Беларус з францускага Замежнага легіёна ў эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода распавёў, як ён стаў легіянэрам і як езьдзіў ваяваць на Данбас.
Байца атрада «Пагоня» з пазыўным «Марк», які месяц ваяваў на Данбасе, Радыё Свабода парэкамэндавалі ў «Пагоні» як «трохі нестандартнага беларускага байца».
Цяпер 21-гадовы «Марк» служыць у Афрыцы ў шэрагах францускага Замежнага легіёна. Свабодзе скантактавацца зь ім удалося толькі праз інтэрнэт.
Як распавёў «Марк», 2,5 года таму ён прыйшоў на вербавальны пункт у Парыжы, дабраўшыся туды звычайным аўтобусным турам. Вербавальныя пункты ёсьць у трох гарадах: Парыжы, Абані і Страсбуры. Патрабаваньні да навабранцаў самыя простыя: моцнае здароўе і адсутнасьць праблем з Інтэрполам.
Да таго як адправіцца ў Францыю, «Марк» вучыўся ва ўнівэрсытэце, які кінуў на 2-м курсе.
«Заўсёды хацеў зьвязаць сваё жыцьцё з арміяй, — тлумачыць „Марк“ сваё рашэньне адправіцца ў Францускі замежны легіён. — А служба ў Беларусі, мяркуючы па расказах знаёмых, здавалася мне сумнай».
Па словах «Марка», сама па сабе служба ў францускім Замежным легіёне не супярэчыць беларускаму заканадаўству — да крымінальнай адказнасьці за гэта прыцягнуць не павінны.
«Праблемы могуць узьнікнуць, толькі калі вы не служылі тэрміноўку (тэрміновая служба. — РС), як у маім выпадку», — кажа ён.
«Марк» сьцьвярджае, што ў Францускім замежным легіёне служыць даволі шмат грамадзян Беларусі:
«Беларусаў некалькі адсоткаў. Дакладна сказаць не магу, чалавек 150–200, але і гэта даволі шмат. Са мной у роце, напрыклад, служылі яшчэ 2 беларусы з майго горада».
Базавая зарплата ў Замежным легіёне — 1300 эўра. «Далей розныя прэміі, у баявым палку выходзіць каля 1600, парашутысты зарабляюць 2000. Пры місіях па-за межамі Францыі зарплата падвойваецца», — тлумачыць «Марк».
Легіянэр — унівэрсальны „турбавенік“.
«Марк» плянуе атрымаць францускае грамадзянства, якое належыцца ўсім легіянэрам пасьля 5 гадоў службы. «Хутчэй, чым за 5 гадоў, грамадзянства нерэальна атрымаць. Грамадзянства мне спатрэбіцца для працы пасьля легіёну», — кажа ён.
Па словах «Марка», рэальная служба ў Замежным легіёне далёкая ад прапагандысцкіх ролікаў. Самае складанае там — гэта строгая дысцыпліна і туга па радзіме. «Легіянэр — унівэрсальны „турбавенік“», — кажа ён.
«Марк» служыў у 2-м парашутным палку (2e régiment étranger de parachutistes), быў у Арабскіх Эміратах. «Цяпер служу ў пяхоце ў Францускай Гвіяне. Удзелу ў баявых дзеяньнях на баку легіёну не прымаў. Цяпер легіён рэдка ваюе, дый вайной гэта назваць нельга», — кажа ён.
Падчас месячнага адпачынку «Марк» адправіўся ваяваць на Данбас — служыў ва ўкраінскім палку «Азоў».
Мне было цікава. Хацелася хутчэй прыняць удзел у баявых дзеяньнях і дапамагчы Ўкраіне ў справядлівай вайне.
«Мне было цікава, — тлумачыць ён сваё рашэньне адправіцца на вайну. — Хацелася хутчэй прыняць удзел у баявых дзеяньнях і дапамагчы Ўкраіне ў справядлівай вайне. Я быў байцом атрада „Пагоня“, служыў у палку „Азоў“, пазыўны ў мяне быў „Марк“. Ваяваў месяц. Больш ня мог: столькі доўжыўся мой адпачынак».
«Марк» прызнаецца, што не ведае, ці супярэчыць удзел у вайне на Данбасе правілам Замежнага легіёну, аднак на ўсялякі выпадак не лішне пра гэта распавядае.
Кантракт з Замежным легіёнам у «Марка» яшчэ на 5 гадоў. Ці будзе ён працягваць кантракт — баец пакуль ня ведае. Аднак у Беларусь усё-ткі хоча вярнуцца.
«Паглядзім, як складзецца. Пляную. Я люблю Беларусь, і мае дзеці будуць расьці ў маёй роднай краіне», — падкрэсьліў ён.