдзіўляюцца — і атрымліваюць шанец зірнуць на сябе па-новаму.

Што яшчэ падаецца мне важным: Арнольд Макмілін — гэта дасьледчык, які чуе музыку мовы. Ня толькі рацыянальнае асэнсаваньне мастацкага матэрыялу, але і інтуітыўнае, «музычнае» адчуваньне ў выпадку зь літаратурай зусім ня лішняе. Гэтак жа, як і асабістая далучанасьць да таго, пра што, дакладней, да тых, пра каго ён піша. Асабістае знаёмства, сяброўства, кантакты з беларусамі, далучанымі да літаратурнай творчасьці — гэта таксама форма сустрэчы культур, якая дзякуючы энэргіі прафэсара Макміліна доўжыцца.

Прыгоды, якія прыносяць сустрэчы і музычнае адчуваньне жыцьця і слова — сёньня гэта мае асацыяцыі з асобай Арнольда Макміліна: сустрэча і музыка, якія доўжацца. Хай жа доўжацца, як найдалей!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG