Цыганкоў: На нарадзе ў пятніцу Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што на наступным тыдні мае намер падпісаць дакумэнты, якія тычацца ўдасканаленьня пэнсійнай сыстэмы. Мяркуецца, што падвышэньне пэнсійнага ўзросту будзе адбывацца паступова, з крокам па паўгода, пачынаючы зь 1 студзеня 2017 году.
Самым прымальным прызнаны варыянт падвышэньня пэнсійнага ўзросту да 58 гадоў у жанчын і 63 гадоў у мужчын. Пра гэта паведаміла міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар’яна Шчоткіна. Па словах міністра, эканамічна больш выгадны варыянт, калі жанчыны выходзяць на пэнсію ў 60 гадоў, а мужчыны — у 63 гады. Варыянт жа выхаду на пэнсію ў 58 і 63 гады адпаведна для жанчын і мужчын зьяўляецца больш мяккім і ўлічвае нагрузку жанчын па хатняй гаспадарцы. Так што, як мы бачым, як гэта часам бывае, быў абраны нейкі сярэдні, «кампрамісны» варыянт. Шчоткіна нават прызнавала, што эканамічны блёк ураду настойваў на іншым, больш радыкальным, варыянце. Але выбралі больш мяккі, сацыяльны.
ураўнаньне пэнсійнага ўзросту даўно адбылося ва ўсіх эўрапейскіх краінах — гэта, сярод іншага, прыкмета гендэрнай роўнасьці
Але праблема ў тым. што гэтая «ўсярэдненасьць» ня вельмі і дапаможа пэнсійнай сыстэме, якая загінаецца пад дэмаграфічнымі тэндэнцыямі. Каб яе тэрмінова ўратаваць, патрэбны быў больш радыкальны варыянт. Ну і не магу не адрэагаваць на то, што была захаваная розьніца 5 гадоў паміж выхадам на пэнсію мужчынаў і жанчынаў. Па-першае, ураўнаньне пэнсійнага ўзросту даўно адбылося ва ўсіх эўрапейскіх краінах — гэта, сярод іншага, прыкмета гендэрнай роўнасьці. Цікава, што ў якасьці аргумэнту беларускія ўлады спасылаюцца на тое, што жанчыны больш працуюць па доме. Такім чынам, яны кансэрвуюць і замацоўваюць такі стан рэчаў. Цяпер кожны абстрактны мужчыны можа сказаць — «вы павінны рабіць больш хатняй працы, бо вам за гэта раней даюць пэнсію».
Дракахруст: Гэтае рашэньне вельмі беларускае — на тры гады. Тры гады — гэта, як той казаў, ані два, ані паўтара. Наступны рубеж — гэта 5 гадоў. А тры — гэта як бы і не падвышэньне. Беларуская ўлада ідзе на тое, што магчыма праз некалькі гадоў давядзецца перажываць гэты крызыс падвышэньня пэнсійнага ўзросту ізноў. Хоць з-за цяперашняй сытуацыі людзі будуць больш да гэтага прывучаныя. Заява спадарыні Шчоткінай, што ўрад хацеў падвысіць пэнсійны ўзрост яшчэ больш — гэта як з тымі камунальнікамі, гульня ў добрага і злога сьледчага, дзе добры — гэта, зразумела, кіраўнік дзяржавы, які абараняе свой народ ад свайго ўраду.
Дзе будзе працаваць унівэрсытэцкі прафэсар — гэта зразумела, ён можа хоць да 70-ці гадоў працаваць. А сьлесар на заводзе?
У выступу Аляксандра Лукашэнкі я зьвярнуў увагу на два моманты. Першы — наколькі ён сочыць за сацыяльна-палітычнымі наступствамі тых ці іншых рашэньняў. Ён даволі дзіўна казаў, што народ нібыта падтрымлівае гэтае рашэньне. Насамрэч, калі сыходзіць з вынікаў незалежных сацыялягічных апытаньняў, як раз і не падтрымлівае. Але цікава, што кіраўнік дзяржавы асабліва падзякаваў за падтрымку менавіта тыя катэгорыі насельніцтва, якія, паводле апытаньняў, не падтрымліваюць падвышэньне пэнсійнага ўзросту: моладзь, якой да пэнсіі далёка, і старых, якія ўжо на пэнсіі. Сочыць і зважае нават на адценьні пазыцыяў розных сацыяльных групаў.
Яшчэ адзін момант, пра які Лукашэнка сказаў, але не сказаў, як гэта будзе рабіцца. Гэта тое, пра што пісалі беларускія эканамісты: добра, мы падвысім пэнсійны ўзрост, кантынгент працоўнай сілы павялічыцца, а дзе гэтыя людзі будуць працаваць? Дзе будзе працаваць унівэрсытэцкі прафэсар — гэта зразумела, ён можа хоць да 70-ці гадоў працаваць. А сьлесар на заводзе? Раней вось яму спаўнялася 60 гадоў, ён выходзіў на пэнсію, зараз яму 60 гадоў — яго звольнілі, куды ён пойдзе? Лукашэнка сказаў: трэба стварыць 50 тысячаў новых працоўных месцаў. Трэба, напэўна, але як. Прынамсі, пра гэта Лукашэнка не сказаў.
Карбалевіч: Тут адбываецца нешта падобнае на тое, што з камунальнымі тарыфамі. Камунальнікі выстаўляюць «ад балды» вялікія тарыфы, але ўмешваецца кіраўнік дзяржавы і аднаўляе справядлівасьць. Вось і ў пэнсійным пытаньні міністэрства сацыяльнай абароны прапануе тры варыянты падвышэньня ўзросту, уключаючы павялічэньне на пяць гадоў. Але ўмешваецца Лукашэнка і выбірае самы ляяльны для людзей — толькі тры гады.
Насельніцтва зьмірылася. Але людзей раздражняе падман і грубая, кандовая прапаганда. У дзяржаўных мэдыях мы чытаем і чуем, што нібыта ўвесь народ аднадушна падтрымлівае, супраць нікога няма. І ў гэтым непрыгожым спэктаклі ўдзельнічае і сам Лукашэнка.
паколькі крызыс у Беларусі — гэта надоўга, то праз некалькі гадоў спатрэбіцца новае падвышэньне пэнсійнага ўзросту
10 сакавіка на нарадзе ён кажа: «Скажу шчыра, паводле маіх дадзеных (я ўпэўнены, што яны дакладныя), мы пакуль не дасягнулі пераважнай большасьці сярод насельніцтва, якое б падтрымлівала гэтую прапанову ўраду аб павышэньні пэнсійнага ўзросту. Мы блізкія да паловы».
А 25 сакавіка Лукашэнка заяўляе: «Павінен сказаць, што сёньня ўжо цьвёрдая большасьць нашага насельніцтва згодная на падвышэньне пэнсійнага ўзросту». Як за 15 дзён менш за палову ператварылася ў цьвёрдую большасьць — вялікая загадка.
Што тычыцца эфэктыўнасьці, то падвышэньне пэнсійнага ўзросту дасьць часовы эфэкт у тым пляне, што зьменшыць цяжар на фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, зь якога выплочваюцца пэнсіі. Але паколькі крызыс у Беларусі — гэта надоўга, то праз некалькі гадоў спатрэбіцца новае падвышэньне пэнсійнага ўзросту.