Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея запатрабуе ад Украіны гарантыі выкананьня прысуду Саўчанцы


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Гарантыя выкананьня Ўкраінай прысуду расейскага суду — абавязковая ўмова перадачы ўкраінскай лётчыцы на радзіму.

Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў Расеі пачала збор дакумэнтаў, неабходных для выдачы Ўкраіне ўкраінкі Надзеі Саўчанкі, незаконна асуджанай у Расеі.

«У сувязі з запытам Міністэрства юстыцыі Расеі па звароце Міністэрства юстыцыі Ўкраіны аб перадачы асуджанай Саўчанкі Н.В. для далейшага адбыцьця пакараньня ва Ўкраіне на падставе Канвэнцыі аб перадачы асуджаных асоб ад 21.03.1983. ФСВП Расеі ў цяперашні час ажыцьцяўляе збор неабходных матэрыялаў, якія прадугледжваюць, у тым ліку, заяву асуджанай Саўчанкі Н.В. аб жаданьні адбываць далейшы тэрмін пакараньня ў дзяржаве грамадзянства», — кажуць у расейскім ведамстве.

У ФСВП дадаюць, што пакет дакумэнтаў аб перадачы Саўчанкі будзе ў вызначаным парадку накіраваны ў Мін’юст Расеі «для ўзгадненьня пытаньня перадачы з кампэтэнтным органам Украіны». Прычым перадача Саўчанкі ва Ўкраіну магчымая толькі тады, калі ўкраінскі Мін’юст дасьць гарантыі выкананьня выраку расейскага суду ў поўным памеры.

Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пра альгарытм і тэрмін вызваленьня Саўчанкі. У інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам 24 красавіка Парашэнка дадаў, што самалёт з Надзеяй Саўчанкай можа прызямліцца на ўкраінскай зямлі «на працягу некалькіх тыдняў». У той жа час адвакат украінкі Марк Фейгін, кажучы пра запаўненьне дакумэнтаў, заявіў, што Саўчанка наўрад ці вернецца ва Ўкраіну да канца траўня.

Прысуд расейскага суду па справе Надзеі Саўчанкі набыў моц 5 красавіка. Яе асудзілі на 22 гады пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы, у прыватнасьці, у дачыненьні да забойства расейскіх журналістаў на Данбасе. Украінка і яе адвакаты адкідаюць усе абвінавачаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG