Віцяблянін Андрэй Кешанюк перакананы: супраць гэтага помніка гатовыя пратэставаць многія, і землякам трэба даць магчымасьць праявіць сваю пазыцыю.
Заклік падпісацца супраць помніка Аляксандру Неўскаму, які хочуць усталяваць у гістарычным цэнтры Віцебску, спадар Андрэй разьмясьціў у Фэйсбуку на старонцы «Віцебск — вольны горад! Гарадзкое самакіраваньне!»
«Я ведаю, што мой пратэст не адзінкавы і што ён ня першы. Але я хачу, каб ён быў афіцыйна зафіксаваны, каб у гарвыканкаме ведалі, што ёсьць шмат віцяблян, якія супраць усталяваньня гэтага помніка. Прынамсі, на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску, бо да нашага гораду расейскі князь аніякага дачыненьня ня мае. Калі ўжо дужа хочацца, няхай ставяць яго дзе-небудзь у Білева — у раёне новабудоўляў. А заадно закладуць нейкі парк вакол, каб была зелянота. Паставяць там лавачкі для прыхільнікаў, і няхай тыя любуюцца! Але ў гістарычным цэнтры Віцебску аніяк ня месца расейскаму князю Неўскаму!» — сказаў Радыё Свабода віцяблянін Андрэй Кешанюк.
На ягоную думку, і ў гарвыканкаме, які ініцыяваў усталяваньне гэтага помніка яшчэ ў 2009 годзе, ёсьць людзі, нязгодныя з гэтай ідэяй. Але ў горадзе відавочна прысутнічае нейкае «прарасейскае лобі», найверагодней — гэта прадстаўніцтва праваслаўнай царквы і грамадзкія арганізацыі прарасейскага кірунку. Падрыхтоўка да ўсталяваньня помніка ўжо ўступіла ў актыўную стадыю, хоць дагэтуль ня раз абвяшчалася, што на гэта няма грошай, і ў гараджанаў ня раз прасілі ахвяраваньняў...
Пратэсты супраць узьвядзеньня помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску загучалі адразу ж, як толькі гарвыканкам абвясьціў конкурс праектаў. Гараджане аргумэнтавалі сваю нязгоду тым, што гэтая асоба мае вельмі ўскоснае дачыненьне да тутэйшай гісторыі. Падставай для ўшанаваньня памяці Аляксандра Неўскага ў Віцебску можна лічыць хіба легенду пра тое, што ў віцебскай царкве Зьвеставаньня ён нібыта браў шлюб.
Аднак гарадзкія ўлады настойваюць на сваім, хоць ужо кажуць, што гэта ня помнік Неўскаму, а «скульптурная кампазыцыя, якая адлюстроўвае рэальны гістарычны факт — сустрэчу князя са сваёй жонкай, прадстаўніцай полацкага і віцебскага княжага дому Аляксандрай (па іншых крыніцах — Параскевай) і сынам Васілём». Кампазыцыя будзе «сьведчыць пра рэальную падзею з гісторыі гораду» і падкрэсьліваць «еднасьць старажытнарускіх княстваў, якая садзейнічала эфэктыўнаму процістаяньню крыжацкай навале».
Помнік Аляксандру Неўскаму, па ўсёй верагоднасьці, хочуць адкрыць на Дзень гораду, які ў Віцебску традыцыйна адзначаюць 26 чэрвеня.