Прынамсі, пра гэта кажуць рабочыя, якія рыхтуюць пастамэнт і кладуць брукаваныя дарожкі да будучага помніка.
Падрыхтоўчыя працы вядуцца на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску ўжо каля тыдня. Сёлета ўпершыню за апошнія гады на пастамэнце, даўно падрыхтаваным для помніка, ня высадзілі кветкі — раней яго выкарыстоўвалі як клюмбу.
Ідэю ўсталяваць помнік расейскаму палкаводцу выказалі ў 2009 годзе гарадзкія ўлады. Падставай для ўшанаваньня памяці Аляксандра Неўскага ў Віцебску можна лічыць хіба легенду пра тое, што ў віцебскай царкве Зьвеставаньня ён нібыта браў шлюб. Такая вэрсія падаецца бязглуздай шмат каму зь віцяблянаў, і ўвогуле ў горадзе шмат тых, хто лічыць усталяваньне помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску беспадстаўным.
У 2009 годзе абвясьцілі конкурс на лепшыя макеты адразу трох помнікаў — княгіні Вользе — якая, зноў-такі паводле не пацьверджаных навукоўцамі дадзеных, нібыта была заснавальніцай Віцебску, — Аляксандру Неўскаму і вялікаму князю Альгерду. Супраць усталяваньня першых двух гараджане выступілі даволі рашуча, і пра помнік княгіні Вользе гарадзкія ўлады больш ня згадваюць. Помнік вялікаму князю Альгерду адкрылі 27 чэрвеня 2014 году, калі ў Віцебску адзначалі Дзень гораду. Сёлета Дзень гораду маюць адзначаць 26 чэрвеня — дата прыпадае якраз на нядзелю. Пра тое, што ў гэты дзень у абласным цэнтры зьявіцца новы помнік, нагадваюць віцебскім праваслаўным вернікам: у драўлянай царкве, збудаванай на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску таксама ў гонар Аляксандра Неўскага, вісіць абʼява пра збор ахвяраваньняў на ўсталяваньне помніка.
З просьбай аб ахвяраваньнях віцебскія ўлады ня раз зьвярталіся і да прадпрымальнікаў, і да ўсіх гараджан праз гарадзкую газэту «Віцьбічы». Відавочна, што бюджэтных сродкаў на ўвасабленьне ў жыцьцё падобных ідэяў бракуе: у горадзе не хапае школ і паліклінік, як абураюцца мясцовыя жыхары.
І ўсё-ткі справу з помнікам Неўскаму віцебскія ўлады ўпарта даводзяць да канца. У кавалку мармуру, які зьявіўся наверсе былой клюмбы, прасьвідравалі адтуліны для фігур будучай скульптурнай кампазыцыі. Яна будзе ўвасабляць сустрэчу князя Аляксандра Неўскага са сваёй жонкай, полацкай княжной Аляксандрай (паводле іншых крыніц, Параскевіяй) ды сынам Васілём. Паводле навукоўцаў, дакладных гістарычных пацьвярджэньняў гэты факт ня мае.
Аўтарамі праекту помніка, які перамог на конкурсе ў 2009 годзе, былі мясцовыя скульптары Аляксандар Гвозьдзікаў і Іван Казак. Але перамога была ўмоўная: пазьней аўтары мусілі шмат у чым дапрацаваць уласны праект, і да іхнага творчага тандэму дадаўся яшчэ адзін суаўтар, скульптар Яўген Колчаў зь Менску. Толькі празь некалькі гадоў скульптурная кампазыцыя набыла той выгляд, у якім яе зацьвердзілі Міністэрства культуры і Аляксандар Лукашэнка. Сам помнік ужо гатовы, яго вырабіла менскае ТАА «Ліцейны двор».