Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыктатура беспрыбытковасьці


Ці можа жорсткая дысцыпліна выратаваць беларускую прамысловасьць? Чаму ў Беларусь не прыходзяць транснацыянальныя карпарацыі? Што трэба зрабіць, каб знайсьці новыя рынкі збыту? Гэта ды іншае абмяркоўваюць эканамічны аглядальнік Ірына Крыловіч, эканаміст Міхал Залескі і аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Аляксандр Лукашэнка падкрэсьлівае важнасьць захаваньня жорсткай дысцыпліны для вытворчасьці канкурэнтаздольнай прадукцыі. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Менскага маторнага заводу падчас наведваньня гэтага прадпрыемства 6 траўня.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія вытворцы ўступілі ў паласу жорсткай канкурэнцыі. Каб выпускаць тавар, прывабны па цане і якасьці, патрэбна жорсткая дысцыпліна, дыктатура тэхналёгіі, заявіў Лукашэнка. Ці магчыма, што ўзмацненьне дысцыпліны можа выратаваць беларускую прамысловасьць?

Залескі: Канешне! Той, хто будзе добра працаваць — таго будуць біць драўлянай палкай, а хто кепска — таго жалезнай. Можаце сабе ўявіць, як хораша ўсе будуць працаваць? Наступіць шчасьце і камунізм.

Цыганкоў: Ну а калі больш сур’ёзна? Няўжо беларускія ўлады бачаць толькі адзін шлях выратаваньня прамысловасьці — ўзмацненьне дысцыпліны?

Залескі: Адзін з элемэнтаў вытворчасьці — гэта тэхналягічная дысцыпліна. Нуль адмоваў, нуль дэфэктаў — гэта японскі прынцып. Калі ёсьць прадпрыемства, то на ім няма нічога дэфэктнага, нічога, што кепска працуе. Любы чалавек на прадпрыемстве можа спыніць галоўны канвэер, калі ёсьць заўважыў нешта ня тое. Але ж такога няма.

Крыловіч: Тэхналягічная дысцыпліна сапраўды можа даволі істотна ўплываць на якасьць, за кошт гэтага можа дасягаць вельмі высокіх паказчыкаў якасьці. Пытаньне ў тым. што на Захадзе альбо ў Японіі ўсё гэта робіцца дзеля прыбытку прадпрыемства. У нас жа дыктатура беспрыбытковасьці. У нас ня прынята казаць пра прыбыткі, бо калі нехта іх атрымлівае, ён яе патраціць на яхты, дамы і гэтак далей. Таму проста трэба забясьпечваць працоўныя месцы, а яны павінны выдаць якасную прадукцыю.

На сёньня лёзунг Лукашэнку азначае тое, што вы павінны падвысіць дысцыпліну, вырабляць якасную прадукцыю — але вы не атрымаеце заробак большы. Калі людзі пад пагрозай страты працы, калі ў іх адсутнічае альтэрнатыва, гэта ў прынцыпе можа спрацаваць на кароткатэрміновым этапе. За кошт ціску на людзей можна дабіцца нейкага падвышэньня якасьці — але пытаньне ў тым, ці ёсьць замовы, ці ёсьць рынкі збыту для нашай прадукцыі. Навошта падвышаць якасьць прадукцыі, калі яна ўсё роўна не закупляецца?

Цыганкоў: Ручное кіраваньне эканомікай..

Крыловіч: Так. Гэта падмена эканамічных законаў нейкімі псыхалягічнымі законамі ўплыву на масы.

Цыганкоў: «2016 год — гэта год праверкі на трываласьць ўсіх прадпрыемстваў краіны, асабліва такіх гігантаў, да якіх адносіцца і Менскі маторны завод», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым пераліку таксама МАЗ, БелАЗ, МТЗ, «Гамсельмаш» і іншыя прадпрыемствы, якія, па словах прэзыдэнта, «мы ня можам страціць, гэта брэнд нашай краіны». Што прапаноўвае ўлада, каб іх «не страціць»? Ці ідзе размова пра нейкія радыкальныя крокі, зьмену ўласнасьці, прыватызацыю, пошук нейкіх сувязяў з сусьветнымі транснацыянальнымі карпарацыямі і гэтак далей?

Залескі: На кожным з гэтых прадпрыемствах працуюць тысячы людзей, усе яны скончылі школы, альбо тэхнікумы, альбо вну. Кожны зь іх можа ўнесьці прапановы пра тое, як палепшыць сваё прадпрыемства. Але я ніколі ня чуў, каб гэтыя людзі нешта прапаноўвалі. Чаму?

Цыганкоў: Бо яны ведаюць, што ніхто іх не паслухае, і нікуды гэта ня пойдзе.

Залескі: Так, ніхто іх і не зьбіраецца слухаць. Бо іх разглядаюць як працоўныя рэсурсы. Як бы мы не круціліся — да таго часу, пакуль усе людзі, калектывы ня будуць зацікаўленыя, каб працаваць лепей — нічога не атрымаецца. Ніякія СГА, ніякія кітайскія тэхнапаркі не дапамогуць, пакуль у людзей ня будзе свабоды творчасьці.

Цыганкоў: У свой час у Беларусь прыйшоў МАН, сусьветная вядомая нямецкая транснацыянальная карпарацыя, і ўтварылі сумеснае прадпрыемства з беларускім МАЗам. Чаму гэты прыклад не знайшоў станоўчага разьвіцьця?

Залескі: Бо ў Беларусі такія інстытуцыянальныя ўмовы. Сюды шмат хто прыходзіў, і шмат хто сышоў. Прыходзяць, агледзяцца, пабудуць, усе зразумеюць — і пойдуць далей.

Крыловіч: Тут два аспэкты. З аднаго боку — цалкам слушна, беларускія інстытуцыянальныя асновы цалкам не адэкватныя разуменьню замежнага інвэстара пра тое, як трэба рабіць бізнэс. Трэба паказаць прадпрымальніку, як ён можа атрымаць прыбытак, і як ён яго можа вывесьці. Выкарыстаць для сябе. А наша дзяржава спачатку заманьвае інвэстара нейкім прыбыткам і ільготамі, а потым кажа — «аддай нам, бо ў нас сацыяльная дзяржава, мы самі лепш ведаем, не што гэта патраціць».

не магчыма дэвэрсыфікаваць рынак — не рэфармуючы вытворчасьць

Другі аспэкт — гэта прамежкавы стан нашай эканомікі паміж рынкавай заходняй эканомікай і нерэфармаванай ўсходняй — расейскай, кітайскай. Мы сярэдняя краіна, у нас адносна маленькі ўласны рынак, для замежнага інвэстара ён не цікавы, асабліва калі казаць пра машынабудаваньне. Той жа МАН прыходзіў у Беларусь, каб пастаўляць прадукцыю на расейскі рынак.

Стаўка, якая рабілася цягам 20 гадоў, на расейскі рынак, на ягонае разьвіцьцё і рост — яна ўжо не працуе. І ў выніку Беларусь страціла сваю прывабнасьць як пляцоўка на скрыжаваньні шляхоў. Бо расейскі рынак стагніруе, там няма попыту, там санкцыі.

Цыганкоў: Дарэчы, прамаўляючы на Маторным заводзе, Лукашэнка казаў і пра дэвэрсыфікацыю экспарту. «Паглядзім, на якія аб’ёмы вытворчасьці рухавікоў выйдзеце, куды будзеце прадаваць, як будзеце дывэрсыфікавацца». Але акрамя словаў, ці ёсьць ужо нейкія канкрэтныя крокі ў сапраўднай дывэрсыфікацыі экспарту?

Крыловіч: Такія ўказы, пастановы прымаюцца ўжо цягам 15 гадоў. Задача ставіцца, зьбіраюцца дыпляматы, яны нешта робяць, зьбіраюцца нарады — і нейкія партыі тавары ўдаецца прадаць у нейкую краіну. Але ж гэта не стратэгія.

Бо не магчыма дэвэрсыфікаваць рынак — не рэфармуючы вытворчасьць. Калі мы хочам захаваць вытворчасьць, якая дасталася нам ад Савецкага Саюза, — то мы ня можам зрабіць замежны рынак шырэйшым, чым ён быў пры СССР. Нават няма чаго і спрабаваць. Таму трэба рабіць рэструктурызацыю сваёй прамысловасьці — альбо так і будзем праводзіць нарады, пісаць указы пра дывэрсыфікацыю, хаця прынцыпова нічога ня зьменіцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG