У бацькоў беларускіх байцоў батальёна «Азоў» прайшлі вобшукі, у іх канфіскавалі кампутары. Міліцыя паведаміла, што супраць іхніх дзяцей заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Найміцтва».
Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі маці і былая жонка Дзьмітрыя «Зубра» — пад такім псэўданімам хавае сваю асобу адзін зь беларускіх байцоў «Азова».
«Ён прапісаны ў мяне, а таму вобшук праводзілі ў маёй кватэры, — паведаміла Вольга, маці Дзьмітрыя. — Яны ведаюць, што з 13 сакавіка 2015 году ён знаходзіцца там. Яны мне гэта сказалі, я таго ня ведала».
Да маці прыходзілі з аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Ёй прадʼявілі ордэр на вобшук, дзе пазначана, што супраць Дзьмітрыя ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкула 133 — «Найміцтва».
Падчас вобшуку ў кватэры забралі кампутар. Сказалі, што на праверку ў КДБ. Праверка можа заняць да 6 месяцаў, бо тэхнікі забрана шмат.
Па словах жанчыны, яе сын дарослы чалавек і самастойна прымае рашэньні.
«Мы ніколі не абмяркоўваем ягоныя палітычныя погляды, ягоныя пляны, — кажа Вольга. — Ён жа паехаў па добрай справе — дапамагчы брацкаму ўкраінскаму народу.
Калі ён зьбіраўся, мы ў яго з бацькам пыталі, навошта яму туды ехаць. Ён адказаў, што гэта ягоны грамадзянскі абавязак».
Вольга кажа, што раней зь міліцыі да яе не зьвярталіся. Толькі ў лістападзе прыходзілі нейкія хлопцы, перадавалі прывітаньне ад сына і папярэдзілі, каб была гатовая да вобшукаў.
«Але ў мяне няма перапіскі, якая кампрамэтуе мяне. Я перапісваюся зь сябрамі, знаёмымі. Сяброўская перапіска — не злачынства. Але я баюся дзеяньняў з боку ўлады, хоць я нічога дрэннага не зрабіла, не абражала нікога».
Прэтэнзіяў з боку закону да свайго сына яна таксама ня бачыць. Вольга кажа, што ён знаходзіцца не на Данбасе, а ў Кіеве
«Мне б хацелася свайму дзіцяці добрай будучыні ў нашай краіне. А мне сказалі, што ён злачынца. Мне непрыемна гэта чуць».
Інфармацыю пра вобшукі пацьвердзіла і былая жонка «Зубра». Да самой яе з праваахоўных органаў пакуль не зьвярталіся. Але паколькі ў канфіскаваным кампутары ёсьць ейная перапіска з маці «Зубра», Веніяміна чакае, што неўзабаве выйдуць і на яе.
«Мае каардынаты яны пыталіся. Але паколькі яны канфіскавалі кампутар, там былі адкрытыя сацыяльныя сеткі. Яны ўжо ўсё паглядзелі па перапісках у сацыяльных сетках. Таму я апошні тыдзень як на іголках. Чакаю».
Па словах дзяўчыны, за ўвесь той час, што «Зубр» ва Ўкраіне, толькі аднойчы да яе тэлефанаваў сьледчы з Украіны. Гэта было летась, калі «Зубра» затрымлівалі.
«Цяпер, я лічу, ягонай справай заняліся ў Беларусі».
З «Зубром» яна пэрыядычна зьвязваецца праз скайп, таму што за сацыяльнымі сеткамі, баіцца Веніяміна, пільна сочаць праваахоўныя органы.
«Калі шчыра, у мяне ёсьць падазрэньні, што ўсе-ўсе нашы перапіскі чытаюць, — кажа яна. — Таму што калі мне тэлефанаваў сьледчы з Украіны, ён мне тут жа кажа, што „Ўкантакце“ дашле сваю электронную пошту. І тут жа — хоп, у мяне пстрыкае кантакт і прыходзіць паведамленьне. Хоць гэта не маё сапраўднае імя й прозьвішча, яны цудоўна ведаюць, як я там падпісаная. Без праблем валодаюць усёй інфармацыяй».
Як пісала Свабода, у Беларусі заведзена 135 крымінальных спраў супраць беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне. Гэтую інфармацыю агучыў начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў.