Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На перамовах у Менску дамовіліся абараняць данбаскіх сірот


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Ўсходзе Ўкраіны
Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Ўсходзе Ўкраіны

18 траўня ў Менску адбыўся чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Бакі дамовіліся падтрымаць усе намаганьні, накіраваныя на паляпшэньне жыцьця дзяцей-сірот і дзяцей, адлучаных ад сваіх бацькоў у выніку збройнага канфлікту ў Данбасе. Пра гэта распавёў прадстаўнік АБСЭ амбасадар Марцін Сайдзік:

«Дзеці вельмі часта больш за іншых пакутуюць ад розных наступстваў канфлікту. Дабрабыт дзяцей па абодва бакі канфлікту сапраўды заслугоўвае ўвагі ўсіх нас».

Спадар Сайдзік назваў пазытыўным і тое, што пасьля мінулага пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы колькасьць парушэньняў рэжыму прыпыненьня агню на лініі разьмежаваньня «значна зьменшылася».

Аднак фактычна ў тупік зайшлі перамовы па абмене палоннымі і вызваленьні закладнікаў.

Паводле Сайдзіка, стала відавочна, што бакі ў гэтым пытаньні маюць розныя погляды, а людзі працягваюць пакутаваць:

«Кожны бок падае сваю пазыцыю, я павінен глядзець на факты і вынікі. І менавіта з-за гэтых фактаў і вынікаў я расчараваны».

Пасьля пасяджэньня ў Менску з заявай выступіў кіраўнік «ДНР» Аляксандар Захарчанка, які лічыць, што ўкраінскі бок спрабуе выменяць у іх «сілавікоў, узятых у палон са зброяй у руках, на людзей, якія часта ня маюць дачыненьня да канфлікту і затрыманыя ўкраінскімі спэцслужбамі».

А прэс-сакратар прадстаўніка Ўкраіны на перамовах Дарка Оліфэр заявіла, што менавіта баевікі заблякавалі вызваленьне закладнікаў і прывязалі абмен палоннымі да амністыі ўдзельнікаў баявых дзеяньняў. Пытаньне аб амністыі перанесена на наступную сустрэчу 1 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG