Дэпартамэнт дзяржбясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў пры Міністэрстве абароны Літвы апублікавалі ацэнку пагроз нацыянальнай бясьпецы рэспублікі. Дакумэнт зьявіўся 30 сакавіка, паведамляе ТUT.BY.
У ім гаворыцца, што супраць Літвы працуюць тры беларускія спэцслужбы — Камітэт дзяржаўнай бясьпекі (КДБ), Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне Генэральнага штабу Міністэрства абароны (ГРУ) і разьведвальныя падразьдзяленьні Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК).
Галоўнымі задачамі гэтых службаў зьяўляюцца замацаваньне стабільнасьці беларускай улады ўнутры краіны і падтрымка палітычных і эканамічных інтарэсаў Беларусі ў Літве і ЭЗ.
Літва і беларуская апазыцыя
У дакладзе нагадваецца, што ўвосень 2015 у Беларусі праходзілі прэзыдэнцкія выбары, у сувязі з чым КДБ узмацняў кантроль за дзеючымі ў Літве прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.
Галоўнай задачай КДБ было перашкодзіць апазыцыянэрам прытрымлівацца адзінай палітыкі ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў. Для гэтага спэцслужбы Беларусі, зьбіраючы інфармацыю аб дзеючых у Літве беларускіх апазыцыйных арганізацыях, вярбуюць членаў беларускай абшчыны ў Літве і беларусаў, якія пражываюць у краіне.
КДБ таксама робіць спробы ўкараненьня агентаў у беларускія апазыцыйныя арганізацыі і заклікае іх удзельнічаць у апазыцыйных мерапрыемствах у Літве.
Асноўная мэта вярбоўкі камітэтам крыніц інфармацыі і агентаў уплыву ў апазыцыйныя арганізацыі — падтрымліваць раскол у беларускай апазыцыі, не дапусьціць, каб яна стала рэальнай палітычнай альтэрнатывай дзеючай улады ў Беларусі, пішуць літоўскія ведамствы выведкі.
Беларусь і эўрапейскія санкцыі
У 2015 годзе КДБ актыўна падтрымліваў намаганьні ўладаў Беларусі, накіраваныя на зьняцьце санкцый ЭЗ зь беларускіх службовых асоб і арганізацый. Супрацоўнікі КДБ зьбіралі інфармацыю аб пазыцыі Літвы і ЭЗ датычна зьняцьця санкцый, а таксама шукалі сярод прадпрымальнікаў Літвы тых, чыя дзейнасьць зьвязана зь Беларусьсю, каб яны лабіравалі палітычныя і эканамічныя інтарэсы краіны, адзначаецца ў дакумэнце.
Шпіёны пад прыкрыцьцём
У дакладзе сьцьвярджаецца, што, «ажыцьцяўляючы выведвальную дзейнасьць у Літве, КДБ і ГРУ традыцыйна прыкрываюцца дыпляматыяй»: «Палова дыпляматаў беларускай амбасады ў Літве зьяўляюцца супрацоўнікамі КДБ ці ГРУ, якія дзейнічаюць пад дыпляматычным прыкрыцьцём, альбо зьвязаныя з дадзенымі службамі і выконваюць іх заданьні».
Супрацоўнікі беларускіх службаў бясьпекі і выведкі ў Літве таксама выконваюць разьведвальныя заданьні пад выглядам прадпрымальнікаў, журналістаў, навукоўцаў, членаў беларускіх дзяржаўных і бізнэс-дэлегацый, гаворыцца ў дакумэнце.
Вярбоўка
Літоўскія ведамствы выведкі паказваюць, што з спробамі вярбоўкі з боку беларускіх спэцслужбаў часьцей за ўсё сутыкаюцца супрацоўнікі праваахоўных органаў Літвы, якія накіроўваюцца ў Беларусь.
Супрацоўнічаючы з органамі памежнай службы Беларусі, КДБ таксама вэрбаваў жыхароў памежжа, якія часта перасякаюць мяжу, і, не зьяўляючыся супрацоўнікамі праваахоўных і разьведвальных органаў Літвы, тым ня менш, ведаюць кагосьці з тых, хто там працуе.
Патрэбы выведкі ГРУ ў Літве ў цэлым супадаюць з інтарэсамі ваеннай выведкі Расеі, зазначаюць літоўскія аналітыкі. Дзейнічаючы супраць Літвы і іншых краін — членаў НАТО, службы вайсковай выведкі гэтых дзьвюх краін цесна супрацоўнічаюць. Вайсковая выведка Беларусі, як і КДБ, больш актыўна і агрэсіўна дзейнічае супраць Літвы на тэрыторыі Беларусі.
У Літве праходзіць суд над агентамі дадзенай службы, якія шпіёнілі за літоўскім войскам і іншымі аб’ектамі, што маюць стратэгічнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі Літвы.
«Беручы пад увагу агрэсіўныя спробы беларускіх службаў бясьпекі і выведкі ўкараніцца ў праваахоўныя органы Літвы і ў Сыстэму аховы краю, а таксама шчыльнае супрацоўніцтва з Расеяй у сфэры выведкі, дзейнасьць беларускіх службаў бясьпекі і выведкі расцэньваецца як пагроза нацыянальнай бясьпецы Літвы», — адзначаецца ў дакумэнце.
Як ажыцьцяўляецца вярбоўка на мяжы зь Беларусьсю (з дакладу пра пагрозы нацыянальнай бясьпецы Літвы ў 2015 годзе):
- праверка дакумэнтаў на памежным пераходзе займае больш часу, чым звычайна;
- грамадзяніна Літвы суправаджаюць у службовыя памяшканьні беларускіх памежнікаў;
- супрацоўнікі-беларусы ў цывільным, не прадстаўляючыся, пачынаюць допыт;
- калі апытаны грамадзянін Літвы зьяўляецца службовай асобай, гучаць пытаньні аб яго службовых функцыях, калегах, службовых базах дадзеных, памежнай і ваеннай інфраструктуры;
- у астатніх жыхароў памежжа цікавяцца, ці знаёмыя яны з супрацоўнікамі праваахоўных органаў Літвы, якія іх абавязкі, адрасы, ці наведваюць яны Беларусь;
- калі чалавек адмаўляецца адказваць на пытаньні, яму кажуць, што ён парушыў законы Беларусі, напрыклад, падаючы запыт на візу, паказаў мэтай візыту наведваньне сваякоў, аднак на самай справе едзе за пакупкамі;
- прапануецца выбар — на пастаяннай аснове праастаўляць інфармацыю беларускім спэцслужбам альбо зьмірыцца з тым, што наведваньне краіны не адбудзецца (ануляваньне візы ці інш.);
- даецца ўказаньне падчас наступнага наведваньня Беларусі патэлефанаваць па нумары тэлефона, указанаму беларускім супрацоўнікам.