Прэсавы сакратар Пракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў пацьвердзіў Свабодзе экстрадыцыю ў Беларусь Эдуарда Пальчыса.
«З канца траўня Пальчыс ў Беларусі», — паведаміў спадар Кісялёў, але сказаў, што ня ведае, дзе трымаюць экстрадзіраванага з Расеі беларуса. Паводле выстаўленага Пальчысу абвінавачаньня, Пётар Кісялёў параіў зьвяртацца ў Сьледчы камітэт.
У Сьледчым камітэце зьвесткі пра экстрадыцыю Эдуарда Пальчыса з Расеі ў Беларусь пакуль не камэнтуюць.
«Патрэбны час, каб высьветліць», — сказалі ў Сьледчым камітэце.
Былы палітвязень Павал Севярынец, які зьмясьціў ў інтэрнэт зьвесткі пра экстрадыцыю Джона Сільвера ( гэтак ў інтэрнэце прадстаўляўся беларус Эдуард Пальчыс) спасылаецца на 2 крыніцы гэтай інфармацыі. «Што ён на Валадарцы, мне стала вядома ад ягоных сяброў. Мяркую, праз ягоны ліст, іншых спосабаў ня ведаю», — сказаў Павал Севярынец.
Павал Севярынец паведаміў: «Яшчэ 26 траўня Эдуарда Пальчыса праз Смаленск этапавалі з Бранскага СІЗА ў Беларусь. Калі гэта так, Эдуард мусіць быць ужо ў Беларусі. Трэба даць запыты ва ўстановы, дзе ён можа быць (папярэдне — „Валадарка“)».
Эдуард Пальчыс пад псэўданімам Jhon Silver стварыў і вёў блог 1863x. Тэматыкай блога было «выкрыцьцё мітаў, на якіх трымаецца пракрамлёўская ідэалёгія ў Беларусі».
Раней яго затрымлівалі беларускія спэцслужбы, завялі дзьве крымінальныя справы і на месяц пасадзілі ў псыхлякарню. Пасьля гэтага ён пакінуў Беларусь і знаходзіўся ва Ўкраіне. 25 студзеня 2016 году на сайце 1863x.com была апублікаваная інфармацыя, што John Silver «затрыманы спэцслужбамі Расейскай Фэдэрацыі некалькі дзён таму».
У Беларусі, як распавядаў Пальчыс Свабодзе, супраць яго распачатыя крымінальныя справы за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці» і «распаўсюд парнаграфіі».