Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіночнае плаваньне БНФ


Чаму партыя БНФ вырашыў ісьці на парлямэнцкія выбары адзінаасобна?

Цыганкоў: 18 чэрвеня, сойм БНФ пацьвердзіў, што на парлямэнцкія выбары 2016 году партыя ідзе «выключна» са сваім сьпісам кандыдатаў у дэпутаты і пасланьнем да беларускага выбаршчыка. Яна вылучыла каля 30 сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісіяў, якія фарміруюцца для працы на выбарах, а таксама 5 прадстаўнікоў у склад абласных камісіяў і ў Цэнтарвыбаркам. Колькі кандыдатаў будзе цяпер невядома, але сымптаматычная і паказальная сама пазыцыя партыя, якая фактычна адзіная заявіла, што ня будзе ўступаць у тактычныя канглямэрацыі.



Разгляд гэтага пытаньня быў выкліканы прапановамі, што паступілі ў партыю, аб правядзеньні Кангрэсу дэмакратычных кандыдатаў, фарміраваньні сумеснага пасланьня або сумесных сьпісаў кандыдатаў у дэпутаты. У рэзалюцыі сойму падкрэсьліваецца, што Партыя БНФ «адзінай мэтазгоднай формай узаемадзеяньня з палітычнымі суб’ектамі падчас кампаніі 2016 году бачыць кампанію назіраньня «Права выбару».

апазыцыя разумее, што ў цяперашніх беларускіх умовах наўрад ці каго з апазыцыянэраў прапусьцяць у парлямэнт, хіба што размова ідзе пра прадстаўнікоў «Гавары праўду»

Нядаўна ў перадачы «Інтэрвію тыдня» лідэр БНФ Аляксей Янукевіч так адказаў на маё пытаньне — «ці не пераацэньвае БНФ свае сілы?»: «Сілы свае мы ацэньваем цалкам адэкватна. Іх нам хапае, каб і заяўляць, і рэальна ажыцьцяўляць уласную парлямэнцкую кампанію. Увогуле, я лічу, што было б лепш, калі б кожная дэмакратычная арганізацыя ў Беларусі займалася тым, каб разьвівацца самой, пашыраць базу прыхільнікаў — замест таго каб гадамі гуляць у абʼяднаўчыя гульні, дзе пра абʼяднаньне ніхто ня думае».

Тут Янукевіч даволі выразна выказаў сваю матывацыю, чаму БНФ хоча ісьці на выбары асобна. Увогуле, апазыцыя разумее, што ў цяперашніх беларускіх умовах наўрад ці каго з апазыцыянэраў прапусьцяць у парлямэнт, хіба што размова ідзе пра прадстаўнікоў «Гавары праўду». Таму выбары становяцца трэніроўкай партыйных структураў, магчымасьцю зьявіцца новым мясцовым лідэрам, «зоркам» — пры ўсёй умоўнасьці.

Яшчэ адзін даволі істотны чыньнік: раней заходнія партнэры больш актыўна прапаноўвалі і раілі апазыцыі аб’яднацца. Зараз гэтых парадаў стала менш, і гэта больш спрыяе выступу аднаасобна.

Дракахруст: Такое ўражаньне, што прыкладна з такіх жа меркаваньняў зыходзяць іншыя гульцы палітычнага поля, у прыватнасьці, правацэнтрысцкая кааліцыя АГП, руху «За Свабоду» і незарэгістраванай БХД. Яны, магчыма, узгодняць кандыдатуры паміж сабой у межах сваёй кааліцыі, але, мне здаецца, што яны наўрад ці будуць гатовыя ўзгадняць кандыдатуры з кімсьці яшчэ — з тым жа БНФ. Для іх можа нават зручна, што БНФ першым «міргнуў», абвясьціў, што ўзгадняць ня будуць.

Часам нам здаецца, што айчынная палітыка — гэта чыстае змаганьне амбіцыяў

Такое рашэньне БНФ не зьяўляецца нечаканым, бо яно вынікае з папярэдніх крокаў, падзеяў. Вось стварылася правацэнтрысцкая кааліцыя, БНФ — партыя правацэнтрысцкая, у кааліцыю яна не трапіла. Ня ведаю чаму — ці яе не запрасілі, ці яна не захацела. Але ня трапіла. Запрашалі БНФ на Беларускі кангрэс, які ладзілі М. Статкевіч, У. Някляеў, С. Шушкевіч — яна адмовілася. Дык калі няма арганізацыйнай згоды, кааліцыі, то які сэнс і зь якой нагоды ўзгадняць кандыдатуры на выбары?

Часам нам здаецца, што айчынная палітыка — гэта чыстае змаганьне амбіцыяў, але я памятаю, калі ішла гутарка пра тое, ці возьме БНФ удзел у кангрэсе, партыя выдала свой праграмны дакумэнт, кшталту маніфэсту. І там былі фармулёўкі кшталту выхаду Беларусі з АДКБ.

Я не памятаю, хто яшчэ іншы так рэзка фармулюе сваю пазыцыю. Так што тут ёсьць і ідэйны чыньнік. БНФ не ідзе на кааліцыі, зьняцьцё сваіх кандыдатаў проста таму, што погляды патэнцыйных партнэраў крыху не такія, як у партыі. Менавіта такую рэзкую сваю пазыцыю яны хочуць данесьці да грамадзтва ў чыстым выглядзе. Да таго ж у партыі ёсьць нядаўні кааліцыйны досьвед, а менавіта ў 2015-м годзе на прэзыдэнцкіх выбарах з «Гавары праўду». Гледзячы па ўсім, вынікі гэтай кааліцыйнай дзейнасьці партыі вельмі не спадабаліся.

Карбалевіч: Так, сапраўды, апошнім часам Партыя БНФ займае ізаляцыянісцкую пазыцыю. Яна не удзельнічала ў Беларускім нацыянальным кангрэсе, які арганізоўвалі М. Статкевіч, У. Някляеў і С. Шушкевіч. Партыя не ўдзельнічае ў кааліцыі правых сілаў (АГП, рух «За свабоду», БХД).

Тут, мусіць, справа ва ўнутраных працэсах, якія адбываюцца ў Партыі БНФ. Думаю, гэта нейкія рэліктавыя успаміны пра той час, першую палову 1990-х, калі БНФ была галоўнай апазыцыйнай сілай у Беларусі. Тады таксама Фронт ня вельмі хацеў уступаць у нейкія кааліцыі дэмакратычных сілаў, яго лідэры казалі, што мы самыя моцныя, калі хочаце, то далучайцеся нас. З тых часоў уцякло шмат вады. Партыя БНФ перажыла раскол, прычым, не адзін, страціла сваю лідэрскую ролю, сталай адной з некалькіх апазыцыйных партый. Яна шмат удзельнічала ў розных кааліцыях.

Ня думаю, што атрымаецца дамагчыся сытуацыі. каб ў кожнай акрузе быў адзін кандыдат апазыцыі

Але цяпер, напэўна, у Партыі БНФ стала дамініраваць пазыцыя, паводле якой партыя страціла сваю лідэрскую ролю менавіта таму, што адмовілася ад сваёй самасьці, растварылася ў розных аб’яднаньнях, ахвяравала сваім іміджам, ідэямі, структурамі дзеля дасягненьня нейкіх кааліцыйных мэтаў. У выніку і гэтыя мэты не дасягнутыя, і сама партыя згубілася. Таму трэба вярнуцца да сваіх першакрыніцаў, не аб’ядноўвацца ні зь кім, і такім чынам адрадзіцца былая слава. Але, думаецца, два разы ў адну раку ўступіць немагчыма. Бо зьмянілася эпоха. Гэта з аднаго боку.

А зь іншага боку, пакуль ў апазыцыі цяжка ідзе працэс аб’яднаньня, каардынацыі. Ня думаю, што атрымаецца дамагчыся сытуацыі. каб ў кожнай акрузе быў адзін кандыдат апазыцыі. Бо вельмі шмат супярэчнасьцяў. Дый вялікага сэнсу ў гэтым апазыцыйныя лідэры ня бачаць, бо рэальных выбараў няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG