Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі рэйтынгу свабоды слова


У дакладзе амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House пра свабоду слова ў сьвеце ў 2015 годзе (Freedom of the Press 2016) Беларусь апынулася на 192-м месцы сярод 199 краінаў і тэрыторыяў. Ці справядлівае гэта месца?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: 3-га траўня — міжнародны дзень свабоды прэсы. У дакладзе амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House пра свабоду слова ў сьвеце ў 2015 годзе (Freedom of the Press 2016) Беларусь апынулася на 192-м месцы сярод 199 краінаў і тэрыторыяў.

Паводле экспэртаў Freedom House, летась горай са свабодай прэсы, чым у Беларусі, было толькі ў Паўночнай Карэі, Туркмэністане, Узбэкістане, Крыме і Эрытрэі. Куба і Экватарыяльная Гвінэя атрымалі такую самую ацэнку, што і Беларусь — 91 бал. Дзясятку найгоршых перасьледнікаў свабоды прэсы дапаўняюць Іран і Сырыя.

Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што ацэнка Беларусі ў сёлетнім дакладзе Freedom House (91 бал) — крыху лепшая, чым у леташнім (93 балы). Але яна не настолькі лепшая, каб выпіхнуць Беларусь зь дзясяткі найгоршых прыгнятальнікаў свабоды прэсы.

У рэйтынгу Freedom House ёсьць тры паказальнікі: узровень палітычных свабодаў, узровень прававых свабодаў і ўзровень эканамічных свабодаў.

Беларускія журналісты ўжо абмяркоўвалі ў СМІ і ў сацыяльных сетках гэты рэйтынг. І абмяркоўвалі пераважна крытычна і іранічна. Мы, маўляў, не падобныя да краіны, якая займае месца ў апошняй дзясятцы ў сьвеце

Беларускія журналісты ўжо абмяркоўвалі ў СМІ і ў сацыяльных сетках гэты рэйтынг. І абмяркоўвалі пераважна крытычна і іранічна. Мы, маўляў, не падобныя да краіны, якая займае месца ў апошняй дзясятцы ў сьвеце. Няўжо ў нас сытуацыя горш, чым у Азэрбайджане, многіх іншых азіяцкіх і афрыканскіх краінах?

Калі разглядаць усе гэтыя стандарты арганізацыі, то горш.

Ёсьць такое паняцьце, як зьнешняе ўражаньне: ў Беларусі прадаюцца свабодна ў шапіках незалежныя выданьні, дзейнічаюць замежныя радыёстанцыі, сайты. Але сапраўды ўсё гэта дзейнічае ў максымальна неспрыяльнай атмасфэры. У эканамічнай сфэры дагэтуль працягваецца няроўнае стаўленьне да дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы. Улада ўплывае на зьмест СМІ. Доступ журналістаў да крыніцаў інфармацыі абмежаваны.

Журналісцкая супольнасьць дастаткова нэгатыўна ўспрыняла гэты даклад. Я нават рызыкну сьцьвярджаць, што тут сапраўды ў дачыненьні да Беларусі існуюць пэўныя «двайныя стандарты» — але толькі ў тым сэнсе, што да Беларусі ўсё ж ставяцца па-іншаму, чым да азіяцкіх і афрыканскіх тыраніяў. Да Беларусі як да эўрапейскай дзяржавы патрабаваньні больш высокія.

Дракахруст: Я згодны з крытыкамі гэтага дакладу. Я якраз ня думаю, што неяк спэцыяльна падганяюцца лічбы, для таго, каб апусьціць Беларусь на самы ніз. Такі вынік — дзіўны для людзей, якія абазнаныя ў беларускіх рэаліях. Атрымліваецца гэта з прычыны спосабу, якім гэтая інфармацыя агрэгуецца, сумуецца. Я зьвярнуў увагу на дыскусію аднаго беларускага журналіста з чалавекам, блізкім да Freedom House. Беларускі журналіст напісаў: у Сырыі ці Расеі дзясяткі журналістаў на працягу году былі проста забітыя. У Беларусі, дзякаваць Богу, нікога. Суразмоўца яму адказвае — так, але ёсьць і іншыя паказьнікі. Ёсьць забойствы, а ёсьць доступ да інфармацыі, можа ён у Расеі і лепшы, чым у Беларусі. І калі ўсе гэтыя паказьнікі складаюцца, то атрымліваецца, што ў Беларусі горш. Але тут пытаньне ў «вагах» паказьнікаў. Нельга стан злачыннасьці ў нейкай краіне, на мой погляд, вызначаць, складаючы колькасьць забойстваў і кішэнных крадзяжоў. Адно і другое несувымернае. А ў гэтай мэтадалёгіі Freedom House несувымерныя рэчы аказваюцца сувымернымі. Мне здаецца, што гэта не зусім дарэчны падыход.

можа быць у якой-небудзь Нігерыі законы выдатныя, і доступ да інфармацыі на вышыні. Але паспрабуй тамтэйшы журналіст вякні што-небудзь пра «Бока Харам», гэтыя тэрарысты без усялякіх законаў прыйдуць і грохнуць яго і ўсю яго сям’ю. І ў Сырыі тое самае. Але законы там нармальныя, можа лепшыя, чым у Беларусі.

Да таго ж ёсьць пытаньні да, так бы мовіць, палітычнай філязофіі аўтараў дакладу. Яны разглядаюць сытуацыю адмерна, па шкале дэмакратыя-дыктатура. Але ёсьць яшчэ адно вымярэньне: упарадкаваная дзяржава супраць хаосу. Умоўна кажучы, можа быць у якой-небудзь Нігерыі законы выдатныя, і доступ да інфармацыі на вышыні. Але паспрабуй тамтэйшы журналіст вякні што-небудзь пра «Бока Харам», гэтыя тэрарысты без усялякіх законаў прыйдуць і грохнуць яго і ўсю яго сям’ю. І ў Сырыі тое самае. Але законы там нармальныя, можа лепшыя, чым у Беларусі.

Так што ўмоўнасьць агрэгацыі і ігнараваньне прыватнага гвалту, падаўленьня свабоды грамадзянскай супольнасьцю істотна скажаюць дадзеныя гэтай справаздачы. Тое, што ў Беларусі са свабодай слова кепска — гэта безумоўна. Любы скажа, што ў Швэйцарыі яе больш. Але мы ж не са Швэйцарыяй Беларусь параўноўваем.

Карбалевіч: Думаю, што ацэнкі дакладу не зусім справядлівыя. Бывалі пэрыяды, калі сытуацыя з свабодай мэдыяў у Беларусі была значна горшай, незалежныя газэты друкаваліся за мяжой, журналісты сядзелі ў турме.

Зразумела, казаць пра свабоду СМІ ў Беларусі не выпадае. Тэлебачаньне і радыё манапалізавана дзяржавай, туды вельмі рэдка дапускаюць прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва. Незалежныя газэты маюць невялікі наклад, іх распаўсюджваньню чыняцца перашкоды. Напрыклад, тое выданьне, дзе я друкуюся, газэта «Свободные новости плюс», не дапускаецца ў падпісны каталёг, яе нельга выпісаць і атрымоўваць па пошце. Фактычна ліквідаваныя незалежныя газэты ў рэгіёнах, іх засталіся адзінкі. Цяжкая сытуацыя з эканамічных выжываньнем незалежных выданьняў.

Працягваюцца рэпрэсіі супраць журналістаў-фрылансэраў. Але зьявіўся новы сродак масавай інфармацыі — інтэрнэт. І доступ да гэтага сродку ужо мае большасьць беларусаў. Паводле сакавіцкага апытаньня НІСЭПД, 57% грамадзянаў краіны карыстаюцца інтэрнэтам альбо штодзённа альбо некалькі разоў на тыдзень. І, па вялікаму рахунку,

думаю, 192-е месца не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Але казаць, што інфармацыйная блякада прарваная, не выпадае. Бо праз інтэрнэт атрымоўвае інфармацыю 42% беларусаў, а праз ТБ — 82%

улады пакуль ня ўводзяць істотных абмежаваньняў, хіба толькі ў вострыя палітычныя моманты блякуюць незалежныя рэсурсы. Паводле маштабу распаўсюджваньня інтэрнэту Беларусь знаходзіцца, хутчэй, сярод «прасунутых» краінаў.

Таму, думаю, 192-е месца не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Але казаць, што інфармацыйная блякада прарваная, не выпадае. Бо праз інтэрнэт атрымоўвае інфармацыю 42% беларусаў, а праз ТБ — 82%.

Але ўсё роўна для існага рэжыму інтэрнэт — гэта выклік. І яны пакуль ня вырашылі, што зь ім рабіць. У штогадовым пасланьні Лукашэнка адзначыў, што рыхтуюцца нейкія захады, каб ўзяць інфармацыйную прастору Беларусі пад кантроль. Пакуль не зразумела, у што гэты выльецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG