Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Расея зноў дала грошы Беларусі 


Чаму Эўразійскі фон супрацоўніцтва і разьвіцьця даў Беларусі доўгачаканы крэдыт? Чым Беларусі давядзецца расплачвацца за яго? Ці ўратуе ён беларускую эканоміку?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.


Дракахруст: Як стала вядома, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 2 мільярды даляраў. Перш транш у памеры 500 мільёнаў даляраў чакаецца ўжо бліжэйшымі днямі, можа нават сёньня.

Адпаведнае пагадненьне падпісанае 25 сакавіка ў Маскве паміж прадстаўнікамі міністэрства фінансаў Беларусі і фонду.

Ключавую ролю ў фондзе адыгрывае Расея. Крэдыт выдзяляецца «ў падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэньняў ураду і Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь на 2016–2018 гады».

У 20016 годзе Беларусь атрымае яшчэ 2 траншы крэдыту, тры ў наступным годзе і адзін ў 2018 годзе. Перамовы аб крэдыце фонду ў памеры 2 мільярдаў даляраў Менск вёў яшчэ зь мінулага году.

Альтэрнатыва дапамозе Беларусі для Расеі — магчымыя неспрыяльныя сацыяльныя і нават палітычныя наступствы крызісу ў Беларусі.


Чаму далі крэдыт? Просты адказ: абяцалі — і далі. Пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў пасьля лютаўскага пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы заявіў, што дадуць.

Аднак, фон перамоваў быў неспрыяльны. Ня так даўно намесьнік мінфіну Расеі Сяргей Старчак казаў, што ў Расеі няма сродкаў. Але знайшліся.

Альтэрнатыва дапамозе Беларусі для Расеі — магчымыя неспрыяльныя сацыяльныя і нават палітычныя наступствы крызісу ў Беларусі. Гэта і сродак утрымаць Беларусь у сваёй геапалітычнай арбіце. Эўропа, Захад пакуль ня надта расшчодрываюцца, і Менск можа параўноўваць гатоўнасьць дапамагаць.

Дарэчы, паводле дадзеных апошняга апытаньня НІСЭПД, на пытаньне, хто дапаможа Беларусі выйсьці з крызісу, самы папулярны адказ «ніхто не дапаможа, разьлічваць можна толькі на сябе» — 36%, а на другім месцы — 26% — Расея.

2 мільярды знайшліся ў Расеі і ў сытуацыі моцнага эканамічнага крызісу. Усіх праблемаў Беларусі гэтыя грошы ня вырашаць, але ролю выратавальнага круга адыграць могуць, хоць з некаторымі даўгамі можна расплаціцца.

Ня выключана, што нечым Беларусі за гэта давядзецца расплачвацца. Скажам, той жа базай. Але гэта ня факт, у мінулым ня раз бывала, што Расея давала дапамогу, нічога канкрэтнага не атрымліваючы ўзамен.

Цыганкоў: Як кажуць пра беларускую палітыку, ня трэба там шукаць цёмных пакояў, у ёй усё ня проста, а вельмі проста. Я пагаджуся з вашай вэрсіяй, яна самая жыцьцёвая: чаму далі — таму што абяцалі, таму што гэта было прапісана.

Калі ня даць гэтыя паўтара года таму паабяцаныя грошы — нагадаю, што спачатку было абяцана 3 мільярды — гэта быў бы скандал, гэта былі б сумневы ў пасьлядоўнасьці расейскай палітыкі, чарговая нагода для Аляксандра Лукашэнкі «павярнуць на Захад». Думаю, у прыняцьці рашэньня расейскім бокам і такі аргумэнт адыгрываў сваю ролю. Тым больш, што адтуль таксама намячаюцца грошы — ідуць перамовы Менску з МВФ, ён спрабуе ўсе магчымыя варыянты, якія ёсьць на рынку.

Ня даць крэдыту — праблемаў больш, чым даць.


То бок ня даць — праблемаў больш, чым даць. Таму было прынятае такое палітычна абгрунтаванае і лягічнае рашэньне. Але гэтыя грошы былі паабяцаныя некалькі гадоў таму. Цяпер ніякіх такіх абяцаньняў няма.

Таму цікава, ці будзе ў далейшым, пасьля гэтага крэдыту, выконвацца правіла беларуска-расейскіх адносінаў, што Расея заўсёды плаціць.

Карбалевіч: Хачу зьвярнуць увагу на тое, што паводле папярэдняй кулюарнай інфармацыі, гаворка ішла пра першы транш у памеры 1,1 мільярды даляраў. Выглядае, што сёлета Беларусь усё ж атрымае 1 мільярд даляраў, толькі не адным, а двума траншамі. Фонд задаволіла макраэканамічная стабілізацыя, жорсткая манэтарная палітыка, свабодны абменны курс і плюс рост камунальных тарыфаў.

А вось выдзяленьне наступных траншаў абумоўліваецца наступнымі крокамі па лібэралізацыі эканомікі, кшталту свабоднага цэнаўтварэньня, прыватызацыі, якія беларускае кіраўніцтва рабіць ня хоча.

Масква не зацікаўленая ў сацыяльна-эканамічным краху Беларусі, бо гэта разбурыць, дыскрэдытуе праект Эўразійскага эканамічнага саюзу, які так старанна стварае Расея.


Чаму Расея дае Беларусі крэдыт? Па-першае, сёньня гэта адзін зь нямногіх кручкоў, на якіх Расея можа трымаць Беларусь. Энэргетычны грант мінімізаваўся з-за падзеньня сусьветных цэнаў на нафту. Расейскі рынак сьціснуўся. Што засталося? Не дапусьціць, каб Беларусь саскочыла з крэдытнай іголкі.

Па-другое, Масква не зацікаўленая ў сацыяльна-эканамічным краху Беларусі, бо гэта разбурыць, дыскрэдытуе праект Эўразійскага эканамічнага саюзу, які так старанна стварае Расея.

Думаю, што крэдыт дапаможа разьлічыцца з даўгамі замежным і ўнутраным крэдыторам. Але ён таксама можа дазволіць беларускаму кіраўніцтву заняць больш жорсткую пазыцыю на перамовах з МВФ, якія адновяцца ў красавіку.

З аднаго боку, патрэба ў замежным фінансаваньні трохі зьменшылася. А зь іншага, Захаду прапануюць даць крэдыт па геапалітычных прычынах, маўляў, глядзіце, Расея хоча ўтрымаць Беларусь у сваім геапалітычным полі, таму дае грошы. А вы, калі хочаце таго ж, таксама плаціце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG