У многіх беларусаў, што называецца, адлягло ад сэрца, калі не пацьвердзілася інфармацыя, што гомельскія беларусы Аляксей і Іван Доўбашы маюць дачыненьне да тэрарыстычных выбухаў у міжнародным аэрапорце бэльгійскай сталіцы. Гэтую «качку», ці не з падачы спэцслужбаў, выпусьціў расейскі навінны партал «Лайфньюз».
«Унук у мяне зь лютага»
Высьветлілася: адзін з братоў, старэйшы Аляксей, у дзень выбухаў наагул быў у Гомелі.
Гамяльчук Леанід, які даводзіцца Аляксею дзедам па кудзелі, заявіў сёньня, што ўнук у яго гасьцюе ўжо колькі тыдняў:
«Здаецца, ад лютага, — кажа Леанід. — Я не скажу, зь якой даты, але ўжо даўно. Холадна яшчэ было, калі ён прыехаў».
Больш за тое, лічыць дзед, Аляксей у прынцыпе ня здатны на падобныя ўчынкі — сьмеласьці б не хапіла, бо па характары ён чалавек лагодны.
Цяпер у гомельскіх дзядулі й бабулі Аляксея адзін клопат — ажаніць унука, якому ўжо 27 гадоў. І каб будучая жонка ўзяла яго ў рукі й скіравала ў правільнае рэчышча: сям’ю каб стварылі, дзяцей нарадзілі, на працу каб хадзіў.
"Месца ў мяне хапае, няхай бы жаніўся, — разважае Леанід. — Раю яму: «Лёша, дарагі, жаніся. Мы з бабуляй жылі б у старой хаце, а ў новай, двухпавярховай, там тры пакоі былі б вольныя — хоць у футбол з жонкай гуляй. Праўнукаў дапамаглі б падняць на ногі, пакуль яшчэ самі крыху сілы маем. Толькі, кажу яму, да жаніцьбы трэба, каб уладкаваўся на працу — хоць на завод сантэхнарыхтовак, хоць на «Гомельдрэў». Дык ведаеце, што ён мне адказвае? «На два мільёны, дзед, не пайду працаваць!».
Вецер у галаве
Пераход унукаў у іслам дзед сьпісвае на легкадумнасьць:
«Вецер яшчэ ў галаве. Меншы ўнук, Ваня, асаблівай схільнасьцю да рэлігіі наагул не адзначаўся. Па-мойму, яму ўсё адно — праваслаўе, каталіцызм, іслам».
Леанід расказвае, што гасьціў з жонкаю ў дачкі ў Бэльгіі і раіў ёй вяртацца ў Беларусь: «Кажу, Люда, дачушка, забірай дзяцей і ўцякай адсюль».
Выглядае, гамельчуку новы зяць прыйшоўся не даспадобы:
«Прагульваліся па горадзе, наведалі царкву, памаліліся. Кажу — Люда, піўка варта было б узяць. Дык ён: „Найн, найн — шнапс!“ У бар заглянулі, прашу наліць сто пяцьдзясят, дык дзівяцца — у іх жа там толькі па пяцьдзясят. Але налілі».
Дзед дапытваецца, што такога ўнукі ў той Бэльгіі нарабілі, што да іх такая ўвага. І ніяк ня можа ўзяць у толк, чаму ўнукаў так падставілі ці то спэцслужбы, ці то расейскія журналісты.
Леанід памкнуўся паклікаць Аляксея на гутарку. Той яшчэ спаў, але гомельскі зяць, муж другой дачкі, мігам загнаў старога ў глыб двара, гучна заяўляючы: «Ён ужо ўсё сказаў па тэлевізары!»
Беларус з профілем ісламіста
Сапраўды, 23 сакавіка ў вечаровай праграме на тэлеканале «Беларусь 1» Аляксей, як і раней для Радыё Свабода, заявіў, што ён і ягоны брат Іван ня маюць «абсалютна ніякіх адносінаў» да тэрактаў у Брусэлі, пра што паведамлялі некаторыя расейскія СМІ:
«За дзень да гэтага, да гэтых тэрактаў я знаходзіўся ў Брусэлі... А ў дзень тэрактаў я знаходзіўся ў Гомелі».
На пытаньне вядоўцы — чаму сярод сямі мільярдаў жыхароў плянэты, калі ў Бэльгіі адбываецца тэракт, гучыць ваша прозьвішча? — Аляксей адказаў досыць ляканічна: «Можа, профіль падыходзіў».
Працаваць — не працаваць
У Бэльгіі, дарэчы, жыве нямала выхадцаў зь Беларусі, у тым ліку і ўцекачоў. Зразумела, ня многія зь іх, як браты Доўбашы, прымаюць іслам.
Былая ўцякачка, а цяпер грамадзянка Бэльгіі Тацяна Марчанка мяркуе, што гэта адбываецца таму, што нямала беларусаў-мігрантаў не імкнецца годна інтэгравацца ў новую краіну — вучыцца, пацьвярджаць сваю прафэсію паводле дыплёму. Некаторыя задавальняюцца той дапамогай бэльгійскага ўраду, якая, напрыклад, для ўцекачоў складала летась 827 эўра на месяц. Шыкаваць на такія грошы ня будзеш, але пражыць цалкам можна.
«Як я зразумела з паведамленьняў, браты Доўбашы вучыліся ў Бэльгіі. Тут сыстэма адукацыі ў школе дзеліцца як бы на дзьве галіны. Калі пасьпяховасьць добрая, то вучысься па праграме, якая дае магчымасьць паступаць далей у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Калі не выяўляеш асаблівых здольнасьцяў, атрымліваеш на выхадзе са школы рабочую спэцыяльнасьць. Я ўпэўнена, што ў братоў Доўбашаў яна ёсьць. Чаму яны ня сталі ўладкоўвацца там на працу, гэта, канечне, вялікае пытаньне».
Марчанка дадае, што ў бэльгійскіх гарадах багата мараканцаў, чачэнцаў, выхадцаў зь іншых мусульманскіх краінаў. У адрозьненьне ад карэнных бэльгійцаў, яны займаюцца больш жорсткімі відамі спорту — боксам, барацьбой, рознымі відамі адзінаборстваў.
«І калі Аляксей займаўся боксам, то гэта й было, хутчэй за ўсё, у асяродзьдзі мусульманаў. Таму ня дзіўна, што ён прыняў іслам», — лічыць былая жыхарка Гомеля.
Яна дадала, што нейкага адмоўнага стаўленьня да беларусаў пасьля галаслоўных абвінавачваньняў на адрас братоў Доўбашаў яна не адчула. Бальшыня бэльгійцаў наагул ня ведаюць, што ёсьць такая сувэрэнная краіна — Беларусь. Да таго ж паведамлялася, што пракурор Бэльгіі Фрэдэрык Ван Лёў пацьвердзіў датычнасьць да тэрактаў у Брусэлі ня Доўбашаў, а братоў Бакраўі. Паводле ягоных слоў, Халід падарваў сябе ў мэтрапалітэне, а Брахім учыніў выбух у міжнародным аэрапорце.
У гэтай сувязі ўзьнікае заканамернае пытаньне: каму й навошта было патрэбна зьвязваць выбухі ў бэльгійскай сталіцы з братамі Доўбашамі?
Гомельскі палітык, намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў кажа, што досыць складана адказаць на гэтае пытаньне.
Але выглядае гэта «як спроба беларускага кіраўніцтва спадабацца эўрачыноўнікам, паказаць, што яны заклапочаныя бясьпекай і ў Заходняй Эўропе. І нават рабіць усё магчымае, каб дапамагчы бэльгійцам у справе барацьбы з тэрарызмам».
Што да радыкалізацыі беларусаў за мяжой, то, па словах Палякова, гэта хутчэй агульны трэнд у сьвеце. Ня толькі беларусы, але і эўрапейцы кідаюцца ў розныя радыкальныя плыні, бо на гэта ёсьць попыт.