Міністар працы і сацыяльнай абароны Марʼяна Шчоткіна на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу 27 траўня заявіла, што дэпутатка Вольга Палітыка сваім пытаньнем «пакрыўдзіла ўвесь урад». Пасьля гэтага дэпутатка выбачылася.
Палітыка спытала ў першага намесьніка міністра юстыцыі Валерыя Кулакоўскага, як у міністэрстве ставяцца да таго, што пры рэгістрацыі ўнітарных прадпрыемстваў некаторыя ўласьнікі падаюць фіктыўныя адрасы, паведамляе БелаПАН. У выніку, сказала Палітыка, грамадзянам, якія пражываюць па гэтых адрасах, прыходзяць паведамленьні аб сплаце падаткаў. Вырашыць такую сытуацыю, адзначыла дэпутат, можна толькі праз суд.
«Калі вы ня лічыце гэта праблемай, тады апублікуйце свой адрас, каб хто заўгодна мог выкарыстаць яго для гэтых мэтаў, і паглядзім, ці лёгка вам дасца паход па судах», — сказала Палітыка намесьніку міністра.
На гэтую рэпліку Кулакоўскі не адказаў. Тады міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна сказала дэпутатцы:
«Ёсьць такое паняцьце, як карэктнасьць. Вольга Сяргееўна, пры ўсёй павазе, вы пакрыўдзілі ўвесь урад».
Шчоткіна дадала, што нехта з апанэнтаў улады даўно даведаўся яе адрас. «Ён апублікаваны, і нават многія журналісты ўжо вылічылі, якая ў мяне кватэра, колькі я плачу за камунальныя паслугі. Вы лічыце гэта нармальным?»
Пасьля гэтых слоў дэпутат Палітыка выбачылася перад Кулакоўскім.
У мінулым годзе «Наша Ніва» распавяла пра катэдж, які Марыяна Шчоткіна будуе ў Драздах.
Паводле выданьня, кошт такой зямлі і нерухомасьці, як у Шчоткінай, рыэлтары ацэньваюць прыкладна ў 1 млн даляраў. Сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку 2015-га склаў 452 даляры. Выходзіць, простаму беларусу давядзецца працаваць 184 гады, каб купіць такі дом, піша «НН».
Марыяна Шчоткіна кіравала перадвыбарчым штабам Аляксандра Лукашэнкі падчас мінулых выбараў.