Карбалевіч: 7-8 чэрвеня ў Менску праходзіць мерапрыемства пад назвай ІІІ форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Ён нібыта павінен актывізаваць эканамічнае і гуманітарнае супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі. У мерапрыемстве ўдзельнічае вялікая колькасьць чыноўнікаў з двух бакоў, дзесьці 500-600 чалавек.
З расейскага боку прыехалі 13 губэрнатараў, уключаючы мэра Масквы Сяргея Сабяніна. Таксама прысутнічае старшыня Савету Фэдэрацыі РФ Валянціна Мацьвіенка. Маштаб мерапрыемству надае візыт Уладзімера Пуціна.
Хачу нагадаць, што І форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі прайшоў у Менску ў 2014 годзе. Тады прэзыдэнты ня удзельнічалі, выступалі на форуме толькі кіраўнікі верхніх палатаў парлямэнтаў. ІІ форум прайшоў у 2015 годзе ў Сочы ўжо з удзелам двух прэзыдэнтаў. Таксама былі пампэзныя выступы, абяцаньні. Было заключана нават 67 экспартных камэрцыйных кантрактаў.
Якія вынікі ўсіх гэтых высілкаў? Двухбаковы гандаль летась моцна ўпаў, экспарт Беларусі ў Расею скараціўся на траціну.
Калі структуры існуюць, яны павінны нешта рабіць, асвойваць выдзеленыя для іх рэсурсы.
Тады навошта ўсё гэта? Рэч у тым, што ў беларуска-расейскіх адносінах за шмат гадоў інтэграцыі створана вялікая, так бы мовіць палітычная інфраструктура. Існуе сталы камітэт саюзнай дзяржавы, Парлямэнцкі сход саюзу Беларусі і Расеі, Вышэйшы дзяржсавет, саюзны саўмін, пастаянна праводзяцца сумеснае паседжаньне калегіяў міністэрстваў дзьвюх дзяржаваў. Існуе сумесны тэлеканал, газэты. І іншыя структуры. І калі структуры існуюць, яны павінны нешта рабіць, асвойваць выдзеленыя для іх рэсурсы. Вось і праводзяцца бясконцыя мерапрыемствы, падпісваюцца ўсё новыя пагадненьні, якія ніхто не зьбіраецца выконваць. Гэта такі рытуал.
Калі казаць пра рэальныя вынікі, то Беларусь зацікаўленая, каб Расея дапусьціла беларускія прадпрыемствы ў розныя праграмы, якія фінансуюцца з расейскага бюджэту — праграму імпартазамяшчэньня, праграму разьвіцьця ВПК і інш. Але тут трэба палітычнае рашэньне на ўзроўні прэзыдэнта. Магчыма гэта будзе адна з тэмаў перамоваў Пуціна з Лукашэнкам.
Дракахруст: Зьвернемся да гісторыі і прыгадаем, што калісьці супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з расейскімі рэгіёнамі мела вялікае значэньне, у тым ліку і палітычнае. У 90-я гады, калі прэзыдэнтам Расеі быў Барыс Ельцын, Аляксандар Лукашэнка працаваў з рэгіёнамі, каб стварыць сабе палітычную падтрымку ў Расеі. Мы памятаем, быў у 98-м годзе сюжэт, калі ўвогуле ішлі чуткі пра тое, што Лукашэнка ледзь не зладзіць пераварот пры дапамозе расейскіх губернатараў. Але, як пісаў беларускі клясык, няма таго, што раньш было.
Фактычна неўзабаве пасьля прыходу да ўлады Пуціна ўсе гэтыя палітычныя праекты кантактаў Беларусі з расейскімі рэгіёнамі сышлі на нішто.
Кантакты на ўзроўні рэгіёнаў ні на што асабліва не ўплываюць.
Ёсьць такая агульная ідэя, што у нас ёсьць саюз, шчыльныя адносіны, але яны ў асноўным паміж сталіцамі, дзяржавамі, а вось добра б гэта пашырыць, каб былі кантакты рэгіёнаў і народная дыпляматыя. Ідэя прыгожая, яна ў значнай ступені зрэалізаваная ў Эўрапейскім Зьвязе. Але ня варта забываць, што і Беларусь, і Расея — краіны аўтарытарныя, цэнтралізаваныя. У гэтым сэнсе кантакты на ўзроўні рэгіёнаў ні на што асабліва не ўплываюць, калі рэальна рашэньні прымаюцца ў Менску і ў Маскве, у тым ліку і пра ўзаемадзеяньне гэтых двух рэгіёнаў.
Тут варта сказаць, што ў нулявыя і дзясятыя гады адбылося зьніжэньне ўзаемадзеяньня яшчэ на адну прыступку. Урэшце ў Расеі калісьці быў мэр Масквы Лужкоў, прэзыдэнт Татарстану Шайміеў — гэта былі калі не незалежныя постаці, дык адносна аўтаномныя, у якіх была свая воля, свае рашэньні яны маглі прымаць. Цяпер і таго няма. Цяпер у Расеі іншая сыстэма: усе губэрнатары прызначаюцца, ніводзін з іх не мае ніякай асаблівай палітычнай волі.
Так што я не мяркую, што нават у гаспадарчых пытаньнях зараз расейскія рэгіёны маюць значна меншую свабоду манэўру, чым яны мелі ў нулявыя гады. Таму ў мяне такое ўражаньне, што гэты форум — проста зручная пляцоўка для таго, каб два кіраўнікі дзяржаваў сустрэліся, выступілі. Мог бы падысьці фармат і пасяджэньня нейкай вышэйшай рады саюзнай дзяржавы, але тут лепшы вобраз — два кіраўнікі і два народы, лепшыя іх прадстаўнікі, сабраліся на гэты форум. Як ёсьць Усебеларускі Сход, які пачнецца 22-га чэрвеня — то гэты такі кшталту ўсебеларуска-расейскі сход.
Цыганкоў: Такая форма сапраўды ўяўляе сабой масоўку для сустрэчы кіраўнікоў двух дзяржаваў. Гэта такія парэшткі палітыкі 90-х гадоў, калі Аляксандар Лукашэнка зрабіў стаўку на расейскія рэгіёны і было ў гэтым дзьве мэты: і палітычная, і эканамічная.
Палітычная мэта была ў тым, што Лукашэнка імкнуўся набываць папулярнасьць у расейскіх рэгіёнах, пры тым, што Крэмль ставіўся да яго дастаткова варожа. І пасьля пэўных падзеяў ужо нават сур’ёзна пачаў бачыць у ім патэнцыйнага прэтэндэнта на расейскі «пасад» і прымаць нейкія захады супраць гэтага.
Разумеючы, што прамая атака на Крэмль не ўдалася, Аляксандар Лукашэнка пачаў апрацоўваць рэгіёны з двайной мэтай. На фоне лёзунгу Ельцына «бярыце сувэрэнітэту столькі, колькі зможаце ўзяць» рэгіёны былі тады ў Расеі дастаткова моцныя і палітычна, і эканамічна. Ну а другое — рэгіянальныя лідэры (яскравы прыклад Лужкоў, але і іншыя) шмат што вырашалі ў цэнтральнай расейскай палітыцы.
Іншая рэштка 90-х гадоў — прыезд рэгіянальных расейскіх журналістаў у Менск. Такі прэс-тур, які звычайна заканчваецца вялікай прэсавай канфэрэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі. Гэта было заснавана даўно, і стаўка была зробленая менавіта на рэгіянальную прэсу, бо расейская фэдэральная прэса кепска ставіліся да кіраўніка Беларусі. Ну а рэгіянальныя журналісты і радыя былі прыехаць за кошт беларускага боку, пажыць у гатэлях, пахадзіць-паглядзець, і канешне сорамна пасьля гэтага пісаць нешта кепскае.
У параўнаньні зь 90-мі гэта выклікае нават больш пытаньняў у гледачоў.
Цяпер па інэрцыі кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў час ад часу сустракаюцца з Лукашэнкам. Гэта паказвае беларускае тэлебачаньне. Але ў параўнаньні зь 90-мі гэта выклікае нават больш пытаньняў у гледачоў — чаму такая ўвага да сустрэчы кіраўніка дзяржавы з прадстаўніком нейкага рэгіёну суседняй краіны? Гэта бывае ўсё радзей, апошнія гады гэта 2-3 кіраўнікі на год.
Палітычнага сэнсу ў гэтым ужо няма, рэгіёны больш залежныя ад Масквы ва ўсіх сэнсах. Але нейкі эканамічны сэнс у такіх сустрэчах застаўся, таму што менавіта падчас сустрэчаў з рэгіянальнымі лідэрамі і бізнэсоўцамі Беларусь можа прасоўваць свае тавары — не заўсёды гэта натуральна і гарманічна ідзе праз Маскву.
Карбалевіч: У часы Ельцына расейскія губэрнатары выбіраліся. А цяпер яны прызначаюцца прэзыдэнтам. Таму сапраўды яны былі свабоднымі, аўтаномнымі ў сваёй палітыцы. Але цяпер расейскія губэрнатары вельмі часта прыяжджаць у Менск дзеля вырашэньня нейкіх эканамічных пытаньняў.
Рэч у тым, што з фэдэральнага бюджэту ў кожным рэгіёне выдзяляюцца грошы, якімі распараджаюцца губэрнатары, і за гэтыя грошы можна купляць беларускія трактары ці аўтамабілі, і гэта выгадна для Беларусі, таму што ўсе гэтыя адносіны не зусім эканамічна-рынкавыя. Тут адбываюцца нейкія дамоўленасьці, магчыма, «па паняцьцях», і таксама нейкія маюць месца «адкаты».